Фарміруем функцыянальную дасведчанасць: пераможцы фестывалю «Пазнанне ў сутворчасці» дэманструюць свае знаходкі

- 9:00Главная, Образование, Портфолио

Творчая група педагогаў сярэдняй школы № 42 Гомеля ў складзе намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Людмілы Каршнёвай, настаўнікаў пачатковых класаў Таццяны Каман і Кацярыны Тарасенка, настаўніка інфарматыкі Юрыя Пчолкіна прадставіла праект “Цьютарскае суправаджэнне фарміравання функцыянальнай дасведчанасці навучэнцаў I ступені агульнай сярэдняй адукацыі з дапамогай стварэння інтэрактыўнага лэпбука”. Яна і стала пераможцай фестывалю і адзначана дыпломам І ступені. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Сёння на рынку працы запатрабаваны спецыялісты, якія хутка рэагуюць на любыя выклікі, засвойваюць новыя веды і прымяняюць іх у вырашэнні праб­лем, якія ўзніка­юць. Гэта і ёсць функцыянальна дасведчаныя людзі. Калі навучэнец набудзе такія навыкі, ён будзе лёгка арыентавацца ў сучаснай рэальнасці, — адзначае Людміла Каршнёва. — Мы лічым, што вялікім патэнцыялам у арганізацыі працэсу развіцця функцыянальнай дасведчанасці навучэнцаў валодае цьютарскае суправаджэнне. Менавіта яно можа стаць адным з вядучых напрамкаў фарміравання адукацыйнай прасторы з неабходнымі ўмовамі для самарэалізацыі і самавызначэння навучэнца. Сістэма цьютарскага суправаджэння забяспечыць эфектыўную рэалізацыю навучэнцам індыві­дуальнай адукацыйнай праграмы. Галоўная задача настаўніка, педагога з цьютарскай кампетэнтнасцю — ула­віць прадметную цікавасць вучня, даць магчымасць рэалізаваць пробу ў пэўнай прадметнай галіне, а таксама арганізаваць зваротную сувязь, якая дазволіць вучню ўсвядоміць свой індыві­дуальны шлях.

Па меркаванні аўтараў праекта, працэс павышэння функцыянальнай дасведчанасці павінен быць убудаваны ў вучэбную праграму некалькіх гадоў. І пачы­наць гэты працэс трэба з самых першых гадоў навучання ў школе.

Каб пройдзены матэрыял застаўся ў памяці, каб навучэнец  змог карыстацца тымі ведамі, якія атрымаў на ўроках па пэўнай тэме, і захацеў самастойна паўтараць пройдзены матэ­рыял, на дапамогу прыхо­дзіць інтэрактыўны лэпбук. Работа па яго стварэнні пры ўзаемадзеянні “цьютар — вучань” развівае даверлівыя адносіны, павышае кампетэнтнасць настаўніка і дае магчымасць не толькі даведацца пра інтарэсы і патэнцыял школьніка, але і развіваць іх. Кожны лэп­бук унікальны, як унікальны і яго стваральнік, няма правільнага або няправільнага інтэрактыўнага лэпбука, бо ўсё залежыць ад таго, як вучань успрымае зададзеную тэму, якімі сродкамі ён карыстаецца для дасягнення сваіх мэт.

— Падчас работы над лэпбукам цьютар вызначае магчымыя метады і прыёмы, напрамкі работы, прынцыпы ўзаемадзеяння, тлумачыць мэты асобаснага рос­ту, паказвае спосабы стварэння інтэрактыўных лэпбукаў, ву­чыць аналізаваць вынікі сваёй работы і вызначаць перспектыўныя траекторыі развіцця. Роля цьютара — накіроўваць, каардынаваць, вучыць самастойнасці, усяляць упэўненасць, — тлумачыць Людміла Мікалаеўна.

Як жа ствараецца лэпбук? На падрыхтоўчым этапе праводзіцца дыягностыка інтарэсаў навучэнцаў, выбіраюцца напрамкі  развіцця, распрацоўваецца індывідуальны адукацыйны маршрут, вырабляецца папяровы макет лэп­бука. Яго асобныя часткі збіраюцца ў адзінае цэлае, крэатыўна афармляюцца.

На асноўным этапе складаецца каляндар заданняў для цьютарантаў. Навучэнец вядзе дзённік поспехаў і праблем, вызначае якасць выканання заданняў, вызначае план карэкцыі. Афармляецца і віртуальная прастора: матэрыял змяшчаецца на Google-дыск. Інтэрактыўны лэп­бук ствараецца з шэрага старонак. Так, на старонцы “Я ў свеце прыроды” сістэматызаваны заданні экалагічнага мадэлявання, даследаванняў-назіранняў, экалагічных гульняў, праблемных сітуацый. На старонцы “Азбу­ка Берагошы” можна ўбачыць узор афармлення дзіцячай творчасці ў выгля­дзе кніжкі-малышкі. На старонцы па развіцці інфармацыйнай дасведчанасці сабраны заданні, якія дапамагаюць ас­воіць работу за камп’ютарам і навучыцца карыстацца інтэрнэтам. Развіццё чытацкай дасведчанасці адбываецца пры выкарыстанні не­звычайных метадаў і прыёмаў слоўнікавай работы, напісання твораў, работы з тэкс­там, сістэматызацыі матэрыялу ў выгля­дзе сінквейна, кластара, кросенса.

На абагульняючым этапе праходзіць прэзентацыя вынікаў работы, даецца ацэнка выніковасці, цьютарант аналізуе вынікі асобаснага росту, а цьютар праводзіць рэфлексію агульнага ўзаемадзеяння, вызначае ступень правільнасці выбранай адукацыйнай траек­торыі.

За час рэалізацыі праекта выяўлена станоўчая дынаміка фарміравання індывідуальнай пазнавальнай актыўнасці вучняў. Уключэнне малодшых школьнікаў у праект садзейнічала развіццю матывацыі, пашырэнню магчымасцей развіцця асобы, яе творчага і інтэлектуальнага патэнцыялу, выпрацоўцы ўстойлівых навыкаў самастойнай работы ў адпаведнасці з індывідуальнымі адукацыйнымі праграмамі, фарміраванню індывідуальнай пазнавальнай актыўнасці вучняў.

***

VII Міжнародны фестываль прафесійнага майстэрства педагогаў “Пазнанне ў сутворчасці”, які прайшоў у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, сабраў 148 педагагічных работнікаў.

Мерапрыемства было арганізавана з мэтай абмену перадавым вопытам у галіне інтэлектуальна-творчага развіцця навучэнцаў. Яго ўдзель­нікі азнаёміліся з матэрыяламі педагогаў па тэме “Цьютарскае суправаджэнне развіцця функцыянальнай дасведчанасці навучэнцаў”, сталі ўдзельнікамі міні-даследаванняў і 26 майстар-класаў па выкарыстанні сучасных падыходаў, форм і метадаў, накіраваных на развіццё функцыянальнай дасведчанасці навучэнцаў.

У межах фестывалю прайшоў вочны этап конкурсу работ па тэме “Цьютарскае суправаджэнне развіцця функцыянальнай дасведчанасці навучэнцаў”, на якім было прадстаўлена 86 работ. Высокі прафесіяналізм і ўнікальныя аўтарскія знаходкі былі прадэманстраваны педагогамі.

Канкурсанты спаборнічалі ў чатырох намінацыях: “Праект”, “Абарона праекта”, “Стэндавы даклад”, “Міні-даследаванне”.

Матэматычны інтэнсіў

Інфармацыйны прадукт “Анлайн­-інтэнсіў “Матэматычны трэнажор” для падрыхтоўкі навучэнцаў да ЦЭ і ЦТ настаўніцы сярэдняй школы № 9 Мазыра Таццяны Туравец адзначаны дыпломам ІІ ступені.

Анлайн-інтэнсіў прадстаўлены як канал цьютара ў Telegram, што тэхнічна дазваляе ўзаемадзейнічаць з удзель­нікамі інтэнсіву, а тыя карыстальнікі, якія толькі далучыліся да канала, бачаць усю інфармацыю, размешчаную на ім з самага пачатку яго работы.

Таццяна Туравец і Наталля Юніцкая 

— Цьютарскае суправаджэнне, арганізаванае з выкарыстаннем трэнажора, дазваляе развіваць у навучэнцаў уменні аналізаваць вялікія аб’ёмы інфармацыі, крытычна і лагічна думаць з апорай на тэкст, у выніку чаго знаходзіць рашэнне той ці іншай задачы самастойна, — расказ­вае Таццяна Туравец. — Пры ўдзеле ў анлайн-інтэнсіве навучэнцы атрымліваюць ад цьютара інфармацыю, прадстаўленую ў выглядзе відэаўрока, канспекта відэаўрока і тэарэтычнага матэрыялу з вучэбнага дапаможніка па пэўнай тэме, а таксама задачы для самастойнага рашэння. Пасля апрацоўкі атрыманай тэкставай, графічнай і відэаінфармацыі навучэнцы выконваюць заданні, самастойна знаходзячы рашэнні задач у прадстаўленых матэрыялах. Праз некаторы час цьютар прадстаўляе адказы і ўказанні па рашэнні прапанаваных задач для самакантролю школьнікамі праведзенай работы.

Цікава, што ў стратэгіі работы цьютара акцэнт робіцца не на тлумачэнні тэарэтычнага матэрыялу, а на стварэнні ўмоў для самастойнай дзейнасці вучняў у працэсе навучання. Дзеці самі выбіраюць крыніцы інфармацыі, час і хуткасць работы з матэрыяламі, паслядоўнасць выканання заданняў. Матэрыялы структураваны па тэмах, а таксама распрацаваны суперінтэнсівы, якія ўключаюць у сябе вялікую колькасць разнастайных заданняў па розных тэмах. Такія ролікі адрозніваюцца вялікай працягласцю, але матэрыял па кожнай тэме выкладаецца сцісла і суправаджаецца канспектам да кожнага роліка. Тэарэтычны матэрыял прадстаўляецца ў выглядзе вытрымкі з вучэбных дапаможнікаў па тэме.

Работа інтэнсіву даступна навучэнцам як з камп’ютара, так і з мабільных прылад, што дазваляе вучыцца ў любым месцы і ў зручны час. Канспекты, якія вядуць навучэнцы ў ходзе праходжання інтэнсіву, складаюцца імі індывідуальна ў залежнас­ці ад паслядоўнасці работы з атрыманай інфармацыяй і інтэнсіўнасцю яе вывучэння. Некаторыя навучэнцы вядуць анлайн-канспекты, што дазваляе захоўваць усё ў электронным выглядзе.

— “Матэматычны трэнажор” дазваляе адысці ад завучвання і паўтарэння атрыманай інфармацыі або зададзенага настаўнікам алгарытму, а замест гэтага прыйсці да асэнсавання навучэнцамі патрэбы ў самастойным набыцці той ці іншай інфармацыі і да разумення таго, як і калі яны могуць прымяніць атрыманыя веды, — адзначае педагог. — Да таго ж сучасныя навучэнцы прывыклі рэгулярна выкарыстоўваць гаджэты ў штодзённым жыцці, таму ўключэнне іх у адукацыйны працэс садзейнічае развіццю пазнавальнай цікавасці вучняў ва ўрочнай і пазаўрочнай дзейнасці.

Маршрутны ліст

Дыплома ІІ ступені ўдастоены праект па цьютарскім суправаджэнні развіцця функцыянальнай дасведчанасці навучэнцаў на ўроках геаграфіі з дапамогай стварэння маршрутных лістоў настаўніцы геаграфіі і біялогіі гімназіі Лагойска Алены Бабкевіч.

