Францыск Скарына для сталічнай гімназіі № 1 — не толькі пачэсны сімвал, але і маральны арыенцір

- 12:46Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны

Сталічная гімназія № 1 носіць імя асветніка Беларусі Францыска Скарыны і вучыць дзяцей галоўнаму — Радзіму любіць. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Напэўна, невыпадкова заступнікам гімназіі № 1 (33 гады назад яна стала першай гімназіяй у краіне) быў выбраны менавіта першадрукар Скарына. Ён першым данёс да простых людзей друкаванае беларус­кае слова і ўсё жыццё прысвяціў таму, каб у сэрцах беларусаў пусціла карані любоў да роднай мовы, да Бацькаўшчыны. Ён стаяў у авангардзе нашай навукі і культуры, а адукаванасць лічыў найважнейшай якасцю чалавека. Сёння Скарына для гімназіі — не толькі пачэсны сімвал, але і маральны арыенцір. Бо “вялікую ласку” меў ён да Беларусі — як усе звяры, рыбы і птушкі, якія лётаюць па ўсім свеце, але свае гнёзды ведаюць.

Як прывіць дзецям любоў да Радзімы, якая роля ў гэтым Скарыны? Аб гэтым наша размова з дырэктарам установы адукацыі Наталляй Бушной, заслужаным нас­таўнікам Рэспублікі Беларусь, выдатнікам адукацыі, уладальніцай званняў “Мінчанін года” і “Жанчына года”. Больш за 20 гадоў Наталля Уладзіміраўна кіруе сталічнай гімназіяй № 1.

27 лютага гэтага года гімназія атрымала ганаровае званне “Школа міру”.

Любоў да роднага краю немагчыма выклікаць неяк раптам, напрыклад, падчас аднаго ўрока, — гаворыць яна. — Гэта руцінная, карпатлівая, штодзённая праца педагогаў, якая пачынаецца з першага класа. Бачыце — у нас тут Скарына ўсюды. Яго партрэты, постэры, якія маюць дачыненне да асветніка, знаходзяцца ледзь не ў кожным кутку, устаноўлены і яго бюст. Амаль на ўсіх мерапрыемствах мы выкарыстоўваем яго вобраз. 1 сакавіка мы адзначалі дзень нараджэння нашай гімназіі — Скарына там таксама “прысутнічаў”: звычайна хтосьці з дзяцей выконвае гэтую ролю, апранае адпаведны касцюм, які ёсць у нашым музеі. Ра­зам з першадрукаром на сцэну выхо­дзяць і Еўфрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі. Пяцікласнікі падчас свята пасвячэння ў гімназісты даюць клятву “перад памяццю славутага Скарыны”, а літары “ФС” нашыты на зялёных і бардовых камі­зэльках нашых навучэнцаў. Такія дэталі паступова, пакрысе выхоўваюць у дзяцей той самы патрыятызм.

Вядома, нельга навучыць дзяцей лю­біць Радзіму, калі не любіш яе сам. Дырэктар адзначае, што школьнікі добра адчуваюць, наколькі ты шчыры. Педагогу трэба спачатку самому стаць патрыётам, а потым ужо выхаванцаў вучыць. Наталля Ула­дзіміраўна лічыць, што чалавека, які не паважае родную зямлю, абавязкова спасцігне вялікая непавага ад іншых.

Усё новае, прагрэсіўнае, што было ў адукаванай Еўропе, Скарына стараўся прынесці на родную зямлю. Не марыў з’ехаць “да лепшага жыцця”, а закладаў у сваім народзе павагу да роднага слова і Зямлі. Працаваў не дзеля славы і набытку, а дзеля асветы “люду паспалітага”. На гэтым трэба акцэнтаваць увагу дзяцей, лі­чыць дырэктар:

