Фішка ў модульнасці

- 8:02Адукацыйная прастора, Увайсці ў IT

Адзінаццацікласнік гімназіі № 2 Салігорска Расціслаў Шчуроўскі стварыў унікальны вымяральны прыбор, які адзначаны пераможным дыпломам рэспубліканскага маладзёжнага інавацыйнага праекта “100 ідэй для Беларусі”.

Лепш, чым разумны дом

Інавацыйны праект атрымаў назву “Evosol. Модульнасць у вымяральных прыборах” і выйграў канкурэнцыю ў намінацыі “Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі”. Акрамя вымяральнага прыбора, Расціслаў стварыў вэб-рэсурс, які забяспечвае кросплатформеннасць, прыцягвае патэнцыяльных кліентаў, выступае ў якасці блога для зносін з аўдыторыяй і знаёміць з прадуктамі праекта.

— Мая распрацоўка ўяўляе сабой модульны вымяральны прыбор, падключаны да дадатку для смартфонаў і вэб-сайта, — расказаў Расціслаў. — Яна аб’ядноўвае ў сабе большасць функцый, неабходных для даследавання мікраклімату, і здольна адсочваць такія параметры, як тэмпература паветра, вільготнасць, хуткасць ветру. У адрозненне ад існуючых аналагаў, Evosol эфектыўна выкарыстоўвае патэнцыял сучасных тэхналогій. Ён можа спатрэбіцца ў сельскагаспадарчай галіне, дзе неабходна вымяраць параметры глебы — фасфаты, нітраты, солі, арганічныя дабаўкі.

Таксама мой вымяральны прыбор здольны адсочваць вільготнасць паветра і ўзровень асветленасці памяшкання. Нешта падобнае можа прапанаваць разумны дом, але там датчыкі-вымяральнікі немабільныя, гэта значыць, дзейнічаюць толькі на адной лакацыі. У нас жа атрымаўся партатыўны варыянт, які праводзіць неабходныя замеры аўтаматычна.

Аналагаў няма

Галоўная дэталь вымяральнага прыбора Evosol — цэнтральная плата. Яна ўяўляе сабой мозг прылады. Да яе падключаюцца датчыкі і сэнсары, якія счытваюць усе параметры асяроддзя.

— Чымсьці нагадвае “разумную” зубную шчотку, у камплекце з якой ідзе некалькі ручак, — адзначыў Расціслаў. — У нас падобная сістэма. Паўстала неабходнасць вымераць паказчыкі глебы — выкарыстоўваем адны датчыкі, даследуем паветраную прастору — бяром іншыя. Я правёў дбайнае даследаванне рынку і магу сказаць, што такога плана прылад яшчэ ніхто не распрацоўваў. Былі спробы зрабіць амперметр-вальтметр, але ўсе прыйшлі да высновы, што мультыметр зручней.

Зараз з гэтым праектам я ўдзельнічаю ў конкурсе стартапаў Startup Heart. На гэтай стадыі Evosol трансфармаваўся ў паўнавартасную распрацоўку, якая паступова ўвасабляецца ў жыццё. Мы ўжо правялі даследаванне рынку, высветлілі, хто найбольш зацікаўлены ў нашым прадукце, вызначыліся з прадпрыемствамі, якія ў перспектыве могуць з намі супрацоўнічаць. Сельская гаспадарка, ахова здароўя, цэнтры гігіены і эпідэміялогіі — вось прыярытэтныя сферы, дзе Evosol можа прынесці найбольшую карысць.

Асноўная канкурэнтная перавага праекта Evosol у тым, што ён аб’ядноўвае ў сабе вымяральны прыбор, дадатак і вэб-рэсурс, што дазваляе аўтаматызаваць працэс збору даных.

Сакрэт кросплатформеннасці

Гэтая прарыўная ідэя прыйшла ў галаву Расціславу, калі хлопец дапамагаў свайму сябру Цімафею з работай над праектам па фізіцы:

— Для доследаў выкарыстоўваліся разнастайныя вымяральныя прыборы, многія з якіх, на мой погляд, былі састарэлымі. Я падумаў, што ў наш век інфармацыйных тэхналогій проста неабходна паспрабаваць мадэрнізаваць галіну і стварыў, акрамя вымяральнага модуля, спецыяльны дадатак. Ён прывязаны да асноўнага модуля Evosol і напісаны на мове Java. Пакуль што ўтыліта функцыянуе толькі на аперацыйнай сістэме Android, але яе лёгка можна перакампіляваць пад IOS-платформу. Дадатак дазваляе сістэматызаваць даныя, фарміруе з іх базу, аналіз якой можна правесці праз наш вэб-сайт. Дзякуючы гэтаму, не ўзнікае залежнасці ад адной прылады, калі варта ёй выйсці са строю, як усе даныя знікнуць. Праект Evosol дапамагае гэтага пазбегнуць.

Дарэчы, з сайтам таксама цікавая гісторыя. Яго распрацоўкай я заняўся, знаходзячыся на змене ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку. Вэб-рэсурс дазваляе аналізаваць усю інфармацыю, сабраную асноўным модулем і захаваную ў дадатку. Гэта паўнавартасная тэхналогія, якая аптымізуе работу супрацоўнікаў многіх галін.

Крок да мэты

Журы “100 ідэй для Беларусі” высока ацаніла ідэю Расціслава, а таксама адзначыла мэтанакіраванасць у рэалізацыі задумы. Але хлопец упэўнены: перамога тут — толькі пачатак. Ён ужо распрацаваў пяць крокаў далейшага развіцця Evosol:

— Шчыра кажучы, было прадчуванне, што магу выйграць, таму што праца праведзена каласальная. Я пачаў займацца праектам у красавіку 2020 года і ўклаў у яго шмат часу і сіл. Пастаянна нешта перарабляў, уносіў карэкціроўкі, нават аформіў дадатак і сайт у адпаведным стылі. Але ў момант абвяшчэння вынікаў адчуў нешта неверагоднае. Усё ж такі перамога ў такім прэстыжным конкурсе ніколі не даецца лёгка.

Зараз мы вылучаем пяць этапаў далейшага развіцця. Першы і самы галоўны — распрацаваць эфектыўную канцэпцыю прасоўвання прадукту за кошт якаснай адукацыйнай базы. Без гэтага не знайсці інвестараў для паўнавартаснай рэалізацыі, якая чакае нас на другой стадыі. Трэці пункт — стварэнне мінімальна жыццяздольнага прадукту. Застаюцца вытворчасць доследнай партыі і дастаўка заказчыкам. Разумею, што наперадзе шмат працы, але я ўжо дасягнуў нямала, таму абавязкова давяду пачатае да канца.

Фота з асабістага архіва
Расціслава Шчуроўскага.