«Эстафета ідэй» з удзелам школ і гімназій праходзіць у Баранавічах

- 11:16Новости, Образование, Портфолио

Падчас «Эстафеты ідэй» кожная школа або гімназія Баранавіч павінна прэзентаваць унікальны вопыт па асваенні і перспектывах развіцця той ці іншай педагагічнай ідэі, расказала карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» начальнік упраўлення па адукацыі Баранавіцкага гарвыканкама Таццяна Шастак, якая з’яўляеццца ініцыятарам гэтага праекта.

— Ён разлічаны на ўвесь навучальны год, — адзначыла суразмоўніца. — Вынікам стане зборнік, у які ўвойдуць артыкулы аб педагагічным вопыце ўсіх устаноў адукацыі. Яго прадставяць на традыцыйнай жнівеньскай нарадзе.

Старт праекту дала сярэдняя школа № 1 імя С.І. Грыцаўца. Пад кіраўніцтвам дырэктара Марыны Купцовай калектыў прадставіў ідэю «Саманавучальная арганізацыя як умова развіцця інавацыйных працэсаў ва ўстанове адукацыі». Місію школы адлюстроўвае дзіцячы тэхнапарк роўных магчымасцей, дзе створана восем лабараторый: робататэхнікі, 3D-мадэлявання і прататыпавання, мехатронікі і радыёэлектронікі, віртуальнай і дапоўненай рэальнасці, інжынернай экалогіі і альтэрнатыўнай энергетыкі, тэхналогіі беспілотных лятальных апаратаў, практычнага праектавання, цэнтр ранняй прафесійнай падрыхтоўкі.

Гімназія № 5 прэзентавала кіраўніцкую ідэю «За інжынерамі — будучыня», раскрыўшы ўнікальную дарожную карту падрыхтоўкі вучняў да ўсвядомленага выбару інжынернай прафесіі. Каманда адміністрацыі пад кіраўніцтвам дырэктара Аляксея Бычкоўскага прадэманстравала сістэмны і паслядоўны падыход да этапаў фарміравання інжынернага мыслення, раскрыла сакрэты яго бесперапыннага фарміравання на ўсіх ступенях навучання. Ва ўстанове створаны «Лабараторыя інжынерных кампетэнцый» па развіцці навыкаў LEGO-канструявання, праграмавання, 3D-друку ў вучняў першай ступені навучання і агульнагімназічны інфармацыйны цэнтр «Гімназія, якая чытае». Выклікае цікавасць і мясцовая цяпліца, дзе былі прадэманстраваны вынікі даследчага праекта па вырошчванні брусніц вертыкальным спосабам.

Дырэктар сярэдняй школы № 9 Юлія Тарасава з камандай педагогаў прэзентавала сістэму работы па тэме «Школьны тымбілдынг як аснова эфектыўнага кіравання». За тры гады педагогі паспяхова апрабавалі больш за 10 форм эфектыўнага метадычнага ўзаемадзеяння, у тым ліку бранч, эдутон, метадычны квест, воркшоп, адукацыйнае падарожжа.

Да мая 2024 г. свой педагагічны вопыт калегам прадэманструюць абсалютна ўсе ўстановы адукацыі горада. Па выніках галасавання пяці ўстановам агульнай сярэдняй адукацыі, якія прадставяць самыя арыгінальныя педагагічныя ідэі, Баранавіцкая гарадская арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі ўручыць грашовыя сертыфікаты.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА