Эмоцыі — праз інтэлект: чаму імі трэба правільна кіраваць, расказвае псіхолаг Вольга Каралевіч

- 12:22Интервью, Психолог в школе

Эмацыянальны інтэлект (ЭІ) — адзін з пяці асноўных навыкаў, якія неабходны чалавеку для паспяховай рэалізацыі ў жыцці. Чаму эмацыянальны інтэлект ставяць побач з творчым патэнцыялам і навошта ён дзецям — пра гэта карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала педагог­-псіхолаг гарадскога цэнтра псіхолага-­педагагічнай дапамогі Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі Вольга Каралевіч.

— Вольга Мікалаеўна, што такое эмацыянальны інтэлект і чаму яму трэба ўдзяляць увагу? На што ўплывае наяўнасць або адсутнасць яго ў дзіцяці?

Эмацыянальны інтэлект пачаў вывучацца пасля таго, як вучоныя заўважылі, што інтэлектуальныя дасягненні, такія як высокія адзнакі, дыпломы з адзнакай, не з’яўляюцца гарантыяй паспяховасці ў жыцці. Што ж можа даць пачуццё паспяховасці? Калі казаць сваімі словамі, то эмацыянальны інтэлект — гэта ўменне разумець уласныя пачуцці і перажыванні, рэгуляваць іх, а таксама разумець, што адчувае іншы чалавек.

Эмацыянальны інтэлект развіваецца ў дзіцяці адразу пасля нараджэння. Мама, рэагуючы на эмацыянальныя праяўленні малыша, паводзіць сябе па-рознаму. Дзіця гэта бачыць і запамінае, што на адпаведную рэакцыю мама дае свой адказ. Менавіта так, праз пачуцці, эмацыянальны інтэлект і развіваецца. Ілан Маск падбірае сабе каманду менавіта праз тэсціраванне на эмацыянальны інтэлект. Чаму? Бо гэта адзіная кампетэнтнасць, якая дапамагае ствараць канкурэнтаздоль­насць у адносінах да штучнага інтэлекту. Таму лічыцца, што эмацыянальны інтэлект — гэта навык будучыні і яго трэба развіваць.

Сёння для развіцця адпаведнага скілу ёсць многа кніг як для маленькіх дзяцей, так і для падлеткаў. Гэта звязана з тым, што эмацыянальны інтэлект развіваецца ўсё жыццё. Гіпатэтычна: чым старэйшы чалавек, тым больш высокі ўзровень яго эмацыянальнага развіцця. Эмацыянальны інтэлект спрыяе змяншэнню колькасці дэпрэсіўных станаў, суіцыдальнага настрою. Акрамя гэтага, ЭІ можа разглядацца як сродак абароны ад кібербулінгу і звязаных з ім негатыўных перажыванняў. Нізкі ўзровень ЭІ спрыяе развіццю сіндрому эмацыянальнага выгарання, неўратычных расстройстваў.

— Ці трэба дапамагаць дзецям і падлеткам удасканальваць эмацыянальны інтэлект? Хто павінен гэта рабіць?

— Безумоўна, трэба. ЭІ развіваецца дзякуючы вядучаму даросламу і толькі ў тым выпадку, калі дзіця заўважаюць. Сённяшнія бацькі разумеюць, што з эмоцыямі дзіцяці трэба ўмець правільна абыходзіцца, пры­маць іх, бо гэта насамрэч вельмі важна. Чым больш бацькі факусіруюцца на тым, што адчувае дзіця ў пэўных сітуацыях і што яны самі адчуваюць, тым больш высокім будзе эмацыянальны інтэлект у іх малога. ЭІ можна развіваць праз звычайныя зносіны, прагляд фільмаў, чытанне кніг. Безумоўна, усё, што дзеці прачыталі і паглядзелі, неабходна абмяркоўваць.

У нашым цэнтры створана школа эмацыянальнага інтэлекту. Яна працуе па прынцыпе пераемнасці навучання. У ёй займаемся з дзеткамі з пяцігадовага ўзросту.

Што тычыцца школьных настаў­нікаў, то яны таксама павінны мець адпаведныя кампетэнцыі. Не валодаючы эмацыянальным інтэлектам, працаваць складана, прычым не толькі ў сферы настаўніцтва. Што тычыцца школы, то нагрузка ў ёй вельмі высокая, педагогі сутыкаюцца з рызыкай прафесійнага выгарання, а значыць, неабходна валодаць навыкамі эмацыянальнай рэгуляцыі. Настаўнік павінен умець своечасова спыніцца і спытаць у самога сябе, што з ім, дзе яго рэсурсы, як імі напоўніцца. Каб не агрэсіраваць на вучняў, важна экалагічна абыходзіцца з уласнымі пачуццямі.

— Як дадатковая творчасць уплывае на развіццё эмацыянальнага інтэлекту ў падлеткаў? Якія віды творчасці больш эфектыўныя?

— Любая творчасць, якая прыносіць дзецям радасць, якая ім падабаецца і матывуе іх, будзе развіваць эмацыянальны інтэлект. І наадварот: эмацыянальны інтэлект дапамагае творчай дзейнасці. Справа ў тым, што ЭІ базіруецца на такіх прынцыпах, як самаацэнка, матывацыя, усвядомленасць і адаптыўнасць. Калі ўсе гэтыя кампаненты прымаюцца пад увагу падчас заняткаў, яны развіваюць адпаведныя кампетэнцыі ў дзіцяці. Акрамя гэтага, калі дзіця займаецца любімай справай, у яго павышаецца самаацэнка, яно заўважае свае поспехі і вучыцца гнутка рэагаваць на любыя здарэнні.

— Уявім сітуацыю: дзіця ходзіць на заняткі па шахматах пад прымусам баць­коў, бо яны вырашылі, што гэта развівае логіку і мысленне. Ці прыгнятае гэта эмацыянальны інтэлект малога?

Так. Калі дзіця прымушаюць наведваць нелюбімыя гурткі і яно не разумее, каму гэта патрэбна, то яно грэбуе сваёй валявой сферай, хутка стамляецца, яго самаацэнка зніжаецца, а зносіны з трэнерам становяцца горшымі. Калі дзеці чымсьці займаюцца дзеля матывацыі бацькоў, дзеля іх самарэалізацыі праз асобу непаўналетніх, гэта выклікае раздражняльнасць.

Калі дзіця не мае поспехаў у школе, яму важна хаця б у чымсьці быць паспяховым. Таму першачарговая задача бацькоў — знайсці занятак, які будзе падабацца малому, на які ён будзе з задавальненнем ісці.

— Вольга Мікалаеўна, на вырашэнне якіх задач накіраваны ваш праект “Развіццё эмацыянальнага інтэлекту сродкамі псіхолага-педагагічнай падтрымкі пры рэалізацыі адукацыйнай праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”?

— Разумеючы, што сёння эмацыя­нальны інтэлект з’яўляецца важнай кампетэнцыяй, ключавым soft skill, мы зрабілі яго асноўным крытэрыем, які хацелі даследаваць. Эмацыянальны інтэлект трэба развіваць ва ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Таму праект накіраваны на тое, каб растлумачыць сістэму работы па гэтым кірунку. Спецыялісты нашага цэнтра працуюць з дзецьмі, падтрымліваюць іх і стараюцца прыцягнуць да сумеснай работы, калі гэта неабходна, бацькоў і педагогаў. Што тычыцца фармату, у якім адбываецца адпаведнае ўзаемадзеянне, то гэта могуць быць індывідуальныя або трэнінгавыя заняткі. Калі не закрыты патрэбы дзіцяці ў бяспецы, любові і павазе, то і астатнія не будуць рэалізоўвацца.

Ключавымі тэмамі, якія даследуюцца ў праекце, з’яўляюцца матывацыя непаўналетніх да навучання, пазнання і творчасці, а таксама цяжкасці, звязаныя з гэтым. У вядомай пірамідзе патрэб Маслоу ўзроўні задавальнення патрэб дзіцяці ў прыняцці, эмоцыях, павазе і любові размешчаны бліжэй да асновы. Гэта значыць, што для эфектыўнага пазнання і творчасці неабходна развіваць эмацыянальны складнік мыслення. Эмацыянальны інтэлект і эмацыянальная крэатыўнасць прадвызначаюць поспех у пазнанні і творчай самарэалізацыі.

Дзейнасць у межах праекта накіравана на розныя суб’екты псіхолага-педагагічнай падтрымкі (навучэнцаў, бацькоў, педагогаў). Гэтая работа структуравана ў два арганізацыйна-змястоўныя модулі: “Школа развіцця эмацыянальнага інтэлекту” і “Псіхолага-педагагічная падтрымка”. У першым арганізуецца пераемнае навучанне па праграмах, накіраваных на фарміраванне навыкаў псіхалагічнай самарэгуляцыі, а таксама работа ў аб’яднаннях па інтарэсах сацыяльна-педагагічнага профілю.

Другі модуль накіраваны на суправаджэнне (псіхалагічнае куратарства) работы аб’яднанняў па інтарэсах і прафесійнай дзейнасці педа­гогаў.

У нашым цэнтры кожная праграма аб’яднанняў па інтарэсах арыентавана на пэўны ўзрост і будуецца з улікам не толькі псіхалагічных асаблівасцей успрымання інфармацыі навучэнцамі, але і вядучых відаў іх дзейнасці, патрэб узросту. Так, заняткі для да­школьнікаў маюць гульнявы характар і складаюцца з рухавых гульняў, псіхагімнастычных эцюдаў, сюжэтна-ролевых экспромтаў. У занятках для дзяцей малодшага школьнага ўзросту выкарыстоўваюцца псіхагімнастычныя і інтэрактыўныя гульні, а таксама практыкаванні, гутаркі. Для падлеткаў павялічваецца аб’ём тэарэтычнага матэрыялу, з’яўляюцца тэставыя варыянты самадаследавання.

Ва ўсіх аб’яднаннях па інтарэсах, якія прапануе цэнтр, кіраўнікі актыўна выкарыстоўваюць арт-тэрапеўтычныя метады, прычым як для дыягнос­тыкі, так і ў развіццёва-карэкцыйных мэтах.

Сёння сістэма навучання, якая склалася, яшчэ не цэласная і патрабуе завяршэння. Менавіта таму ў межах праекта плануецца стварыць рэсурсны цэнтр, які будзе працаваць па вызначаным маршруце.

Наталля САХНО