Памятаю са свайго дзяцінства, савецкае пакаленне нараджалася з пачуццём патрыятызму, мы з ім нібыта адразу ўжо з’яўляліся на свет, ідэалогія была адзі­ная для ўсіх. Любіць Радзіму было натуральна, гэта нават не абмяркоўвалася. Не было тады і такіх інфармацыйных тэхналогій, а значыць, у моладзі было менш спакус. Страшная Вялікая Айчынная вайна яшчэ заставалася ад нас недалёка — мы добра засвоілі аповеды бацькоў, дзядоў пра яе жахі — голад, боль, смерць, разумелі, што трэба цаніць мір. На жаль, некаторыя прадстаўнікі сучаснай моладзі, на мой погляд, адарваны ад каранёў. Існуюць пэўныя прабелы ў іх патрыятычным выхаванні, вынік чаго мы бачылі ў 2020 годзе. Вось гэта мы прызваны выправіць, каб нашы дзеці заставаліся сёння тут, прыносілі карысць сваёй Айчыне, а не марылі некуды паехаць. Вядома, часта рашэнне, дзе жыць і вучыцца, у школьным узросце прымаюць за дзяцей іх бацькі. Таму рабоце з імі таксама ўдзя­ляем вялікую ўвагу — запрашаем на ўсе знакавыя мерапрыемствы ў жыцці гімназіі. Напрыклад, не так даўно на пасвячэнні ў гімназісты ў вялікай актавай зале сабраліся 111 пяцікласнікаў, іх бацькі, нават бабулі і дзядулі. Усе разам спявалі: “Мы, беларусы — мірныя людзі, сэрцам адданыя роднай Зямлі”. Радасна было гэта бачыць і чуць.

У гімназіі праходзіць інтэлектуальнае спаборніцтва “Нашчадкі Скарыны”, а ў многіх конкурсах, алімпіядах абавязкова ёсць пытанні па гісторыі Беларусі, роднай мове. Педагогі прымаюць удзел у Скарынаўскіх чытаннях, дзеляцца вопытам і знаходкамі, як зацікавіць дзяцей інтэлектуальнай творчасцю, патрыятычным выхаваннем, пры­віць любоў да беларускага слова, культуры.

Скарына для гімназіі — не толькі пачэсны сімвал, але і маральны арыенцір. Бо “вялікую ласку” і любоў меў ён да Беларусі.

— Уражвае, як моцна наш першадрукар, адзін з самых адукаваных людзей свету, любіў Беларусь, свой Полацк, — гаво­раць вучні 4 класа.

Яны працуюць экскурсаводамі ў музеі гімназіі, якому хутка споўніцца 20 гадоў. За гэты час тут саб­ралі шмат цікавых экспанатаў — ёсць узноўлены касцюм Скарыны, стэнды, прысвечаныя першадрукару, а таксама Еўфрасінні Полацкай, князю Вітаўту, Кірыле Тураўскаму. Для дзяцей праводзяцца музейныя заняткі, квесты.

Акрамя экспазіцыі “З іменем Скарыны”, у музеі створана яшчэ адна — прысвечаная генацыду беларускага народа.

— Гэтыя тэмы, на першы погляд, розныя, але на самай справе цесна звязаны адна з адной, — адзначае дырэктар. — Здаецца, дзе Скарына, а дзе генацыд — розныя паняцці, розныя часы. Але не так даўно, калі мы адкрывалі выставу, прысвечаную генацыду, у актавай зале нашу размову “Жыць у міры і зго­дзе: сям’я, грамадс­тва, дзяржава” пачалі менавіта з узгадання першадрукара. Таму што ён — першы і галоўны патрыёт нашай Радзімы. Дарэчы, на сустрэчы прысутнічаў пракурор Ленінскага раёна Дзмітрый Лук’янаў, прыходзіла да нас і Надзея Рыгораўна Лось, якая была малалетнім вязнем лагера смерці ў Азарычах, іншыя пачэсныя госці. Усе яны адзначылі вялікую ролю Скарыны ў патрыятычным выхаванні дзяцей.

Культура выхоўваецца з маленства: прыклад гэтага — сённяшні дзесяцікласнік гімназіі Марк Кодзенеў, у мінулым годзе пераможца заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, а ў гэтым хлопец узяў 1-е месца на яе гарадскім этапе. Марк вялікі аматар роднага слова, а цікавасць да ўсяго самабытнага, беларускага праявілася ў яго яшчэ ў пачатковых класах, калі для музея гімназіі ён сваімі рукамі зрабіў малую копію драўлянага друкарскага станка. Таго самага, на якім працаваў Скарына: станок па старажытнай тэхналогіі друкуе літары “ф” і “с”. На ўсё жыццё гэтая работа падарыла Марку любоў да роднай культуры.

Сваю зямлю трэба рабіць лепшай, а не чужую, і на першым месцы заўсёды павінна стаяць свая хата, а не заморскі край — гэтаму вучыць гімназістаў Скарына. Чалавека, які не паважае Бацькаўшчыну, абавязкова нарэшце самога спасцігне вялікая непавага ад іншых.

Нашы дзеці ездзяць у краязнаўчыя экспедыцыі па ўсёй краіне, у тым ліку на радзіму Скарыны — у Полацк, — расказвае Наталля Бушная і праглядае гімназічны Telegram-канал: кожны дзень ён дапаўняецца інфармацыяй і фота з розных мерапрыемстваў. — Жыццё ў нас кі­піць, няма калі адпачы­ваць. Працуе шмат гурткоў, праектаў. Хачу адзначыць даследчую дзейнасць нашых навучэнцаў — работы “Паэтычная Скарыніяна”, “Кнігадрукаванне: асаблівасці кніг Скарыны”.

З дзецьмі рознага ўзросту педагогі наведваюць Брэсцкую крэ­пасць, арганізуюць паезд­кі на пагранзаставу, у Хатынь, на Курган Славы. Працуюць валанцёрскія атрады, адзін з напрамкаў — супрацоўніцтва з домам-інтэрнатам для састарэлых і інвалідаў “Выток” у Заслаўі.

— У мінулым годзе мы былі там напярэдадні рэферэндуму па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэс­публікі Беларусь, — узгадвае дырэктар. — Дзяцей вельмі здзівіла, наколькі старыя людзі — некаторым было ўжо за 90 гадоў — разбіраюцца ў тэме. Яны гатовы размаўляць з моладдзю, адказваць на самыя складаныя пытанні, дзяліцца жыццёвым вопытам.

Такім жа быў і Скарына — не проста асветнікам, а педагогам для ўсяго народа. Таму ў гімназіі шмат увагі ўдзяляюць праек­там, звязаным з выхаваннем любові да беларускага слова. Стараюцца выхаваць асобу, здольную ўспрымаць і аналіза­ваць складаныя, глыбокія тэксты. За добрую працу па фарміраванні чытацкай культуры ў дзяцей прадстаўнікі Праваслаўнай царквы ўручылі гімназіі факсімільнае выданне “Слуцкага Евангелля”, якое з’яўляецца духоўнай святыняй нашага народа.

* * *

1 сакавіка 1990 года сталічная школа № 30 стала першай у краіне гімназіяй. У наступным годзе ёй было дадзена імя Францыска Скарыны. Шмат для гэтага зрабіла тагачасная дырэктар установы адукацыі выдатны педагог Людміла Міхайлаўна Лабадаева. Яна імкнулася да таго, каб гімназія стала лепшай, накіроўвала на гэта ўвесь свой вопыт і веды. І неаднойчы ўстанова адукацыі сапраўды станавілася лепшай — у раёне, у горадзе. Сёння пад заступніцтвам першадрукара навучэнцы гімназіі штогод займаюць першыя месцы на розных конкурсах і алімпіядах.

— Статус першай гімназіі да многага абавязвае, — падкрэслівае Наталля Бушная. — Стараемся яму адпавядаць, пачэсна носім імя першадрукара. Прыемна, што нашага Скарыну добра ведаюць і за мяжой. Напрыклад, у Празе стаіць яму помнік і, спадзяюся, будзе стаяць там вечна. І ў нашай гімназіі мы будзем захоўваць скарынаўскія традыцыі, працягваць тое, што пачалі 33 гады назад. З дапамогай нашых выдатных вучняў і педагогаў.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара