Фінішавала “Звонкая раніца — 4”. Адгрымелі апошнія акорды гала-канцэрта, аўтобусы і цягнікі развезлі ўдзельнікаў “Звонкай раніцы” дадому, педагогі вярнуліся да звыклай працы, але ва ўсіх шчымліва сціскаецца сэрца, калі ў думках узнаўляюцца імгненні жыцця чацвёртага сезона нашага конкурсу.
29 студзеня былі падведзены вынікі конкурсу юных вакалістаў “Звонкая раніца — 4”, фінал якога адбыўся на сцэне вялікай актавай залы Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Зубраня”. Засталіся ў гісторыі заняткі, рэпетыцыі, майстар-класы і практыкумы, сустрэчы і, канечне, справаздачныя канцэрты.
На жаль, не ўсе змаглі праявіць сябе напоўніцу — нехта з прычыны хваробы, а нехта з-за больш важных спраў. Адна з фіналістак “Звонкай раніцы” прадстаўніца Іўя Гродзенскай вобласці Ганна Халява, вельмі добра паказаўшы сябе на першым і другім этапах конкурсу (па выніках двух выступленняў яна трапіла ў дзясятку лідараў), вырашыла аддаць перавагу падрыхтоўцы да заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі. Спадзяёмся, што выступленне на алімпіядзе прынясе Ганне прызавое месца, а выступленні на сцэне — душэўную раўнавагу і добры настрой.
Вельмі вялікую падзяку хочацца выказаць хлопцам і дзяўчатам, якія дапамагалі вам, гледачам і чытачам, бліжэй знаёміцца са “Звонкай раніцай — 4”. Гэта вядучая ўсіх канцэртаў конкурсу Лізавета Ражкова з Рагачова Гомельскай вобласці, журналіст Карына Рыжкова з Оршы Віцебскай вобласці, фатограф Арцём Зотаў з пасёлка Энергетыкаў Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці, відэааператары Павел Галубінскі (таксама з пасёлка Энергетыкаў) і Міхаіл Лінаў з Віцебска — дзякуючы ім вы чулі і бачылі “Звонкую раніцу — 4” на старонках нашай газеты, сайце праекта і ў сацыяльных сетках.
Сістэма ацэньвання максімальна ўлічвала не толькі вакальныя здольнасці канкурсантаў, але і іх імкненне да самаўдасканалення, творчую самарэалізацыю і стараннасць. Менавіта таму за “дамашняе заданне” — выступленне на першым этапе — ад журы максімальна можна было атрымаць 40 балаў. Кампазіцыі на другі этап фіналісты развучвалі са сваімі новымі педагогамі. Рэпертуар падбіраўся такім чынам, каб канкурсант мог праявіць сябе ў нечым новым: нехта замест прывычных павольных песень спяваў энергічную (і нават танцаваў, чаго ніколі не бывала раней), хтосьці першы раз спрабаваў спяваць на замежнай мове (і нічога страшнага не было, што тэкст вывучыць не паспелі, — усякае бывае!), а некаму да ўсяго прыйшлося поўнасцю памяняць імідж, у чым, дарэчы, канкурсантам дапамагала касцюмер, стыліст і візажыст Наталля Бурмістрава, якая прыехала разам з танцавальным калектывам з Петрыкава. За другі этап кожны мог атрымаць ад журы 50 балаў. Трэці этап стаў самым складаным для канкурсантаў (і ацэньваўся ён, адпаведна, найбольш “дорага” — на 72 балы). Па-першае, большасць з іх упершыню спявала ў ансамблі, па-другое, для многіх магчымасць узаемадзеяння некалькіх выканаўцаў на сцэне была сапраўдным адкрыццём. Нарэшце, таму, што членамі журы ў той дзень былі пераможца “Звонкай раніцы — 2” і тэлепраекта “Поющие города” Юлія Жыдкая, а таксама заслужаная артыстка Беларусі Іна Афанасьева (некаторыя ансамблі выконвалі песні з яе рэпертуару).
