Як цікава і эфектыўна выкарыстоўваць народную казачную традыцыю ў школьнай і пазашкольнай рабоце? Праз педагагічную прызму карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” паглядзеў на некаторыя дзеі, што адбываліся на IV Міжнародным форуме даследчыкаў беларускай казкі і міфалогіі.
Казкі — гэта сур’ёзна

Трохдзённы форум чарговы раз сабраў у Мінску прадстаўнікоў навуковай грамадскасці з розных краін, а некаторыя з іх паўдзельнічалі ў яго рабоце ў анлайн-фармаце.
У ліку дакладчыкаў на пленарным пасяджэнні быў і Зураб Джапуа, вядомы абхазскі фалькларыст-каўказазнавец. Госць падарыў дырэктару Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі акадэміку Аляксандру Лакотку добры стос кніг, у тым ліку і ўласных, па казачнай, міфалагічнай тэматыцы. Зураба Джотавіча калегі па праве называюць адным з найяскравейшых фалькларыстаў-эпасазнаўцаў сучаснай Абхазіі і Каўказа. І тое, што даследчык займае пасаду прэзідэнта ў АН Абхазіі, сведчыць як пра таленты яго самога, так і пра духоўную сілу абхазскага народа, яго фальклорных традыцый. Сімвалічным было і выступленне госця-акадэміка: расказваў пра вобразы карлікаў у абхазскай міфалогіі і эпасе. Пры тым звяртаў увагу, што маленькія істоты надзяляліся ў народнай традыцыі неймавернай сілай…
Гэтаксама і беларускія казкі не варта ўспрымаць павярхоўна, толькі як нейкія маленькія забаўкі для малых дзетак, як штосьці малазначнае ў пару магутнага штучнага інтэлекту і касмічных тэхналогій.
“Казка ўтрымлівае ў сабе светапоглядныя арыенціры, назапашаныя стагоддзямі веды, жыццёвую мудрасць, маральна-этычныя каштоўнасці, вызначае пазітыўны кірунак у руху да лепшага жыцця”, — нагадаў, вітаючы ўдзельнікаў форуму, акадэмік Уладзімір Гусакоў, старшыня Прэзідыума НАН Беларусі.
На яго думку, казку варта даследаваць яшчэ больш глыбока і сэнсоўна, каб раскрываць сутнасны змест характару беларусаў, нашу ментальнасць, псіхалогію — усё тое, што некаторыя называюць філасофіяй народа.
У казках можна знайсці падказкі: як жыць і сябраваць, як любіць і дзейнічаць у складаных сітуацыях, як ствараць сям’ю, наладжваць адносіны паміж мужчынам і жанчынай, бацькамі і дзецьмі — а ўсё гэта актуальна і ў наш час.
Пры тым казкі нашы трансліруюць якасці і духоўныя каштоўнасці, уласцівыя менавіта беларусам, вядомым у свеце сваёй мяккасцю, дабрынёй, талерантнасцю, смеласцю, працавітасцю, цярплівасцю, вынаходлівасцю, дасціпнасцю і пачуццём гумару. Вядома ж, у сучаснасць, адзначыў акадэмік, казкі прыходзяць рознымі шляхамі. Ёсць новыя спосабы і сродкі папулярызацыі, выкарыстання патэнцыялу, закладзенага ў іх: кнігі, відэаролікі, аўдыязапісы, кінематаграфічная, рэкламная і анімацыйная прадукцыя, выяўленчае мастацтва і тэатральныя пастаноўкі, нават сеансы казкатэрапіі і шмат чаго яшчэ.
Мірская батлейка: рэканструкцыя і крэатыў
Казкі можна ўспрымаць як чароўнае люстэрка, якое не толькі адлюстроўвае прыхаваныя, нябачныя сілы, што дзейнічаюць у нас і вакол нас, але і ўплывае, прычым істотна, на гэтае жыццё ў рэальным фармаце. Некаторым падаецца, што казачныя трыдзясятыя ці трыдзявятыя царствы — гэта нейкая таямнічая, паралельная нашаму свету НЕрэальнасць. Але ж яны цесна спалучаны з нашай фантазіяй, а значыць, і светапоглядам, ладам думак, сферай эмоцый, а таксама ўчынкаў. Дарэчы, многія бяруць за прыклад жыццё герояў кніг ці кінафільмаў, дык і з казкамі тое ж: “пылок” нябачных простым вокам трыдзясятых царстваў заносіцца і ў нашу чатырохмерную рэальнасць.
А рэальнасць батлеечнай дзеі прыйшла і на пленарнае пасяджэнне форуму!
“Вядомая раней Мірская батлейка ўжо адроджана, і сёння вас чакае незвычайная дзея… — заінтрыгавала ўсіх Таццяна Валодзіна, загадчык аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар. — Мы раней мелі задавальненне пабачыць калядную батлейку. А цяпер глядзіце паказ “Салдат і чорт”: гэта рэканструкцыя батлеечнай дзеі братоў Сілко”.

Мы ўжо расказвалі, як разам з педагогам Мірскага дзяржкаледжа Канстанцінам Петрыманам праз батлейку навучэнцы спазнаюць гісторыю Міра. Канстанцін Леанардавіч, выкладчык біялогіі і хіміі, на форуме расказаў, што яго вялікая цікавасць да краязнаўства і гісторыі прывяла да таго, што з немалымі намаганнямі была рэстаўрыравана страчаная ў 50-я гады дзея “Салдат і чорт”.
Пакуль педагог з выхаванцамі ўсталёўвалі батлейку, адчынялі скрыню, лялек “ажыўлялі” ва ўтульнай акадэмічнай зале, было ўражанне, што іншая, ненавуковая рэальнасць на форум навукоўцаў завітала. Увогуле, дасведчаныя ў псіхалогіі людзі кажуць: не казку чалавек расказвае — гэта яна праз яго расказваецца. Тое ж і з батлейкай: нібыта людзі робяць батлейку — дык і яна ж іх робіць, уплывае на светапогляд, паводзіны ў штодзённасці. Вучыць і выхоўвае, як і любая іншая казка. І Канстанцін Петрыман павітаўся з удзельнікамі форуму не як педагог з калегамі на педсавеце, а цёпла і па-свойску: “Ну што ж, даражэнькія!.. Добры дзень!.. Мы рады прэзентаваць рэканструяваную, адроджаную дзею — адну з трох дзей Мірскай батлеечнай школы братоў Сілко. Да іх у свой час так і не даехалі даследчыкі, этнографы і фалькларысты. Але ж яны рабілі сваю справу ў Міры аж да 1957 года — легальна. І пасля, каб не ехаць у Комі АССР пілаваць дрэвы, закінулі батлеечную справу. Таму што ім цвёрда сказалі: “Бога нет!” І жартаваць з такой высновай мудрыя Сілкі не сталі”.
Жылі ў Міры казкі, ставілі браты Сілко тры дзеі. Калядную і “Дары” ўдалося аднавіць, рэканструяваць раней. А пачаўся збор матэрыялаў ад рэспандэнтаў, расказаў Канстанцін Петрыман, яшчэ ў 1993 годзе і закончыўся з іх смерцю — недзе ў 2010-м. Адроджаны былі канты, Калядныя вітанні, заходы ў хату… А пра дзею “Салдат і чорт” мала было звестак. Яна ж ігралася толькі ў Піліпаўку, а Піліпаўскі пост, паводле праваслаўнага календара, супадаў з кірмашом у Міры.
“Гэта быў Мікалаеўскі кірмаш, і ладзілі браты Сілко дзею “Салдат і чорт” у доме архітэктара Блёха, мясцовага будаўніка, па вуліцы Першамайскай — мы знайшлі месца, дзе стаяла тая хата, — раскрывае дэталі рэканструкцыі педагог. — Дзея была навеяна падзеямі Першай сусветнай вайны. Як вядома, тады лінія фронту праходзіла непадалёк Міра: паміж Баранавічамі і Гарадзеяй. І многія мясцовыя мужчыны ваявалі там як апалчэнцы: мілітанты. У канцы дзеі заўсёды гучала “нейкая ваенная песня” — пра гэта мне казала бабуля. “А якая — не помню, бо сама была дзіцем”. Сёння амаль упершыню праспяваем яе публічна: па шчаслівым супадзенні яна рэканструявана. Дзядок жыў-быў, казаў мне: “Спяваюць песні — але не такія. А вось нашы мілітанты не такую спявалі…” За тыдзень, можа, да адыходу ў іншы свет ён і спеў гэтую песню. Давялося крыху дапрацаваць, бо апошняга куплета не было. Ён быў прозай пераказаны, проста змест. Давялося зарыфмаваць у належны памер, дапрыдумаць, рэканструяваць. Мы і гаворым заўсёды: гэта не рэстаўрацыя — рэканструкцыя. І людзям зайшло! Спявалі, а тыя бабулі казалі: во так і было!”
Дзея з казачным сюжэтам ігралася ў памяць пра жыхароў Міра, якія ў вайну загінулі. Гэта, лічыць Канстанцін Леанардавіч, адзіная некалядная батлеечная дзея на тэрыторыі Беларусі. А яшчэ, акрамя класічнага “Цара Ірада”, браты Сілко ігралі, напрыклад, “Як мірскія дактары вымуць душу без пары”, “Антон і Каза”, “Пан і Паненка”, “А чы выглёнда табе хустка?”.
Вялікае ўражанне зрабіла на ўдзельнікаў форуму батлеечная дзея, у якой, як звычайна ў беларускіх казках, дабро перамагае ліха, добрыя ўчынкі салдата выратоўваюць яго душу з абдымкаў чорта.
Выхаванцы педагога-батлеечніка Петрымана выйшлі напрыканцы з-за скрыні, разам з ім спявалі ваенную песню. Потым гучалі шчырыя апладысменты, а іх кіраўнік сказаў: “За розныя гады ў батлейцы іграюць розныя акцёры, мы ўсе разам зберагаем і развіваем традыцыю”.
Гэтым складам акцёры працавалі ўпершыню. Дэбют — і адразу на міжнародным форуме. Добры знак!
Педагогам у дапамогу

У фае галоўнага будынка Нацыянальнай акадэміі, дзе працаваў форум, ладзілася выстава графічных твораў з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Гэта былі знаёмыя ілюстрацыі: з тых кніг, на якіх мы выраслі, якія чытаем дзецям, а некаторыя і ўнукам. Таццяна Валодзіна, гаворачы пра выставу, засяродзіла ўвагу на творах такіх знакамітых мастакоў, як Алена Лось, Анатоль Волкаў, Наталля Паплаўская, Уладзімір Басалыга.
Таццяна Васілеўна расказала і пра новы праект, якім ужо цяпер беларускія навукоўцы могуць ганарыцца. Два гады ў Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры з ініцыятывы старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Гусакова выконваўся асобны праект пад назвай “Беларускія народныя казкі. Сюжэтная разнастайнасць, каталагізацыя і сучасныя інтэрпрэтацыі”. Ужо ёсць вынік.
“Мы пастараліся сабраць разам усё тое вялікае казачнае багацце, якое не было яшчэ ўведзена ў навуковы зварот, — адзначыла Таццяна Васілеўна. — Вялі актыўную работу ў архівах замежжа, найперш у архівах Масквы і Санкт-Пецярбурга. Знайшлі выдатныя калекцыі: нядрукаваныя запісы ХІХ стагоддзя Івана Насовіча, Мітрафана Доўнар-Запольскага — яны рыхтуюцца да выдання.
Мы, як мурашкі, збіралі казачныя іглінкі па розных месцах і дома, каб скласці вялікі мурашнік беларускіх казак. Перагледзелі архівы са студэнцкіх экспедыцый, прыватныя архівы, архіў нашага інстытута — навуковай калекцыі, якая мае статус навуковай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. А ў выніку зрабілі сайт. Ёсць пробная версія сайта — шукаем праграмістаў, каб яго запусціць. Спадзяемся на валанцёраў-памочнікаў”.

Акадэмік Аляксандр Каваленя ўзнагароджвае дыпламантаў конкурсу юных казачнікаў-баюноў
Як заўсёды, цікава прайшло на форуме ўзнагароджанне юных казачнікаў-баюноў, якія паўдзельнічалі ў адпаведным конкурсе. У ліку дыпламантаў аказаўся і Цімафей Дыдзік з педагогам Святланай Хорашавай з Ганцавіцкага раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці. Падчас камандзіроўкі на Палессе я там падказаў, што праводзіцца конкурс, і Цімафей удала справіўся з казкай “Лёгкі хлеб”, якую баяў і ў Мінску, — у выніку атрымаў дыплом. Выдатна спрацаваў творчы тандэм педагога і вучня.
Парадаваўся і за настаўніцу Святлану Балцэвіч з мінскай 159-й школы імя А.Ф.Данукалава. Два гады назад яе сын Антон быў у лідарах конкурсу з казачна-музычнай гісторыяй. Гэтым разам яе выхаванка Ульяна Сянкевіч артыстычна расказала казку “Як баба гусі прадавала”, запісаную ад Кацярыны Панчэні з вёскі Пагост на Жыткавіччыне.
А спецыяльны прыз ад рэдакцыі “Настаўніцкай газеты” атрымалі дзеці педагогаў-выкладчыкаў Акушэвічаў з Беларускага дзяржуніверсітэта: Ганна, Ігар і Алесь. Усе трое паўдзельнічалі ў конкурсе з рознымі казкамі. Сярод дзетак, калі атрымлівалі салодкі пернік “Настаўніцкі”, быў і двухгадовы Адам. Спадзяемся, чароўны пачастунак усім чацвярым паспрыяе на жыццёвым шляху, а можа, і падштурхне зрабіць выбар на карысць педагогікі.
Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара





