Этнакультурная кампетэнцыя вучняў

- 12:51Портфолио

Правільны падбор тэксту — адна з найважнейшых умоў паспяховай арганізацыі ўрока беларускай мовы для фарміравання моўных і камунікатыўных навыкаў вучняў, іх актыўнай пазнавальнай дзейнасці.

Адным з асноўных лінгвадыдактычных прынцыпаў навучання беларускай мове з’яўляецца прынцып апоры на этнакультуру, таму пры адборы дыдактычнага матэрыялу арыентуюся на тэксты з этнакультуразнаўчай тэматыкай (гісторыя Ляхавіччыны, характар, звычаі, традыцыі, асаблівасці матэрыяльнай і духоўнай культуры продкаў). 

У пачатку навучальнага года праводжу сярод дзяцей анкетаванне на веданне мясцовага фальклору, што дазваляе вызначыць узровень іх этнакультурнай кампетэнцыі. Аналіз анкет паказвае, што вучні слаба ведаюць мясцовы фальклор. Таму звяртаюся да фальклорных тэкстаў пры вывучэнні розных тэм на розных этапах урокаў. Так, пры вывучэнні агульнаўжывальных слоў і слоў абмежаванага ўжытку ў 5 класе выкарыстоўваю тэкст “Пацешка”, запісаны ў вёсцы Тумашы: “Стуку-стуку па мастуку: // Прыехалі госці з вялікае влосці. // Няма чым частаваць? // Ідзі, бабка, рэпку рваць. // Дзедка за рэпку, // Бабка за дзедку, унукі за бабку — // Вяцягнулі рэпку”.

Вызначаем з вучнямі, што такое пацешкі, іх значэнне, месца ўжывання. Знаходзім у тэксце дыялектныя словы “влосць” і “мастук”. Спачатку дзеці тлумачаць іх самі, а затым правяраюць значэнне па слоўніку дыялектызмаў.

У 6—7 класах адны з самых складаных раздзелаў — словаўтварэнне і арфаграфія. Пры вывучэнні адзінак марфемікі і словаўтварэння знаёмлю школьнікаў са спецыфічнымі беларускімі словаўтваральнымі сродкамі. Тэксты этнакультуралагічнага характару выкарыстоўваю пры азнаямленні з новым матэрыялам, замацаванні, паўтарэнні, падагульненні і сістэматызацыі вывучанага. Вучні выяўляюць адзінкі марфемікі і словаўтварэння ў словах з тэксту, кваліфікуюць іх паводле асноўных прымет, параўноўваюць і супастаўляюць моўныя з’явы, робяць абагульненні і вывады, канструююць словы прапанаваных мадэлей і выкарыстоўваюць іх ва ўласным маўленні. Так, пры замацаванні ведаў пра паняцці марфемікі прапаную прачытаць тэкст, даць яму загаловак, выпісаць з яго аднакаранёвыя словы і вызначыць назоўнікі, утвораныя суфіксальным спосабам: “Лю-лі, лю-лі, лю-лі, // Дзеткі ўсе паснулі, а мая дачушка // Не спіць, не гуляе, // Не спіць, не гуляе — // З катком размаўляе: // Ідзі, каток, у лясок — // Дам табе я паясок. // Пайшоў каток у лясок, // Памарозіў лапкі. // Памарозіў лапкі, // Скочыў на палаткі, // Палаткі ўпалі — // Коціка падралі. // Пабег коцік скачучы. // За ім бабка плачучы: // Пастой, коцік, не бяжы, // Яшчэ з годзік паслужы, // Купім табе боты слуцкае работы”.

Пры вывучэнні сінтаксісу звяртаюся да фальклорных тэкстаў, распрацоўваючы заданні на паўтарэнне матэрыялу, вывучанага ў папярэдніх класах ці на мінулых уроках (на адно правіла ці на некалькі).

Выкарыстоўваю розныя віды дыктовак. Так, тлумачальная дыктоўка дазваляе выявіць, наколькі трывала вучні засвоілі тэарэтычны матэрыял і як у іх сфарміраваны неабходныя ўменні. Дзеці запісваюць тэкст пад дыктоўку без папярэдняга разбору арфаграм ці пунктаграм, аналізуюць напісанае, выпраўляюць памылкі і тлумачаць іх. Замацаванне ведаў абавязкова ўключае работу з тэкстам, што дазваляе фарміраваць моўныя і маўленчыя ўменні, выпрацоўваць уменне карыстацца правілам, алгарытмам разважання. На першым этапе (вербальнае замацаванне) вучні адказваюць на пытанні для асэнсавання і засваення ведаў, а таксама вызначаюць патрыятычную накіраванасць тэксту. Трэніровачнае замацаванне накіравана на выкананне аналітычных практыкаванняў і іх вуснае каменціраванне, выкананне аналітыка-сінтэтычных практыкаванняў, работу са слоўнікам. Творчае замацаванне — гэта выкананне творчых заданняў: перабудаваць сказы, дапоўніць тэкст пэўнымі сінтаксічнымі канструкцыямі… 