— Паняцце функцыянальнай дасведчанасці ў кантэксце геаграфічнай адукацыі азначае здольнасць вучняў успрымаць, аналізаваць і прымяняць геаграфічную інфармацыю для вырашэння канкрэтных задач, — каменціруе Алена Мікалаеўна. — Гэтая кампетэнцыя ўключае ў сябе ўменні інтэрпрэта­ваць карты, графікі, статыстычныя даныя, а таксама фармуляваць геаграфічныя пытанні і даследчыя задачы. Як інструмент для развіцця функцыянальнай дасведчанасці на ўроках геаграфіі і пры пад­рыхтоўцы да прадметных алімпіяд з пазіцыі цьютарскага суправаджэння я выбрала маршрутныя лісты.

На думку настаўніцы, роля маршрутных лістоў у цьютарскім суправаджэнні на ўроках геаграфіі вельмі важная. Па-першае, маршрутныя лісты дапамага­юць структураваць вучэбны матэрыял і арганізаваць яго ў лагічнай паслядоўнасці. Па-другое, яны садзейніча­юць паглыбленню ў тэму (уключаюць у сябе разнастайныя заданні, якія патрабуюць ад навучэнцаў аналізу і даследавання). Па-трэцяе, маршрутныя лісты забяспеч­ваюць індывідуальны падыход: могуць быць адаптаваны пад канкрэтныя патрэбы навучэнцаў. Па-чацвёртае, яны спрыяюць развіццю навыкаў самастойнага навучання. Па-пятае, праз маршрутныя лісты цьютар можа ацэньваць пра­грэс навучэнцаў на кожным этапе навучання. Гэта дазваляе рэагаваць на іх патрэбы і карэкціраваць вучэбны працэс. Па-шостае, яны са­дзейнічаюць матывацыі і актыўнаму ўзаемадзеянню вучняў. Такім чынам, маршрутныя лісты выконваюць ролю арганізатараў вучэбнага працэсу, стымулю­юць актыўнае навучанне.

Прымяненне маршрутных лістоў на ўроках геаграфіі прадугледжвае:

  • lдаследаванне рэгіёнаў і краін (навучэнцы даследу­юць гісторыю, культуру, клімат і эканоміку розных краін, што дапамагае ім лепш разумець разнастайнасць нашай планеты);
  • lаналіз карт і геаграфічных даных, што дазваляе развіваць навык інтэрпрэтацыі інфармацыі і разумець геаграфічныя заканамернасці;
  • даследаванне глабальных праблем, такіх як змяненне клімату, устойлівае развіццё, дэмаграфічныя тэндэнцыі і інш.;
  • параўнальны аналіз (вучыць бачыць адрозненні і падабенства, разумець уплыў геаграфіі на грамадства);
  • падрыхтоўку праектаў (навучэнцы могуць право­дзіць даследаванні, збі­раць інфармацыю і ства­раць прэзентацыі або даклады на аснове сваіх маршрутных лістоў). Навуковая работа “Турыстычныя аб’екты грамадскай зоны Лагойска” атрымала дыплом прызёра на міжнародным форум-конкурсе ў 2022/2023
    навучальным годзе;
  • падрыхтоўку да прадметных алімпіяд. Напрыклад, у 2022/2023 навучальным годзе пры падрыхтоўцы да Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі праз выкарыс­танне маршрутных лістоў 5 навучэнцаў гімназіі прайшлі на абласны этап алімпіяды.

— Маршрутныя лісты прадастаўляюць навучэнцам структураваны і інтэрактыўны спосаб вывучэння геаграфіі і развіцця функцыянальнай дасведчанасці. Яны спрыяюць актыўнаму навучанню, аналізу інфармацыі і фарміраванню крытычнага мыслення, што з’яўляецца важным для геаграфічнай адукацыі, — лічыць Алена Бабкевіч.

Суправаджэнне адораных

Яшчэ адзін педагог з сярэдняй школы № 9 Мазыра — настаўніца рускай мовы і літаратуры Наталля Юніцкая — стаў уладальнікам дыплома ІІІ ступені фестывалю. На суд экспертаў яна прадставіла праект па цьютарскім суправаджэнні адораных і таленавітых навучэнцаў пры падрыхтоўцы да творчых конкурсаў і алімпіяды па рускай мове і літаратуры.

