Кожны новы навучальны год ставіць перад педагагічнай грамадскасцю актуальныя пытанні. Два з іх, несумненна, з’яўляюцца ключавымі: як забяспечыць эфектыўнае кіраванне ўстановай адукацыі і як падтрымаць асобаснае развіццё педагога? Менавіта гэтым тэмам прысвечаны асноўныя матэрыялы часопіса, якія мы прапануем вашай увазе.

Стратэгія поспеху
У чым заключаецца залог паспяховай работы ўстановы адукацыі? Хаця першым у галаву прыходзіць адказ пра згуртаваны калектыў, гэта толькі частка агульнай карціны.
Імідж і дасягненні любой школы грунтуюцца на дзейнасці дасведчанай кіраўніцкай каманды, здольнай не толькі вырашаць бягучыя задачы, але і працаваць на перспектыву. Менавіта стратэгічнае планаванне, пастаноўка канкрэтных мэт і мадэляванне сістэмных змяненняў вызначаюць траекторыю развіцця ўстановы.
Пошук эфектыўных падыходаў да кіравання стаў цэнтральнай тэмай конкурсу кіраўніцкіх практык “Эфектыўныя падыходы да кіравання сучаснай установай адукацыі”, арганізаванага Акадэміяй адукацыі. У нашай рубрыцы “Педагагічная асамблея” мы знаёмім чытачоў з вопытам пераможцаў, чые напрацоўкі могуць стаць арыенцірам для калег па ўсёй краіне.
Вопыт нераўнадушных
Яскравым доказам таго, што адукацыйны патэнцыял вясковых школ можа быць велізарным, з’яўляецца Лапацінская сярэдняя школа Гомельскага раёна. Гэтая ўстанова не першы год займае вядучыя пазіцыі ў адукацыйнай прасторы рэгіёна. Сакрэт поспеху, па словах дырэктара школы Галіны Непшы, заключаецца ў адкрытасці да ўсяго новага і плённай працы калектыву, аб’яднанага агульнымі мэтамі. Гарызонты дзейнасці лапацінскіх настаўнікаў сапраўды шырокія. Школа з’яўляецца актыўным удзельнікам Асацыяцыі школ Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь. У атмасферы творчасці і пастаяннага пошуку тут нараджаюцца інавацыйныя і эксперыментальныя праекты, ладзіцца эфектыўная выхаваўчая работа. Акрамя таго, установа прапануе старшакласнікам практыка-арыентаванае навучанне: яны маюць магчымасць атрымаць прафесію наладчыка апаратнага і праграмнага забеспячэння або займацца ў профільнай групе аграрнай накіраванасці. Дапаўняе адукацыйны працэс аб’яднанне па інтарэсах “Эксперыментальная біялогія”. На старонках нашага часопіса педагогі школы шчодра дзеляцца сваім вопытам арганізацыі метадычнай, вучэбнай і выхаваўчай работы.
Унутраны компас
Эфектыўнае кіраванне немагчыма без развітога эмацыянальнага інтэлекту — здольнасці разумець эмоцыі, канструктыўна ўзаемадзейнічаць і захоўваць устойлівасць у стрэсавых сітуацыях. Сёння гэтыя якасці становяцца прафесійным патрабаваннем, бо менавіта яны дазваляюць прымаць узважаныя рашэнні і быць больш прадукцыйным. Як развіць гэты важны навык? Адзін з самых дзейсных спосабаў, пацверджаны нейрабіялогіяй, — чытанне мастацкай літаратуры. Яна вучыць нас сацыяльнай чуйнасці, дапамагае разумець матывы ўчынкаў герояў, а значыць — і рэальных людзей вакол нас. Гэта не проста адпачынак, а магутны інструмент для асобаснага росту. Якія методыкі можна выкарыстоўваць для гэтага, чытайце ў рубрыцы “Бацькоўскі сход”.
Такім чынам, паспяховы кіраўнік і эфектыўны настаўнік сёння — гэта не толькі менеджар і прадметнік, але і асоба, здольная ствараць здаровую псіхалагічную атмасферу, натхняць і весці за сабой. Прафесійнае самаразвіццё і зварот да ўласнага ўнутранага свету — вось два крылы, якія дапамогуць нам упэўнена пачаць новы навучальны год.
Святлана МАЗУРЫНА,
галоўны рэдактар часопіса





