Экспанаты, якія можна нюхаць і слухаць. У музеі ашмянскай школы № 2 створаны «Мультысенсорны музей»

- 15:30Репортаж

Калі раней наведвальнікі музея маглі разглядаць экспанаты толькі за шклом і ўсюды бачылі засцерагальныя таблічкі з надпісам “Рукамі не чапаць!”, то цяпер усё часцей школьныя музеі мінімізу­юць дыстанцыю паміж экспанатам і юным наведвальнікам. У народным гісторыка-краязнаўчым музеі “Ашмяны, падзеі, людзі” сярэдняй школы № 2 пайшлі далей і стварылі спецыяльныя экспазіцыі, якія не толькі можна, але і трэба чапаць рукамі, нюхаць і слухаць. Вялікую цікавасць такія экспанаты выклі­каюць у дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця (АПФР). Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Экскурсіі для дзяцей з асаб­лівасцямі ў развіцці не рэд­касць, але, на жаль, для чалавека з інваліднасцю наведванне музея па-ранейшаму хутчэй разавая па­дзея, чым нешта звыклае. Мы задумаліся над тым, як зрабіць так, каб візіт у музей дзіцяці з асаблівымі патрэбамі суправаджаўся меншай колькасцю стрэсу. А таксама пра тое, што мы можам прапанаваць дзецям з рознымі сенсорнымі парушэннямі, — расказвае, як зараджалася экспазіцыя “Мультысенсорны музей”, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Алена Апанель. — Так, у школьным музеі з’явіліся выставачныя работы, заснаваныя на зрокавых, гукавых, тактыльных, нюхальных адчуваннях. У прыватнасці, на працягу апошніх гадоў вялікай папуляр­насцю карыстаюцца экспанаты выставы “З гісторыі жаночай сумачкі” — жаночыя рыдыкюлі, клатчы, сакваяжы, рукзакі, сумкі-кошыкі, авоські і нават чамаданы. У іх захоўваюцца жаночыя аксесуары: пудраніцы, упрыгажэнні, гадзіннікі, шыйныя хусткі, вееры, духі і г.д. — усяго больш за 200 экспанатаў. Таксама юныя краязнаўцы рэалізавалі праект “Музей гукаў”, паўдзельнічалі ў стварэнні калекцыі “Музейныя пахі”.

У музеі ёсць спецыяльна адведзенае месца, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі могуць зручна размясціцца на падушках і пуфіках, узяць у рукі экспанаты і павольна разглядаць іх, слухаючы займальныя гісторыі. Дзеці з АПФР заўсёды зазіраюць у музей з настаўнікам-дэфектолагам. Ад яго экскурсаводы даведваюцца пра абмежаванні дзяцей і, у залежнасці ад дыягназу, прапануюць знаёмства з той ці іншай экспазіцыяй.

— Нашы асаблівыя госці часта з цяжкасцю і без цікавасці ўспрымаюць звычайную музейную экскурсію з багаццем гістарычных дат, падзей, імён і прозвішчаў. Іх гэта хутка стамляе. Затое ім цікава, разглядаючы, скажам, старадаўнюю мухалоўку, даведацца, як раней насякомых заваблівалі ў пастку пры дапамозе кіслага малака. Ім падабаецца, нюхаючы флаконы з-пад прабабуліных духоў, слухаць гукі старога горада, цокат капытоў па бруку і ўяўляць, як ажываюць ашмянскія вуліцы, — удакладняе Алена Іванаўна.

Праўда, маленькім наведвальнікам з расстройствам аўтыстычнага спект­ра не прапаноўваюць экспанаты, якія выдаюць гучныя гукі, такія як бразгуны, званочкі, гадзіннікі з боем. Таксама ў іх прысутнасці не выкарыстоўваюць экспанаты з рэзкімі пахамі. Экскурсіі для такіх хлопчыкаў і дзяўчынак складаюцца індывідуальна. І часта ўжо ў працэсе можна зразумець, што ў дзіцяці выклікала найбольшую цікавасць — тактыльныя адчуванні ці пахі.

— Дзецям даспадобы нашы сенсорныя экспазіцыі, бо кожны экспанат дазваляе спазнаць цэлы спектр адчуванняў. За кожным музейным прадметам хаваецца свая гісторыя, якую дапамагаюць запомніць пахі, гукі, тактыльныя адчуванні, — расказвае кіраўнік музея Інеса Барысевіч. — Напрыклад, у гэтых сценах увасабляецца дзіцячая мара многіх дзяўчынак розных пакаленняў — даведацца, якія таямніцы захоўвае маміна сумка. Калі дома часцей за ўсё паглыб­ленне ў гэты багаты ўнутраны свет пад забаронай, то ў музеі юныя наведвальніцы маюць поўную сва­боду дзеянняў: сядзі і даставай усе штучкі з сумкі па чарзе, удосталь іх разглядай, прымярай. Некаторыя прадметы, як, скажам, запінкі, цяперашнім школьнікам не знаёмы. Даведваючыся, як гэты невялікі аксесуар гардэробу выкарыстоў­ваўся раней, яны ўяўляюць іншую гістарычную эпоху.

Для невідушчых і слабавідуш­чых дзяцей асаблівую цікавасць уяўляе экспазіцыя “Медыцынскі сакваяж”. На некалькі хвілін наведвальнік можа стаць доктарам: паслухаць дыханне пацыента праз старую драўляную трубку, пачуць праз фанендаскоп, як б’ецца сэрца чалавека, паглядзець, як раней ставілі банькі, адчуць пах гарчычнікаў.

Калекцыя музейных гукаў была створана школьнікамі-краязнаўцамі 5—8 класаў на дыктафоны ў мабільных тэлефонах. Сярод багацця гукаў — звон старадаўніх насценных гадзіннікаў, стук клавіш друкавальнай машынкі, царкоўны перазвон, гукі гарадской плошчы ў нядзельны дзень і г.д. Юныя наведвальнікі музея любяць адгадваць, што за гукі яны чуюць.

Калекцыя “Музейныя пахі” змяшчае дзясяткі флаконаў старых духоў, вырабы са скуры, экспанаты, якія звязаны з пчалярствам, зборы з розных траў, кветак, спецый і прыпраў.

Пабываць у школьным музеі зрокавых, гукавых, тактыльных, нюхальных адчуванняў не толькі пазнавальна, але і карысна з адукацыйнага пункту гледжання. А яшчэ для многіх дзяцей, упэўнены педагогі, гэта дадатковы рэлакс.

У 9 раздзелах музея 894 экспанаты асноўнага фонду (пераважна фатаграфіі, прадметы этнаграфіі, кнігі, дакументы і асабістыя рэчы жыхароў раёна) расказваюць пра шматвяковую гісторыю Ашмян, знаёмячы з грамадскім, духоўным, культурным, прамысловым, ваенна-патрыятычным бакамі жыцця горада і мясцовага насельніцтва.

Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота аўтара і з архіва школы