Фінансавая дасведчанасць — патрабаванне часу: агляд чэрвеньскага нумара часопіса «Народная асвета»

- 17:20Журнал "Народная асвета", Новости

Мы з дзяцінства добра ведаем, што трэба ўмець правільна абыходзіцца з грашамі. Памятаеце казку Аляксея Талстога “Залаты ключык” пра Бураціна і фінансавых махляроў — лісу Алісу і ката Базіліа? На жаль, у наш час такім Бураціна можа стаць не толькі дзіця, але і дарослы адукаваны чалавек, які давяраецца сучасным алісам і базіліа з іх вытанчанымі прыёмамі адбірання грошай. І ў стужках навін пацвярджэнняў гэтага шмат…

Фінансавая дасведчанасць для сучаснага чалавека — ключавы навык, які дазваляе прымаць усвядомленыя рашэнні, планаваць бюджэт, пазбя­гаць фінансавых рызык, лепш адаптавацца да новых лічбавых інструментаў, а значыць, спрыяць развіццю эканомікі краіны.

Для павышэння ўзроўню фінансавай дасведчанасці школьнікаў па заказе Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь была распрацавана матрыца фінансавых кампетэнцый навучэнцаў, якая з’яўляецца дзейсным інструментам укаранення ў адукацыйны працэс адпаведных метадаў і прыёмаў.

У чэрвеньскім выпуску “Педагагічнай асамблеі” мы азнаёмім вас, паважаныя чытачы, з гэтай распрацоўкай, а таксама прадставім падрыхтаваныя нашымі аўтарамі метадычныя матэрыялы па развіцці фінансавай дасведчанасці.

Корнадзьская базавая школа — самая маленькая і самая маладая ўстанова адукацыі ў Свіслацкім раёне. “Місія нашай установы адукацыі, яе будучыня — гэта функцыянаванне і развіццё ў рэжыме сацыякультурнага цэнтра, дзе актыўна ўзаемадзейнічаюць настаўнікі, дзеці і іх бацькі”, — лічыць дырэктар Вольга Лысевіч.

І сапраўды, гэтая сельская школа вызначаецца атмасферай цеплыні, шчырасці, любові да зямлі, увагі да культуры свайго народа і жаданнем прынесці карысць Радзіме. Тут юныя артысты рыхтуюцца да канцэртаў і фестываляў, экскурсаводы ладзяць фальклорныя мерапрыемствы, валанцёры вучацца аказваць дапамогу сваім таварышам і аднавяскоўцам, а будучыя прадпрымальнікі ствараюць уласнымі рукамі дэкаратыўныя вырабы і вырошчваюць агародніну. На старонках часопіса ў рамках праекта “Энцыклапедыя “Школы Беларусі” нашы чытачы змогуць азнаё­міцца з багатымі традыцыямі корнадзьскіх настаўнікаў па арганізацыі сістэмнай вучэбна-даследчай дзейнасці, а таксама па грамадзянска-патрыя­тычным выхаванні на базе школьнага народнага музея ручніка.

“Падлетак і кумір” — тэма чарговай размовы з бацькамі на старонках “Народнай асветы”. Чаму пятнаццацігадовая дзяўчына, чыя капрызнасць і cтойкае нежаданне клапаціцца пра ўласную знеш­насць заўсёды так засмучалі бацькоў, раптам фарбуе валасы ў зялёны колер і паведамляе, што ёй неабходна тэрмінова набыць штаны чынас, кашулю ў стылі гранж і худзі з пэўным прынтам? А трынаццацігадовы падлетак, які апошнім часам сур’ёзна непакоіў маму і тату сваімі пратэснымі рэакцыямі з самай дробязнай прычыны, адсутнасцю цікавасці да вучобы, раптам пачынае право­дзіць доўгія гадзіны ў інтэрнэце ў пошуках інфармацыі пра канкрэтнага чалавека? Неўзабаве аказваецца, што і зялёныя валасы, і збіранне літаральна па крупінках нейкай інфармацыі — гэта захапленне падлетка кумірам. Пра тое, як наяўнасць пэўнага куміра ўплывае на фарміраванне асобы маладога чалавека, — размова ў чэрвеньскім выпуску “Бацькоўскага сходу”.

Далучайцеся да карыснага і цікавага чытання часопіса “Народная асвета”, каб метадычна ўзбагачацца і ніколі не спыняцца на шляху прафесійнага самаўдаскана­лення!

Святлана МАЗУРЫНА,
галоўны рэдактар