“Мне вельмі прыемна прысутнічаць тут у якасці члена журы, слухаць свае песні і сусветныя хіты ў выкананні фіналістаў конкурсу, — адзначыла Іна Уладзіміраўна, выступаючы падчас канцэрта трэцяга этапу. — Канкурсанты сапраўды ўсе вельмі таленавітыя! Вялікі дзякуй артыстам, што падарылі нам такое шоу! Я ўпэўнена, што калі-небудзь вы будзеце стаяць на гэтай сцэне і ўспамінаць яе добрым словам! Кожны канкурсант, які выходзіў на сцэну, дзякаваў педагогам. І я таксама выказваю вялікую падзяку педагогам, якія займаліся з гэтымі дзецьмі, таму што навучыць і ўкласці нейкія ўменні і веды вельмі складана, а ўлічваючы, што на гэта было вельмі мала часу, гэта — каласальная праца! Нізкі паклон вам за гэта!”
На працягу 21 дня канкурсанты жылі адной сям’ёй. І калі на самым пачатку між імі і была канкурэнцыя, то напрыканцы конкурсу ўсе разам смуткавалі з-за няўдач і шчыра радаваліся перамогам сяброў. “Наша сям’я” — інакш не называлі жыхары корпуса “Зорны свет” сваіх сяброў і важатых: Алесю Валер’еўну Болбас, Ірыну Анатольеўну Фяськовіч, Дар’ю Сяргееўну Вітко, Аляксея Мікалаевіча Клімава, Ганну Віктараўну Казарэвіч і Яўгена Сцяпанавіча Мядзведзева. Менавіта педагогі, якія працуюць у НДЦ “Зубраня”, былі татамі і мамамі для “Звонкай раніцы” на працягу трох тыдняў, стваралі цёплую сяброўскую атмасферу і раскрывалі ў дзіцячых душах самыя лепшыя пачуцці.
У дзясятку пераможцаў, акрамя ўладальніцы гран-пры конкурсу Яны Семіжон (г.п.Халапенічы Крупскага раёна Мінскай вобласці), увайшлі Віялета Фралова (Гомель), Аляксандр Буеў (Орша Віцебскай вобласці), Лінда Азімава (Гомель), Настасся Сярнова (в.Завышша Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці), Артур Пачтовы (Магілёў), Ганна Сапоцкая (Слуцк Мінскай вобласці), Кацярына Філіпенка (г.п.Шуміліна Віцебскай вобласці), Іна Логіс (г.п.Халапенічы Крупскага раёна Мінскай вобласці) і Вераніка Сталпец (в.Дзярэчын Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці).
Спецыяльныя прызы ў намінацыі “Перспектыва” атрымалі Мікалай Севярын (Калінкавічы Гомельскай вобласці) і Арына Яронская (Салігорск Мінскай вобласці), у намінацыі “Прагрэс” — Вольга Мацюхевіч (Камянец Брэсцкай вобласці) і Цімафей Панізнікаў (Свіслач Гродзенскай вобласці). Пераможцамі галасавання гледачоў у зале (прыз глядацкіх сімпатый) сталі Віялета Фралова і Аляксандр Буеў, у СМС-галасаванні перамогу атрымала Лінда Азімава, а ў галасаванні ўдзельнікаў праекта — Яна Семіжон.
За час свайго існавання кастынгі конкурсу, арганізатарамі якога з’яўляюцца “Настаўніцкая газета” і НДЦ “Зубраня”, адбыліся ў 60 раённых цэнтрах нашай краіны, у іх узялі ўдзел амаль паўтары тысячы юных спевакоў. Фінал чарговага, чацвёртага сезона праекта традыцыйна адбыўся на беразе Нарачы. На яго з’ехаліся 42 фіналісты, якія прадстаўлялі 26 раёнаў Беларусі.