У 8 класе пры вывучэнні тэмы “Сказы з адасобленымі акалічнасцямі, інтанаванне ў маўленчай плыні, знакі прыпынку” прымяняю тэкст падання “Вужаў камень”: “А вы чулі, што каля Патапавіч Вужаў камень аб’явіўся? Міхалка Вераб’ёў гаварыў, што ішоў ён раз улетку ў ціхую пагодлівую ноч, аж бачыць: агнём шыбаючы, вуж з поўначы на поўдзень ляціць, несучы з сабой многа золата і срэбра грэшніку, які чорту душу запісаў. Раптам адчынілася неба, светласць  вялікая разлілася. Міхаська, молячыся, паваліўся на зямлю, а вуж, выцяты нябеснымі косамі, паваліўся на ўзгорак і ператварыўся ў камень. Скарбы ж, што нёс з сабой, там жа на месцы самі ў зямлю закапаліся.  І вось па начах там і з’яўляюцца розныя прывіды. Адны бачылі карлюкоў, чорных і тоўстых, як бочка. Іншым з’яўляліся чорныя казлы, якія скакалі з зямлі на камень, а з каменя на зямлю. Міхаська яшчэ казаў, што калі хто асмеліцца ля Вужава камня начаваць, то гэтыя скарбы і дастане”. 

Заданні: вызначыць стыль і тып тэксту; знайсці і выпісаць сказы з адасобленымі азначэннямі; замяніць дзеепрыслоўныя звароты на выказнікі, расказаць, які з варыянтаў тэксту падабаецца больш і чаму.

Урокі падагульнення і сістэматызацыі ведаў арганізоўваю так, каб яны выхоўвалі і развівалі моўную асобу, чаго можна дасягнуць, аб’яднаўшы работу па ўдасканаленні арфаграфічных і пунктуацыйных уменняў і навыкаў з моўным і маўленчым развіццём вучняў. Комплексны падыход вырашае вучэбныя, развіццёвыя і выхаваўчыя задачы ўрока, а школьнікам дазваляе рэалізаваць творчыя здольнасці.  

Важную ролю адводжу кантролю ведаў. Так, у 10 класе праводжу тэсціраванне па тэксце “Дуб”: 1) У беларусаў, як і ў іншых славянскіх народаў, адным з увасабленняў міфапаэтычнай мадэлі Свету з’яўляецца сімвал вечнага жыцця — дуб; 2) Дубовыя гаі або месцы, на якіх раслі паасобныя вячыстыя дрэвы, лічыліся свяшчэннымі; 3) Нашы продкі адзначалі каля 1іх 2найбольш важныя 3гадавыя святы, пры гэтым 4абавязкова прыносілі ім свае 5ахвяраванні; 4) Пад шатром агромністых галін нязгасна гарэў свяшчэнны агонь — сімвал бесперапыннасці людскога радаводу; 5) Пра тое, што менавіта дуб як 1адзінае 2цэлае быў 3свяшчэнным дрэвам ва ўяўленнях нашых продкаў, 4сведчыць факт: паасобку яго часткі не выкарыстоўваліся ў 5якасці атрыбутаў у народных абрадах і рытуалах; 6) Да дуба звярталіся і па дапамогу; 7) Лічылася, што ён 1падсілкоўвае 2чалавека 3энергіяй, 4дае 5моц і здароўе; 8) Напрыклад, калі балела спіна, трэба было пацерціся аб яго ствол пасля таго, як прагрыміць першы гром; 9) У пасляваенныя часы ў вёсцы Пранчакі да свяшчэнных дубоў прыходзілі на Радаўніцу, ахвяруючы дрэву пэўныя памінальныя стравы, а на яго галінках развешвалі белыя саматканыя ручнікі; 10) У казцы “Вырвідуб” вёскі Тумашы адзначаецца, што пад дубам знаходзіўся ўваход у “трыдзявятае царства” — царства смерці: “Падышоў асілак Вырвідуб да дуба, абхапіў яго рукой і вырваў з коранем! Ажно бачыць: нара ў гару ідзе пад тым дубам”; 11) Такім чынам, прыродны волат уяўляе сабой вельмі складаны і багаты па змесце сімвал.

1.Адзначце нумар сказа, які адпавядае схеме: [ ], [ ].

2.Вызначце сродак сувязі паміж 7 і 8 сказамі тэксту. Сродак сувязі запішыце ў той форме, у якой ён пададзены ў сказе.

3.З пранумараваных у 5 сказе слоў адзначце тыя, у якіх колькасць гукаў і літар не супадае.

4.Вызначце стыль тэксту. Адказ запішыце ў форме назоўнага склону.

5.Знайдзіце ў 8 сказе вытворную службовую часціну мовы. Запішыце так, як пададзена ў сказе.

6.З пранумараваных у 5 сказе слоў выпішыце тыя, у якіх ёсць няпарны мяккі гук.

7.Адзначце фанетычныя і арфаэпічныя характарыстыкі, уласцівыя падкрэсленаму ў 4 сказе слову: у слове 1 свісцячы гук; у слове ёсць санорныя гукі; у слове 2 мяккія зычныя гукі; колькасць гукаў і літар у слове не супадае; у слове 3 глухія зычныя гукі.

8.З пранумараваных у 7 сказе слоў выберыце тыя, якія ўжыты ў пераносным значэнні. Запішыце нумары гэтых слоў.

9.Ад падкрэсленага ў 3 сказе дзеяслова ўтварыце дзеепрыслоўе і запішыце яго.

10.Вызначце спосаб утварэння запісанага тлустым курсівам у 4 сказе слова. Адказ запішыце ў форме назоўнага склону.

 

***

Не абыходжу ўвагай пераказы: вучэбныя, кантрольныя, падрабязныя, сціслыя, выбарачныя, з дадатковым заданнем… Працуючы з тэкстам на ўроках, дзе вывучаюцца яго стылі і структура, прымяняю лінгвакультуралагічны падыход: у тэкстах апісваецца нацыянальная спецыфіка на аснове фальклору свайго раёна (традыцыі, звычаі, нацыянальныя святы, абрады, стравы). Такія тэксты, як правіла, маюць павучальны змест. Так, у тэксце “Гайнінскі каравай” апісваецца роля вясельнага каравая ў вёсцы Гайнін. Гэты тэкст выкарыстоўваю для пераказу з дадатковым заданнем у 8 класе:

“Вясельны каравай — гэта вялікі прыгожы пірог, які сімвалізуе багацце, дабрабыт будачай сям’і, атаясамліваецца з маладымі, іх доляй і шчасцем. У народзе лічыцца, што кожны чалавек у сваім жыцці павінен мець каравай толькі аднойчы, таму, калі выходзяць замуж ці жэняцца не ў першы раз, каравай больш не пякуць.

У Гайніне каравай на вяселле пякла каравайніца, якая жыла ў гэтай вёсцы. Гэта абавязкова павінна была быць замужняя жанчына, у якой ёсць дзеці. Яна магла браць сабе яшчэ памочніц. Калі каравайніца рашчыняла цеста ў дзяжы, то яна некалькі разоў перахрышчвала яго. Замешаны каравай абыходзілі тры разы з запаленай грамнічнай свечкай. Каравай мясілі толькі далонямі, а не кулакамі, каб малады ніколі не падымаў руку на маладую, рабілі яго густым, салодкім і, асноўнае, вельмі вялікім, каб хапіла ўсім удзельнікам вяселля. Гатовае цеста брала за адзін прыём з дзяжы старшая каравайніца і раздзяляла на тры пляцёнкі. 3 рэшткаў цеста дзяўчаты рабілі розныя шышкі: гускі, абаранкі, птушкі — упрыгожвалі імі каравай. Пасля каравайніца паведамляла: “Печ рагоча, караваю хоча”. У печ каравай саджаў хлопец. Спецыяльнай лапатай тройчы стукалі ў столь, дакраналіся да галоў незамужніх дзяўчат і выкідвалі яе з хаты. Зверху каравай упрыгожвалі цукеркамі-гарошкам, галінкамі мірты, а потым, паклаўшы на века дзяжы, выносілі ў кладоўку.

Каравайны рытуал — гэта пэўны парог, пераступіўшы праз які шляху назад ужо не было. Калі да каравайнага рытуалу вяселле можа па якіх-небудзь выключных прычынах і не адбыцца, то прыгатаванне вясельнага каравая азначала неадкладнае вяселле”

Заданні: вызначце асноўную думку тэксту; прапануйце яго загаловак; выпішыце два словы, у якіх колькасць гукаў і літар не супадае; выпішыце якасны прыметнік, утварыце ад яго простую форму вышэйшай ступені параўнання, запішыце; выпішыце словазлучэнне з відам сувязі прымыканне, укажыце галоўнае і залежнае слова; выпішыце просты ўскладнены сказ, укажыце, чым ён ускладнены.

Наталля СІДОР,  
настаўніца беларускай мовы
і літаратуры сярэдняй школы № 1 Ляхавіч.