Экалагічны калейдаскоп

- 13:15Адукацыйная прастора, Дашкольная адукацыя

У нашай дашкольнай установе вялікая ўвага ўдзяляецца развіццю экалагічнай культуры выхаванцаў. Адна з форм работы ў гэтым напрамку — праектная дзейнасць, якая дазваляе павысіць пазнавальную актыўнасць і самастойнасць дзяцей.

Ва ўстанове рэалізуецца доўгатэрміновы пазнавальна-практычны праект “Экалагічны калейдаскоп”, накіраваны на фарміраванне ўяўленняў пра адметныя прыметы аб’ектаў і з’яў нежывой прыроды (“Лабараторыя нежывой прыроды”) і ўяўленняў пра сезонныя змяненні ў раслінным і жывёльным свеце (“Круг­лы год”), на пашырэнне ўяўленняў пра ўмовы, ад якіх залежыць здароўе чалавека (“Маё здароўе”), вывучэнне і выкарыстанне аб’ектаў жывой і нежывой прыроды ў гаспадарчай дзейнасці чалавека (“Вясёлы агарод”, “Мірны пластык”). 

Праект ажыццяўляецца паэтапна. На падрыхтоўчым этапе былі вызначаны мэты, задачы і метады даследавання, наладжана папярэдняя работа з педагогамі і выхаванцамі, выбраны абсталяванне і матэрыялы.  

Перспектыўны план работы ўключае прыёмы для падтрымання дзіцячай ініцыятывы. З дапамогай гульняў ствараюцца праблемныя сітуацыі, даступныя для разумення дашкольнікаў, з апорай на іх асабісты вопыт. Усе прапанаваныя варыянты вырашэння праблем разглядаюцца тактоўна: дзеці павінны мець права на памылку, не баяцца выказвацца. 

Найбольш эфектыўны спосаб распрацоўкі праектаў звязаны з выкарыстаннем мадэлі трох пытанняў, сутнасць якой заключаецца ў тым, што выхавальнік задае дзецям 3 пытанні: “Што мы ведаем?”, “Што мы хочам даведацца і як мы гэта будзем рабіць?” і “Што мы даведаліся?”. Задаючы першае пытанне, запісваю адказы ўсіх дзяцей на вялікім аркушы, пазначаючы імёны кожнага з іх.

Выхаванцы вызначаюць асноўныя крокі па дасягненні пастаўленай мэты, разважаюць, да каго яны звернуцца па дапамогу і параду, якія кнігі трэба прачытаць і якія прадметы і прылады спатрэбяцца для выканання праекта. Часцей за ўсё дзеці збіраюць інфармацыю з дапамогай кніг і пытанняў, якія яны задаюць бацькам, педагогу і вузкім спецыялістам.

Эфектыўны прыём — “Марафон гіпотэз”: у гульнявой сітуацыі дзецям прапануецца праблемнае пытанне, яны спрабуюць на яго адказаць, адказы фіксуюцца, выбіраюцца метады даследавання.

Вельмі часта для пастаноўкі праблемнай задачы выкарыстоўваю загадкі. Дзякуючы іншасказальнаму сэнсу, не заўсёды зразумеламу дзецям, у іх з’яўляецца шмат цікавых сцвярджэнняў.

Асноўны этап праекта — пошук адказаў на пастаўленыя пытанні. На гэтым этапе работа будуецца на аснове розных відаў дзейнасці — рэгламентаваных і нерэгламентаваных. 

Пры арганізацыі заняткаў актыўна звяртаюся да метаду мадэ­лявання, наглядных дапаможнікаў, вучэбна-нагляднага дапаможніка “Дзіўны свет прыро­ды” Л.К.Ла­дуцькі, пра­дметных карцінак і экалагічных казак. 

Аснову гульнявой дзейнасці складаюць дыдактычныя гульні, якія дазваляюць вырашыць шырокае кола задач, стварыць сітуацыю поспеху, рэалізаваць прынцып даступнасці і нагляднасці. Я распрацавала сюжэтна-ролевую гульню “Лабараторыя”. Дзеці выконваюць ролю навуковых супрацоўнікаў, якія з дапамогай навуковых ведаў дапамагаюць людзям вылечыцца ад невядомай хваробы, прымяніць неабходны матэрыял пры будаўніцтве, вызначыць склад урадлівай глебы і інш.

Найбольш эфектыўны спосаб распрацоўкі праектаў звязаны з выкарыстаннем мадэлі “трох пытанняў”, сутнасць якой заключаецца ў тым, што выхавальнік задае дзецям 3 пытанні: “Што мы ведаем?”, “Што мы хочам даведацца і як мы гэта будзем рабіць?” і “Што мы даведаліся?”.

У аснове праекта — пазнавальная практычная дзейнасць. Акрамя эксперыментаў і метаду мадэлявання, выкарыстоўваю назіранні. Арганізоўваю на прагулках заданні на экалагічнай сцяжынцы. Прынцып нагляднасці рэалізую з дапамогай тэхнічных сродкаў. Дэманструю прэзентацыі, экалагічныя казкі, мультфільмы. 

Не абыходжу ўвагай нетрадыцыйныя формы выяўленчай дзейнасці з прымяненнем розных матэрыялаў, праслухоўванне твораў класічнай музыкі, разглядванне карцін вядомых мастакоў, чытанне літаратурных твораў, гульні-драматызацыі, складанне экалагічных казак. 

Элементарная працоўная дзейнасць носіць экалагічна арыентаваны характар і прадугледжвае рэгулярны догляд раслін у кутку прыроды, работу на ўчастку, падкормку птушак. Змест працоўнай дзейнасці звязаны з тэмай падпраекта. Так, пры рэалізацыі падпраекта “Вада” звярталася ўвага на тое, што розныя расліны ма­юць розныя патрабаванні да вільготнасці глебы і спосабу паліву. А пры вывучэнні тэмы “Кругаварот вады” дзеці азнаёміліся са спосабамі доўгатэрміновага паліву, заснаванымі на выпарэнні вады. 

Да праектнай дзейнасці актыўна далучаюцца бацькі, для якіх арганізоўваюцца майстар-класы, кансультацыі, анлайн-прэзентацыі, фотавыставы, выставы малюнкаў, вырабаў з прыроднага і штучнага матэрыялу, акцыі, педагагічныя гасцёўні, справаздачы. Так, пры рэалізацыі падпраекта “Мірны пластык” бацькі ўдзель­нічалі ў майстар-класе па тэхніцы фурашыкі, у акцыі па зборы пластыкавых накрывак. Пры рэалізацыі падпраекта “Вясёлы агарод” мамы і таты правялі майстар-клас для дзяцей па вырабе ёмістасцей для расады з цэлафану. Акрамя таго, бацькі займаюцца даследчай дзейнасцю дома, складаюць прыкладныя маршруты індывідуальных экскурсій падчас сямейнага адпачынку ў выхадныя. 

Вынікі падводзяцца ў выглядзе творчай справаздачы: калажа, выступлення агітбрыгады, гербарыя, забавы, тэатральнай пастаноўкі, выставы малюнкаў. 

Дзякуючы даследчай дзейнасці, выхаванцы не толькі набываюць новыя веды, але і вучацца прымяняць іх на практыцы. У дзяцей фарміруецца ціка­васць да экалагічных праблем, жаданне іх вырашаць, эстэтычныя адносіны да прыроды.

Людміла ЛАПУШКА,
выхавальніца Купяціцкага ясляў-сада Пінскага раёна.