Наш невялікі педагагічны калектыў імкнуўся як мага лепш раскрыць магчымасці канкурсантаў: як вакальныя здольнасці, так і акцёрскія ўменні. І ў гэтым вялікая заслуга маладых педагогаў — студэнтаў выпускных курсаў Інстытута сучасных ведаў імя А.М.Шырокава Аліны Сяргееўны Дзямідавай, Алесі Іванаўны Чарняўскай, Алісы Андрэеўны Матвяюк і Алесі Аляксандраўны Ганчаровай. За кароткі тэрмін ім удалося паказаць юным спевакам іх магчымасці, навучыць валоданню сваім голасам. Для некаторых канкурсантаў заняткі па вакале былі першымі ў жыцці, бо многія з тых, хто ўдзельнічаў у конкурсе, раней спявалі толькі для сябе. І першы выхад на вялікую сцэну для іх быў сапраўдным святам.
У конкурсе перамагае мацнейшы. Гэта заўсёды было і будзе галоўным прынцыпам “Звонкай раніцы”. І хай злыя языкі ў сацыяльных сетках і ў каментарыях на сайце конкурсу www.zr.ng-press.by абвінавачваюць журы ў перадузятасці і “прасоўванні” асобных канкурсантаў. Наша сумленне чыстае. І, як і ў мінулыя гады, перамога дасталася менавіта таму, хто не проста валодае прыгожым голасам, але і гатовы вучыцца, расці над сабой, мяняцца ў лепшы бок, прыслухоўваючыся да парад спецыялістаў. Менавіта ў паразуменні педагога і навучэнца заключаны галоўны сакрэт такога поспеху. Некаму можа не падабацца праект і тое, што на ім ажыццяўляецца, але мы заўсёды падкрэсліваем: “Звонкая раніца” — гэта не проста вакальны конкурс, гэта адукацыйны (!) праект, скіраваны не столькі на вызначэнне лепшага (што таксама немалаважна!), колькі на рэалізацыю схаванага патэнцыялу маладых талентаў. Многія з канкурсантаў здолелі карэнным чынам змяніць свой імідж і манеру паводзін на сцэне, шмат хто паспрабаваў сябе ў незвычайным амплуа (што з’яўляецца адным з прынцыпаў конкурсу), некаторыя ўпершыню ў жыцці паспрабавалі выконваць песні на замежнай мове, спяваць у ансамблі, рухацца на сцэне і працаваць з танцавальным калектывам.
Вялікія дзякуй і словы захаплення мы адрасуем танцавальным калектывам, якія працавалі з намі ў гэтым годзе: “Экшн” з Петрыкава Гомельскай вобласці (мастацкі кіраўнік Ірына Анатольеўна Буднік), “Драйв” з Хойнікаў Гомельскай вобласці (мастацкі кіраўнік Алена Васільеўна Ляснічая) і “Эльфрыданс” з Горак Магілёўскай вобласці (мастацкі кіраўнік Алена Мікалаеўна Лызікава).
Заняткі і рэпетыцыі, справаздачныя канцэрты, зноў заняткі і зноў рэпетыцыі не пакідалі канкурсантам ні хвіліны вольнага часу. Але феерычныя шоу на сцэне і ўдзячныя апладысменты гледачоў былі найлепшай узнагародай.
Не схлушу, калі скажу, што “Звонкая раніца” з кожным годам набірае папулярнасць. Штогод расце колькасць праглядаў відэаматэрыялаў справаздачных канцэртаў, выкладзеных у інтэрнэт, і анлайн-трансляцый канцэртаў на нашым сайце. За дасягненнямі канкурсантаў ужо сочаць не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі: ва Украіне, у Расіі, Ізраілі, Германіі, ЗША.
У нашай краіне многа таленавітых дзяцей, але іх талент найперш трэба заўважыць і разгледзець. І мы вельмі рады таму, што ў глыбінцы ўдаецца адшукаць самародкаў, якія здольныя заткнуць за пояс тых, хто гадамі займаецца вакалам. Было б жаданне, а магчымасці для яго рэалізацыі знойдуцца. І таму мы не ставім кропку. Бывай, “Звонкая раніца — 4”! На старт, “Звонкая раніца — 5”!