Фарміраваць моду на інтэлект

- 9:40Рознае партфолiо

“Адоранасць чалавека — гэта маленькі парастак, які ледзь прабіваецца з зямлі і патрабуе да сябе велізарнай увагі. Неабходна даглядаць яго і песціць, зрабіць усё неабходнае, каб ён вырас і даў багаты плод”, — пісаў Васіль Сухамлінскі. Нельга не пагадзіцца з гэтымі словамі. Сапраўды, любому сучаснаму грамадству патрэбна асоба з неардынарным, творчым мысленнем, шырокім кругаглядам.

Каб выхаваць такога чалавека, педагогу неабходна прыкласці максімум намаганняў і старанняў, с­таць май­страм сваёй працы, давесці сваю дзейнасць да дасканаласці як у выкладанні свайго прадмета, так і ў пазнанні асобы навучэнца. Таму адной з галоўных і прыярытэтных задач педагогі нашай установы адукацыі бачаць у тым, каб выявіць усіх, хто цікавіцца рознымі галінамі навукі і тэхнікі, а таксама стварыць умовы і развіццёвае асяроддзе, якое са­дзейнічае найбольш поўнаму раскрыццю іх творчага і інтэлектуальнага патэнцыялу, чыя адоранасць на гэты момант, можа быць, яшчэ не праявілася ці не выяўлена, а таксама проста здольных навучэнцаў, у дачыненні да якіх ёсць надзеі на далейшы якасны скачок у развіцці іх здольнасцей.

Ажыццяўленне якаснага адукацыйнага працэсу, як правіла, патрабуе ад педагогаў высокага прафесійнага ўзроўню.

Прааналізаваўшы велізарную колькасць спецыяльнай літаратуры па праблеме адораных навучэнцаў і навучэнцаў, якія маюць патэнцыял у навучанні, правёўшы псіхалагічную дыягностыку адоранасці гімназістаў, можна вылучыць найбольш важныя характэрныя асаблівасці, уласцівыя толькі адораным. Гэта паслужыла апорай педагогам у рабоце з высокаматываванымі і інтэлектуальна адоранымі навучэнцамі. Вось толькі некаторыя прыметы адоранасці:

1. Адораныя навучэнцы вельмі цікаўныя, актыўна даследуюць навакольны свет і не церпяць якіх-небудзь абмежаванняў сваіх даследаванняў.

2. Навучэнцы, якія маюць патэнцыял у навучанні, прасочваюць прычынна-выніковыя сувязі, робяць правільныя высновы, а таксама будуюць мадэлі і сістэмы падзей, што адбываюцца.

3. Таленавітыя навучэнцы лёгка спраўляюцца з пазнавальнай нявызначанасцю, з задавальненнем успрымаюць складаныя заданні і не выносяць, калі ім навязваюць гатовы адказ.

4. Адоранае дзіця здольна працяглы час канцэнтраваць сваю ўвагу на адной справе, яно літаральна паглыбляецца ў свой занятак, калі ён яму цікавы.

Асноўнымі ўмовамі паспяховай работы з адоранымі навучэнцамі з’яўляюцца:

  • усведамленне важнасці гэтай работы кожным членам педагагічнага калектыву і ўзмацненне ў сувязі з гэтым увагі да праблемы фарміравання станоўчай матывацыі да навучання;
  • стварэнне і пастаяннае ўдасканаленне метадычнай сістэмы і прадметных падсістэм работы з адоранымі навучэнцамі;
  • прызнанне таго, што рэалізацыя сістэмы работы з таленавітымі навучэнцамі з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў у рабоце педагога;
  • работа павінна насіць сістэматычны характар на працягу ўсяго працэсу навучання;
  • работа з адоранымі навучэнцамі павінна праводзіцца як на ўроку, так і ў пазаўрочны час;
  • мэтазгодна праводзіць заняткі як з групай навучэнцаў, так і індывідуальна;
  • навучэнцам павінна быць дадзена магчымасць рэалізацыі ўласных ідэй.

Правільна арганізаваная і бесперапынная работа з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі павінна прыносіць плён. Разумеючы гэта, можна вызначыць наступную сістэму работы:

1. Стварэнне ўмоў для выяўлення высокаматываваных і адораных дзяцей праз дыягностыкі патэнцыяльных магчымасцей навучэнцаў, аналіз асаблівых поспехаў і дасягненняў вучня, стварэнне банка даных таленавітых навучэнцаў.

2. Дапамога адораным навучэнцам у самарэалізацыі іх творчай накіраванасці: складанне планаў работы па асобных вучэбных прадметах з апорай на развіццё здольнасцей навучэнцаў, правядзенне індывідуальнай работы з вучнямі па распрацаваных планах, арганізацыя даследчай дзейнасці, арганізацыя і ўдзел у інтэлектуальных гульнях, творчых конкурсах, прадметных алімпіядах.

3. Кантроль над развіццём пазнавальнай дзейнасці таленавітых школьнікаў: тэматычны кантроль ведаў у рамках вучэбнай дзейнасці, кантроль над абавязковым удзелам навучэнцаў гэтай катэгорыі ў конкурсах, алімпіядах рознага ўзроўню, навукова-даследчай дзейнасці.

4. Заахвочванне адораных навучэнцаў: падзячныя лісты, ганаровыя граматы, каштоўныя прызы ў рамках конкурсаў.

5. Работа з бацькамі таленавітых навучэнцаў: сумесная практычная дзейнасць адоранага дзіцяці, бацькоў і педагогаў. Падтрымка і заахвочванне бацькоў таленавітых дзяцей (уручэнне грамат і падзячных лістоў на ўрачыстых лінейках у рамках свята заканчэння навучальнага года і заканчэння гімназіі).

6. Работа з педагагічным калектывам: семінары па пытаннях работы з адоранымі навучэнцамі: “Стварэнне сітуацыі поспеху, атмасферы разумення на ўроку і ў пазаўрочны час”, “Арганізацыя даследчай работы з навучэнцамі”. Павышэнне прафесійнага майстэрства праз курсавую падрыхтоўку і атэстацыю. Падбор і назапашванне ў бібліятэчным фондзе літаратуры, неабходнай для самаадукацыі, сістэматычны агляд новых паступленняў, выкарыстанне магчымасцей інтэрнэту.

Сістэма адукацыі павінна рыхтаваць маладое пакаленне да таго, каб быць запатрабаваным у рэальным свеце. Відавочна, што свет, у які давядзецца ўліцца выпускнікам, мае тэндэнцыю хутка развівацца, ён становіцца дынамічным, высокатэхналагічным. Таму педагогам неабходна фарміраваць у навучэнцаў моду на інтэлект, на інавацыйнае мысленне, на паспяховую асобасную і грамадзянскую самарэалізацыю. У такім свеце чалавек будзе вымушаны выпрацаваць у сабе розныя якасці або кампетэнтнасці. Але галоўнае, што яму давядзецца ўмець рабіць, — гэта ўвесь час рэалізоўваць свой патэнцыял.

Алег ЗАСІМ,
дырэктар гімназіі № 1 імя Ф.Я.Перца Пінска.