Фарміраванне функцыянальнай адукаванасці школьнікаў — тэма чарговага метадычнага дадатку «Партфоліа»

- 17:18Новости

Штомесячны дадатак да «Настаўніцкай газеты» выйдзе ў свет 28 лістапада.

Намеснік дырэктара спецыяльнай школы-інтэрната Навагрудка імя Л.Ф. Пашынскага Наталля Гасціла расказвае пра правядзенне абласнога семінара-практыкуму, прысвечанага эфектыўным інструментам развіцця чытання ў навучэнцаў з цяжкімі парушэннямі маўлення і цяжкасцямі ў навучанні. Вопыт работы ўстановы сведчыць, што праз асэнсаванае чытанне дзіця вучыцца не толькі разумець вучэбны матэрыял, але і арыентавацца ў штодзённых сітуацыях.

Практыка-арыентаваныя заданні па рускай мове для 5—7-х класаў для фарміравання чытацкай адукаванасці прапануе настаўніца Дужаўскай сярэдняй школы Чавускага раёна Наталля Кірэенка. А педагогі сярэдняй школы № 3 Пінска Ларэна Пятроўская і Ірына Прыбышчук прадстаўляюць увазе калег заданні, накіраваныя на фарміраванне прыродазнаўчанавуковай адукаванасці.

У рубрыцы «Школьны фізмат» Надзея Церахава прадстаўляе вопыт работы настаўніцы матэматыкі Столінскай дзяржаўнай гімназіі Ірыны Пачко, якая спалучае класічныя тэхналогіі з тэхналогіямі візуалізацыі, ІТ-тэхналогіі і нейрасеткі. Педагог лічыць, што сучасныя тэхналогіі — гэта не мэта, а сродак. Яны дапамагаюць зрабіць адукацыю якаснай. Не сціраюць шматгадовы вопыт, а дапаўняюць традыцыі. Ніякая праграма не дасць адчування жывога дыялогу, ніякі алгарытм не навучыць спачуваць, і ні адзін чат-бот не заменіць настаўніка, які верыць у свайго вучня, умее падтрымаць, натхніць і накіраваць.

У рубрыцы «Клуб «Крыштальны журавель» настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Глыбоцкай раённай гімназіі Іна Шымко ў артыкуле «Краязнаўчы матэрыял на ўроку» дзеліцца вопытам выкарыстання на занятках краязнаўчага матэрыялу.

Настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 6 Мінска Ірына Пархімовіч паказвае, як арганічна ўпісаць у структуру ўрока ролевую гульню, што дазваляе змадэляваць сітуацыі зносін так, каб наблізіць маўленчую дзейнасць да рэальнай камунікацыі.

Прыемнага чытання!

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА