Фабінг: норма зносін сярод падлеткаў або шкодная звычка, з якой трэба змагацца?

- 13:31Новости, Психолог в школе

Інфармацыйная рэвалюцыя з кожным годам патрабуе ад нас усё больш намаганняў для зносін. Ці застанецца ў жыцці людзей месца для размовы, калі можна атрымаць асалоду ад кампаніі суразмоўніка, назіраць за яго жэстамі, мімікай, рэакцыямі, настроем?

Нават не кожны другі, а кожны першы прызнае, што ў ся­рэдзіне размовы адцягваецца на свой смартфон, правяраючы, ці не прыйшло чарговае паведамленне, аўтаматычна гартаючы стужку ў Facebook, правяраючы пошту і робячы яшчэ шэраг аўтаматычных дзеянняў.

Такія паводзіны для многіх сталі нормай не толькі ў рабочы час, калі такія дзеянні можна апраўдаць тэрміновасцю справы, але і падчас прыёму ежы, прагулкі з сябрамі, на вечарыне ці рамантычным спатканні. У эпоху айфонаў зносіны з сябрамі, сваякамі ці знаёмымі сталі прасцейшыя. Здаецца, што гаджэты дазволілі быць бліжэй адно да аднаго, але не, іронія заключаецца ў тым, што тэхналогіі, першапачаткова створаныя як новы інструмент камунікацыі, у большай ступені перашкаджаюць зносінам паміж людзьмі, а не садзейнічаюць ім.

Тэхналагічны прагрэс дорыць нам не толькі магчымасці больш камфортнага існавання ў свеце, але і залежнасць ад іх, з якой складана не толькі справіцца, але і прызнаць яе наяўнасць.

У псіхалагічным дыскурсе не так даўно з’явіўся новы тэрмін, які абазначае сацыяльную з’яву, што з’явілася як вынік тэхналагічнай рэвалюцыі.

Тэрмін “фабінг” (англ. phubbing) пайшоў ад зліцця англійскіх слоў phone (тэлефон) і snubbing (грэблівае стаўленне) і абазначае выкарыстанне смартфона падчас жывых зносін з калегамі, сябрамі або блізкімі людзьмі.

Фаберам можна стаць па некалькіх прычынах: з-за страху прапусціць нешта важнае, наяўнасці інтэрнэт-залежнасці і адсутнасці самакант­ролю.

Больш за тое, вучоныя вызначылі, што фабінг выклікае ланцуговую рэакцыю. Калі чалавек бачыць, што суразмоўнікі яго дэманстратыўна ігнаруюць, то ён і сам пачынае шукаць падтрымку ў сацсетках. У выніку ўласныя паводзіны і назіранне за навакольнымі пераконваюць фабераў у тым, што такія паводзіны — норма.

Пры гэтым большая частка маладога пакалення амаль не прызнае мінусаў фабінгу. Большасць моладзі ніколі не раўнавала свайго партнёра да яго гаджэта і не мае ніякіх прэтэнзій да залежнасці ад фабінгу.

Часцей за ўсё ў тэлефоне бавіць час моладзь. Маладыя людзі не толькі слухаюць музыку, але і проста гартаюць інтэрнэт-старонкі. Зносіны праз сац­сеткі з’яўляюцца нармальнымі для іх, тут яны могуць свабодна выказваць свае думкі, нікога не баяцца. А вось зносіны твар у твар выклікаюць у іх цяжкасці, бо даводзіцца глядзець у вочы суразмоўніку. І часам у вочы складана гаварыць праўду.

Заўважана, што ў фабінгу існуе гендарнае раздзяленне. Прадстаўніцы прыгожага полу залежаць ад гаджэтаў у большай ступені, чым моцная палова чалавецтва. Калі мужчын цікавіць тэхнічная накіраванасць, то для жанчын больш важны сацыяльны складнік узаемадзеяння.

Залежнасць ад мабільнага тэлефона можа прыводзіць да страты ціка­васці адно да аднаго, рассейвання ўвагі, зніжэння ўзроўню даверу, гіпадынаміі і страты навыкаў жывых зносін. Стала нормай, калі замест таго, каб растлумачыць свой пункт гледжання або расказаць нейкую навіну, чалавек адпраўляе спасылку ці адказвае коратка: “Загуглі!”

Гэтыя матэрыялы могуць быць выкарыстаны ў практычнай рабоце класнага кіраўніка і педагогаў часовых калектываў для паспяховай сацыялізацыі падлеткаў у групе аднагодкаў, фарміравання перадумоў паспяховай сацыяльна-псіхалагічнай адаптацыі школьнікаў, павышэння значнасці рэальнага суразмоўніка, пераключэння на рэальнае і актыўнае жыццё сярод аднагодкаў.

Чэк-ліст звычак фабера (тэст на залежнасць ад тэлефона)

  • Падчас прыёму ежы я гляджу гісторыі сяброў, зорак і малазнаёмых людзей у Instagram (гартаю стужку ва “УКантакце”, чытаю Twitter і г.д.).
  • Большую частку часу мой смартфон знаходзіцца ў маіх руках, нават падчас хадзьбы.
  • Я імгненна рэагую на гукавыя апавяшчэнні, што прыходзяць на тэлефон, адцягваючыся ад справы, якой займаюся ў гэты момант, ці ад размовы з суразмоўнікам.
  • Падчас адпачынку (на прыродзе, пры сумесных гульнях з сябрамі, на мерапрыемствах) я праводжу шмат часу ў гаджэце, імкнучыся зрабіць больш фота і відэа і як мага хутчэй падзяліцца імі ў сацсетцы.
  • Я баюся прапусціць што-небудзь важнае ў стужцы навін і быць не ў тэме.
  • Часам я працягваю гартаць стужку, нават калі ўжо бачыў усё апублікаванае некалькі разоў.
  • Я адчуваю паніку, калі забываю тэлефон дома ці не магу знайсці яго ў сумцы адразу.

Гаджэтазалежнасць у дзяцей і падлеткаў

1. Не магу дзень правесці без камп’ютара, смартфона, іншых тэхнічных сродкаў.

2. Не магу абмяжоўваць час заняткаў, заўсёды сяджу са смартфонам больш, чым планую.

3. Хлушу бацькам, колькі часу праводжу са сваімі гаджэтамі.

4. Адкладваю важныя справы, урокі, каб заняцца чым-небудзь на гаджэце.

5. Патрабую ад бацькоў куплі (устаноўкі) новых версій гульняў, іншых сучасных устройстваў.

6. Часам пасля праведзенага часу за тэхнічнымі ўстройствамі ў мяне баліць галава, рэжуць і слязяцца вочы, псуецца сон (адказваць сцвярджальна, калі ёсць хаця б адна прымета).

7. Аддаю перавагу гульні на камп’ютары ці смартфоне замест сустрэчы з сябрамі, прагулкі.

Як змагацца з фабінгам

1. Спачатку варта задаць сабе пытанне: “Ці прыемна будзе мне самому, калі мой сябар ці знаёмы замест зносін са мной будзе “заліпаць” у тэлефоне?”

2. Карысна будзе ўспом­ніць, за што мы паважаем адно аднаго. Можна сесці насуп­раць і пералічыць некалькі якасцей, якія робяць нашага суразмоўніка важным для нас. Не скупіцеся на кампліменты!

3. Вучыцеся абмяркоўваць і дамаўляцца. Важна выказваць незадаволенасць партнёру непасрэдна, а не скардзіцца віртуальным сябрам. Тады адносіны будуць развівацца.

4. Разгрузіце экран блакіроўкі смартфона ад push-паведамленняў.

5. Максімальна адцягвайцеся ад гаджэта. Напрыклад, вазьміце за правіла правяраць сацсеткі толькі раніцай і вечарам.

6. У кампаніі сяброў змагацца з фабінгам можна арыгінальным спосабам — выкласці ўсе смартфоны ў цэнтр стала, і той, хто першым не вытрымае або неўсвядомлена разблакіруе гаджэт, павінен будзе ўсіх пачаставаць або рассмяшыць.

7. Адключайце тэлефон перад любой важнай сустрэчай. Калі вы чакаеце важны званок — папярэдзьце аб гэтым удзельнікаў сустрэчы, уключыўшы вібрарэжым. Калі званок прыняць неабходна — папрасіце прабачэння перад удзельнікамі і выйдзіце з памяшкання, дзе праходзіць сустрэча.

8. Падчас прыёму ежы не кладзіце тэлефон на стол ці (што яшчэ горш) на крэсла каля сябе.

9. У тэатры, на канцэрце, у кіно тэлефон павінен быць на бязгучным рэжыме.

10. Вучыцеся тайм-менеджменту. Разлічыце час так, каб да важных званкоў і паведамленняў вы маглі вярнуцца пасля жывых зносін з чалавекам.

11. Выдаліце адну з сацсетак, у якой вы праводзіце больш за гадзіну ў дзень. Разнастайнасць кантэнту ў сацыяльных сетках — адна з прычын фабінгу. Акрамя таго, бяздумнае пасіўнае спа­жыванне кантэнту перашка­джае вырашаць складаныя задачы. У якасці альтэрнатывы пачніце карыстацца простымі месенджарамі.

12. Сачыце за сваёй актыўнасцю. Штодзень глядзіце ў настройках тэлефона, колькі часу вы ім карыстаецеся, і старайцеся скарачаць гэты час.

Вольга АЎДЗЯЁНАК,
педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 44 імя М.А.Лебедзева Гомеля
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту
Здымкі выкарыстоўваюцца ў якасці ілюстрацыі