FACT: некарысных уменняў не бывае

- 10:59Актуально, Апошнія запісы

Фотавыстава “Яе справа”, якая сустракала гасцей канферэнцыі “Новыя навыкі для новых спраў”, прысвечана нетыповым для жанчын прафесіям. Праз 12 асабістых гісторый на 36 здымках фатограф Яўген Атцецкі сцвярджае: галоўнае не тое, як успрымаюць тваю прафесію, галоўнае, што ты ў ёй шчаслівы. Але гэта толькі адна ідэя ў межах праекта “Занятасць, прафесійная адукацыя і навучанне ў Беларусі” — вядучай ініцыятывы ў буйных сектарах эканомікі, якая фінансуецца Еўрапейскім саюзам.

У аснову асноў праект ставіць стварэнне трывалых сувязей паміж прапановамі сістэмы прафесійнай адукацыі і патрэбамі рынку працы, паляпшэнне перспектыў працаўладкавання і павышэнне якасці сістэмы прафесійнай адукацыі ў краіне.

Другая значная частка буйной ініцыятывы — Міжнародная канферэнцыя “Новыя навыкі для новых спраў”. Мерапрыемства акрэсліла магчымасці і выклікі, якія лічбавая эканоміка ставіць перад грамадствам і светам. У гэтым беларускім калегам-экспертам дапамагалі спецыялісты са Швецыі, Нідэрландаў, Эстоніі, Літвы і Францыі.

Удзельнікі канферэнцыі пазнаёміліся з практыкай розных краін па стварэнні належных умоў для атрымання кваліфікацый на працягу жыцця. Так, выступоўцы апісвалі механізмы прагназавання кампетэнцый будучыні, складалі вобраз прафесіянала новага часу, ацэньвалі перспектывы  і рызыкі навучання на працоўных месцах, узнімалі пытанні лічбавых кампетэнцый і гібрыднага навучання.

— У наша жыццё імкліва прыходзяць робаты. Для кіравання імі нам неабходна ўдасканальваць навыкі, не забываючы пра развіццё агульначалавечых кампетэнцый. Трэба быць медыядасведчанымі на ўсіх узроўнях, — адзначыў пасол Еўрапейскага саюза ў Беларусі Дзірк Шубель.

Працягам дыскусій і дакладаў стала адкрыццё на базе Каледжа сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі вучэбнага цэнтра Festo (FACT) па тэхналогіях канцэпцыі “Індустрыя 4.0” і мехатроніцы. Па словах стваральнікаў, падобны тэхналагічны аб’ект — першы на постсавецкай прасторы.

Падраздзяленне, якое прай­шло сертыфікацыю па міжнародных стандартах, будзе праводзіць не толькі навучанне моладзі, але і перападрыхтоўку па тэхналогіях лічбавай вытворчасці. Тут змогуць займацца як навучэнцы каледжа, так і прадстаўнікі іншых прафесійных і вышэйшых устаноў адукацыі. Гэта дазволіць выкарыстоўваць тэхніку бесперапынна. Дзякуючы сучаснаму абсталяванню, маладыя людзі змогуць адтачыць навыкі работы з прамысловымі станкамі і найноўшымі робатамі, дэталёва ўнікнуць у воблачныя тэхналогіі, асвоіць дапоўненую і віртуальную рэальнасць.

— Мы часта гаворым, што неабходна рыхтаваць спецыялістаў з улікам інтарэсаў вытворчасці, неадрыўна ад яе. Так і будзе ў цэнтры, — адзначыў міністр адукацыі Ігар Карпенка.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.