«Галерэя педагагічных ідэй»: педагогі ліцэя № 1 Гродна прадэманстравалі свой прафесійны стыль

- 10:06Новости, Портфолио

Паўзаемадзейнічаць у нефармальнай атмасферы, прадэманстраваць свой прафесійны педагагічны стыль і напоўніць яго новым зместам педагогам ліцэя № 1 імя акадэміка Ю.М.Астроўскага Гродна дазволіў цыкл метадычных мерапрыемстваў “Галерэя педагагічных ідэй”.

Якасць работы ўстановы адукацыі грунтуецца на высокім узроўні прафесіяналізму педагагічных работнікаў, паколькі гэта ў многім вызначае задаволенасць усіх зацікаўленых суб’ектаў канчатковымі вынікамі працы. Менавіта таму для кіраў­ніцтва ліцэя было і застаецца актуальным пытанне стварэння цэласнай сістэмы мер і мерапрыемстваў, накіраваных на развіццё і ўдасканаленне прафесійнага майстэрства і творчасці кожнага педагога, на яго бесперапынную адукацыю з мэтай забеспячэння якасці адукацыйнага працэсу, дасягнення аптымальнага ўзроўню адукацыі, выхавання і развіцця асобы кожнага навучэнца.

Як правіла, “Галерэя педагагічных ідэй” стартуе ў ліцэі ў лютым і завяршаецца ў сакавіку. У бягучым навучальным годзе старт быў дадзены тыднем калектыўнай педагагічнай творчасці. У педагагічным бранчы на тэму “Імі­джавыя падыходы для рэкламы ліцэйскай адукацыі” прынялі ўдзел кіраў­ніцтва і ўсе педагогі ліцэя. Працуючы ў групах, настаўнікі ў сумесным дыялогу спрабавалі вызначыць стратэгічныя напрамкі перспектыўнага развіцця ліцэя. Мадэратарамі ў групах выступілі дырэктар Ігар Маслаў і яго намеснікі. Адна з груп працавала над стварэннем інтэлектуальнай (ментальнай) карты “Імідж ліцэя”, плануемы прадукт якой — стратэгіі павышэння імі­джу ліцэя ў сістэме ўстаноў адукацыі Гродна. Другая група падчас калектыўнай дыскусіі сфармулявала маркетынгавыя рашэнні для магазіна карпаратыўнай прадукцыі ліцэя. Трэцяя — намеціла стратэгічныя этапы развіцця ўстановы адукацыі на наступныя 5 гадоў і стварыла таймлайн “Праграма развіцця ліцэя”. Чацвёртая група педагогаў прапанавала ідэі па рэарганізацыі профіляў навучання ў ліцэі з улікам патрабаванняў часу і патэнцыялу ўстановы адукацыі.

Наступным мерапрыемствам стала сустрэча педагогаў ліцэя ў метадычнай гас­цёўні па тэме “Фарміраванне функцыянальнай дасведчанасці ў вучняў”. Педагогі прапанавалі варыятыўныя шляхі развіцця функцыянальнай дасведчанасці сродкамі вучэбных прадметаў, якія выкладаюцца.

Пашырыць гарызонты метадычнай творчасці дазволіла сустрэча прадстаўнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Ленінскага раёна Гродна ў фармаце сусветнага кафэ. Удзельнікам гэтай сустрэчы было прапанавана разнастайнае меню па тэме “Работа ўстановы адукацыі ў рамках рэспубліканскага праекта “Бацькоўскі ўніверсітэт”. У нязмушанай атмасферы педагогі-калегі абмеркавалі тэматыку кансультацый педагога сацыяльнага і педагога-псіхолага, эфектыўныя формы ўзаемадзеяння з законнымі прадстаўнікамі навучэнцаў і павышэння іх матывацыі для ўдзелу ў пасяджэннях бацькоўскага ўніверсітэта, спосабы прыцягнення саміх бацькоў, а таксама спецыялістаў зацікаўленых арганізацый да ўдзелу ў пасяджэннях, формы зваротнай сувязі з законнымі прадстаўнікамі навучэнцаў па выніках праведзеных мерапрыемстваў і інш. Усе наведвальнікі кафэ атрымалі зарад пазітыўных эмоцый і магчымасць прэзентаваць свой вопыт работы ў асяроддзі аднадумцаў.

Мэта мерапрыемства — праз узаемадзеянне і супрацоўніцтва стварыць для педагогаў адзіную інтэграваную адукацыйна-прафесійную прастору, умовы для трансляцыі і ўзаемаўзбагачэння вопыту.

У рамках мерапрыемстваў тыдня трансляцыі вопыту будучаму пакаленню педагогаў адбылася сустрэча з дырэктарам ліцэя, настаўнікам-метадыс­там, дыпламантам заключнага этапу рэс­публіканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2011”, членам рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель” Ігарам Маславым. Педагогі правялі адкрытыя вучэбныя заняткі для навучэнцаў — будучых педагогаў.

Наступным блокам “Галерэі педагагічных ідэй” стаў тыдзень прафесійнай самапрэзентацыі, на якім педагогі ліцэя мелі магчымасць падзяліцца асабістым прафесійным эфектыўным вопытам. Калегі наведалі майстар-клас настаўніка гісторыі па выкарыстанні прыёмаў візуалізацыі вучэбнага матэ­рыялу па тэме “Наш край у гады Вялікай Айчыннай вайны”, паглыбіліся ў атмасферу трагічных падзей, якія адбываліся на Гродзеншчыне ў акупацыйны перыяд, даведаліся пра факты генацыду насель­ніцтва нашага рэгіёна, выканалі практычныя заданні метадычнага практыкуму.

Педагагічную майстэрню арганізавалі настаўнікі гісторыі і геаграфіі, прадэманстраваўшы магчымасць інтэграцыі двух прадметаў праз выкарыс­танне актуальнага для навучэнцаў новага пакалення інструментарыю візуалізацыі вучэбнай інфармацыі. Па выніках заняткаў педагогі склалі інтэрактыўную карту славутасцей рэгіёнаў Рэспуб­лікі Беларусь.

Настаўнікі хіміі правялі ўрок для дарослых. Праслухаўшы інструктаж аб правілах бяспечных паводзін пры правядзенні хімічных доследаў, педагогі ліцэя падчас выканання эксперыментаў атрымалі мадэль вывяржэння вулкана, штучную кроў, правялі рэакцыю па нейтралізацыі салянай кіслаты, каб зразумець, што адбываецца ў страўніку чалавека, рэакцыю па дэнатурацыі бялку, каб даведацца, як з’яўляюцца апёкі, рэакцыю з гліцэрынай і гідраксідам медзі, каб уба­чыць, як вырабляюцца крэмы ў касметалогіі.

Майстар-клас па стварэнні электронных сродкаў навучання і самапрэзентацыі настаўніка ў інтэрнэце правялі намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Вольга Нерад, а таксама настаўнікі-інаватары ліцэя.

Безумоўна, значнымі фактарамі стварэння ўмоў для прафесійнай самарэалізацыі педагогаў выступаюць атмасфера супрацоў­ніцтва і добразычлівых адносін у калектыве, яго згуртаванасць, наяўнасць моцных традыцый і карпаратыўнага духу. Менавіта таму “Галерэя педагагічных ідэй” у ліцэі завяршылася тыднем згуртавання педагагічнага калектыву. Для настаўнікаў быў арганізаваны псіхалагічны трэнінг “Звязаныя адным ланцугом”, на якім кожны ўдзельнік меў магчымасць усвядоміць сэнс дэвіза нашай навучальнай установы “Будзем першымі — дзякуючы кожнаму!”. А на ўроку для дарослых па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе” педагогі мелі магчы­масць набыць навыкі скандынаўскай хадзьбы.

Практыка паказвае, што на якасць метадычнай работы ва ўстанове адукацыі ўплыва­юць розныя фактары. Гэта і ўзровень згоды паміж настаўнікамі і менеджарамі адукацыі ў прыняцці агульнакамандных задач, і ступень праяўлення актыўнасці, і магчымасці для запазычання ўдзельнікамі метадычных мерапрыемстваў узораў эфектыўнага педагагічнага вопыту. Аднак нельга не пага­дзіцца з думкай аб тым, што самаадукацыя педагога ў сценах установы адукацыі залежыць ад жадання ўзаемадзейнічаць з калегамі для ўзбагачэння і развіцця свайго паспяховага вопыту.

Вольга НЕРАД,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
ліцэя № 1 імя акадэміка Ю.М.Астроўскага Гродна