Заўтра, 15 лютага, адбудзецца выніковае пасяджэнне калегіі Міністэрства адукацыі, прысвечанае падвядзенню вынікаў функцыянавання адукацыйнай галіны ў 2016 годзе і вызначэнню прыярытэтных напрамкаў развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі на 2017 год. У пасяджэнні прымуць удзел прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, урада нашай краіны, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, супрацоўнікі Міністэрства адукацыі, іншых міністэрстваў і ведамстваў, прадстаўнікі органаў кіравання адукацыяй усіх узроўняў і кіраўнікі навучальных устаноў. Пасяджэнне калегіі пройдзе пад старшынствам міністра адукацыі І.В.Карпенкі. Спецыяльны выпуск “Настаўніцкай газеты”, які мы сёння прапаноўваем нашым чытачам, прысвечаны гэтай падзеі.
Валерый Васільевіч Барашкоў — легендарны настаўнік, які ніколі не размяжоўваў навучанне і выхаванне. Менавіта па гэтай прычыне яго ўрокі такія цікавыя, жывыя і душэўныя. Ён вучыць не толькі законам фізікі, ён вучыць радавацца кожнаму імгненню ў жыцці. Валерый Васільевіч пакідае след у душы кожнага свайго вучня, і яны адказваюць яму ўзаемнасцю — надоўга застаюцца духоўна блізкімі людзьмі. Чаму? Скажуць самі вучні, навучэнцы 11-х класаў Магілёўскага абласнога ліцэя № 1.
Станіслаў Невяровіч: “Я лічу, што Валерый Васільевіч — супернастаўнік. Уся яго непаўторнасць — гэта яго прастата. Ён кожны раз знаходзіць індывідуальны падыход да кожнага, на ўроках пануе сяброўская атмасфера, і зусім няпростая фізіка здаецца крыху лягчэйшай. “Зычот” і “Кучаравы прамень” я буду памятаць яшчэ доўгія гады. “Дзякуй, Валерый Васільевіч, за наша шчаслівае дзяцінства!”
Ангеліна і Адэліна Крышнёвы: “Кожны ўрок фізікі з Валерыем Васільевічам — незвычайныя прыклады, пазнавальныя аповеды, жыццёвыя парады і новыя грані фізікі. Ліцэйскі ўрок фізікі пачынаецца з цёплага прывітання: “Добры дзень, прыгажуні і прыгажуны!” або “Ура, ура, ура!”. Валерый Васільевіч паказвае прыклады і рашае з намі цікавыя задачы. На ўроках мы ніколі не сумуем, бо няма часу і нагоды — мы пагружаны ў свет фізікі. І мы лічым, што Валерый Васільевіч сапраўды варты звання “Народны настаўнік Беларусі”.
Настасся Шамігава: “Валерый Васільевіч — настаўнік, пра якога марыць, напэўна, кожны. Яго ўрокі вясёлыя, павучальныя і карысныя для жыцця. А пасля яго ўрокаў — мы заўсёды з усмешкай на твары і пазітыўным настроем на ўвесь дзень!” Аляксандра Касякова: “Валерый Васільевіч — цудоўны чалавек! Той, хто можа дапамагчы і растлумачыць. На ўроках фізікі трэба не проста запісваць шэраг розных формул, галоўнае — разумець, адкуль яны бяруцца. Дык вось, мы разумеем гэта на практыцы, а замацоўваем на забаўных, жыццёвых гісторыях і аповедах нашага настаўніка”.
Вольга Троцкая: “Ён гаворыць, што галоўнае ў жыцці — заўсёды заставацца аптымістам. Захварэў? Папраўлюся! Людзі ходзяць з абыякавымі тварамі? А я ўсё роўна з усмешкай да вушэй! Гэта той настаўнік, ад якога не ведаеш чаго чакаць, які плануе ўрокі так, каб усім было цікава. Валерый Васільевіч — той чалавек, які працуе не пакладаючы рук, ніколі не паказваючы таго, што стаміўся. Нам сапраўды з ім пашанцавала. Ніякай сухой тэорыі. Усё наглядна, з цікавымі і часам шакіруючымі фактамі, з гісторыямі з уласнай жыццёвай скарбонкі. Я ніколі не думала, што такая навука, як фізіка, можа так мяне зацікавіць”.
Лізавета Шумякова: “Мы любім Валерыя Васільевіча! Яго фірменныя фразы, яго фокусы, яго смешныя гісторыі. Вось слухаеш яго і думаеш: “Якое цікавае жыццё ён жыве!” Але самае галоўнае, што калекцыя такіх гісторый невычэрпная. Не было такога ўрока, калі на нашай дошцы не было б малюнкаў. Так працаваць лягчэй і цікавей”.
Юлія Радзівонава: “Заўсёды фізіку ўспрымала як суцэльны набор лікаў, формул, паняццяў, якія трэба завучваць, каб хоць што-небудзь зразумець. Але маё ўяўленне кардынальна змянілася, калі я прыйшла ў ліцэй і трапіла да такога крэатыўнага настаўніка. Многа малюнкаў, доследаў і фокусаў чакала мяне. Цяпер я не баюся фізікі! Яна не кусаецца!”
Паліна Курносенка: “Усе мы ў канцы мінулага года даведаліся выдатную навіну: наш настаўнік па фізіцы Валерый Васільевіч Барашкоў атрымаў ганаровае званне “Народны настаўнік Рэспублікі Беларусь”. Гэта сапраўдны гонар для нашага ліцэя!
Я хачу крыху расказаць пра нашы ўрокі фізікі. Я ніколі не любіла гэты прадмет. Але, прыйшоўшы ў ліцэй і зайшоўшы ў кабінет № 205, адразу ж змяніла сваё меркаванне. Усмешка — гэта наш пропуск на ўрок фізікі, без яе можаш нават не прыходзіць. Валерый Васільевіч вельмі добры, пазітыўны і спагадлівы чалавек. Яго ўрокі праходзяць весела і хутка. Нават не заўважаеш: быццам нядаўна ты прыйшоў, а ўжо трэба сыходзіць.
Мы праводзім розныя доследы, рашаем задачы. Валерый Васільевіч прыводзіць нам вельмі смешныя прыклады з жыцця, якія дапамагаюць у вывучэнні фізікі. Ён паказвае розныя вынаходкі, якія зрабіў сам. Вы калі-небудзь бачылі кішэнную ручку-прынтар або прыбор, які вызначае працэнтнае ўтрыманне алкаголю ў закрытай бутэльцы? Не? Тады вам варта пабываць на ўроках фізікі ў Валерыя Васільевіча Барашкова.
Ён выпусціў велізарную колькасць вучняў, якія паступілі ў лепшыя ўніверсітэты нашай краіны, а таксама за яе межамі, падрыхтаваў сотні алімпіяднікаў, якія займалі прызавыя месцы не толькі на рэспубліканскіх алімпіядах, але і на міжнародных. Ён любіць сваю працу, сваю справу, а мы любім яго!”
Падрыхтавала Вольга ДУБОЎСКАЯ.