Па меркаванні настаўніцы, вырашыць праблему індывідуалізацыі і дыферэнцыяцыі пры падрыхтоўцы да алімпіяды і конкурсаў можа цьютарскае суправаджэнне адораных навучэнцаў, якое заключаецца ў індывідуальнай падтрымцы навучэнцаў і дапамозе ім ва ўдасканаленні моўных і літаратурных навыкаў. Цьютар, працуючы з навучэнцамі, фарміруе ў школьнікаў камунікатыўную, моўную і лінгвакультуралагічную кампетэнцыі з дапамогай рэалізацыі праграмы індывідуальнага суправаджэння. Ён выконвае шэраг функцый: метадычна кіруе засваеннем вучэбнага матэрыялу на павышаным і паглыб­леным узроўні, даступны навучэнцам заўсёды, арганізоўвае адукацыйную дзейнасць школьнікаў, устанаўлівае з навучэнцамі адносіны партнёрства, непасрэдна ўзаемадзейнічае з іх бацькамі.

— Праграма індывідуальнага суправаджэння прадугледжвае некалькі этапаў: дыягнастычна-матывацыйны (цьютар вызначае бягучы ўзровень моўных і літаратурных навыкаў вучня), праекціровачны (складаецца план работы, рабочая праграма цьютарскага суправаджэння), рэалізацыйны (цьютар рэалізуе праграму цьютарскага суправаджэння па развіцці навыкаў пісьма — ад лінгвістычных заданняў да напісання эсэ, твораў-разваг па зыходным тэксце, даследчых работ і водгукаў на літаратурны твор, навыкаў чытання (разумення прачытанага тэксту праз аналіз ключавых момантаў, асэнсаванне і інтэрпрэтацыю інфармацыі), вуснага маўлення, аналізу і інтэрпрэтацыі літаратурных твораў) і аналітычны этап (аналізуюцца цяжкасці, ацэньваецца прагрэс навучэнца, даюцца заданні для самастойнага выканання), — тлумачыць Наталля Юніцкая.

Сярод форм і метадаў правя­дзення заняткаў можна вылучыць індывідуальную і групавую пошукава-­даследчую дзейнасць, якая арыентуе вучняў на самастойны пошук і абагульненне разнастайнага лінгвістычнага матэрыялу, лекцыі, гутаркі, практычныя заняткі, творчыя майстэрні, спаборніцтвы, заняткі-гульні і іншыя формы работы.

Работа ўнутры кожнай тэмы ажыццяўляецца ў наступным рэжыме: лекцыя, гутарка, падчас якой уводзіцца новая інфармацыя; адпрацоўка практычных навыкаў па тэме, якая вывучаецца; выкананне алімпіяднай работы або пэўнага этапу праектнай дзейнасці.

 Педагог прапаноўвае навучэнцам наступныя віды дзейнасці:

  • выкананне заданняў павышанай складанасці, разлічаныя на творчы падыход, кемлівасць, нестандартныя рашэнні;
  •  знаёмства са змястоўнымі, кампазіцыйнымі і лінгвістычнымі асаб­лівасцямі эсэ, водгукаў, аналіз узорных і негатыўных тэкстаў, стварэнне самастойных водгукаў і эсэ на паэтычныя і празаічныя творы;
  • аналітычная работа з фармулёўкамі тэм, паняццямі, спосабамі выбудоўвання канцэпцыі і г.д.;
  • лінгвастылістычная работа, рытарычная дзейнасць у момант абдумвання тэмы непасрэдна на конкурсе;
  • стылістычны і лінгвістычны аналіз тэкстаў.

У выніку навучэнцы пашыраюць, паглыбляюць і замацоўваюць вывучаны ў межах асноўнага курса тэарэтычны матэрыял пра факты мовы і маўлення, пра моўныя і маўленчыя адзінкі, удасканальваюць уменне рашэння нестандартных задач, навыкі вуснага і пісьмовага маналагічнага маўлення.

Наталля КАЛЯДЗІЧ