Гальшанскія таямніцы

- 12:30Краязнаўства

Вучоныя Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук кожнае лета праводзяць раскопкі ў старажытных Гальшанах. 15 гадоў ім дапамагаюць у рабоце мясцовыя настаўнікі і школьнікі. Сёлета даследчыкі зноў зрабілі шэраг адкрыццяў. Знойдзеныя артэфакты зараз карпатліва вывучаюцца ў акадэмічных лабараторыях.

Старажытнае мястэчка Гальшаны — адно з самых загадкавых на Беларусі. Гэта сапраўдны музей пад адкрытым небам. Гісторыяй тут дыхае кожны будынак, дух даўніны адчуваецца на кожным кроку. Захаваліся вузкія вулачкі з гандлёвымі радамі, утульная плошча і манастырскі комплекс францысканцаў (XVII—XVIII стст.). Нядзіўна, што гісто­рыяй у Гальшанах захапляюцца не толькі дарослыя, але і дзеці. Выдатным прыкладам таго служыць профільны гісторыка-археалагічны летнік “Кентаўры”, які 15 гадоў сумесна з прадстаўнікамі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук даследуе Гальшанскае пасяленне.

Раённы летнік юных археолагаў размяшчаецца ў Гальшанскай сярэдняй школе. Сёлета ён працаваў пятнаццаць дзён.

Калі я сам быў яшчэ вучнем гэтай школы, ужо тады дырэктар Эдуард Сямёнавіч Корзун арганізаваў настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў на сумесны збор экспанатаў для гісторыка-краязнаўчага музея. Сёння ён налічвае больш за 1500 аўтэнтычных прадметаў. У музеі прадстаўлена шматвекавая, насычаная падзеямі і багатая на знакамітых асоб гісторыя Гальшанскага краю.

Можа, менавіта таму школьнікі з вялікім энтузіязмам дапамагалі вучоным-археолагам. Навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Павел Міхайлавіч Кенько цярпліва і з любоўю да сваёй прафесіі расказваў дзецям пра тонкасці правядзення раскопак, тлумачыў ім нюансы работы са знаходкамі, суправаджаў працэс цікавымі аповедамі і легендамі. Юныя археолагі навучыліся карыстацца спецыяльнымі ромбападобнымі лапаткамі, сітамі і пэндзлямі, актыўна працавалі і ўсім вядомай штыкавой лапатай.

Некаторыя знаходкі здзіўлялі не толькі школьнікаў, але і навукоўцаў. Так, падчас раскопак была знойдзена вялікая колькасць пліткі для падлогі, фрагменты візантыйскай амфары, бронзавы бранзалет, наканечнікі стрэл, падвеска-медальён з выявай быка, сярэбраная рымская манета з выявай імператара Траяна 116 г. н.э., шматлікія вырабы з косці і рагоў і інш.

Зрэшты, у гальшанскай зямлі схавана яшчэ шмат таямніц, важных для далейшага вывучэння гісторыі. Падчас раскопак дзеці вучацца шанаваць мінулае і марыць пра будучыню. Я лічу, што патрыятызм пачынаецца з малога — з любові да сваёй сям’і, да сваёй школы, да свайго мястэчка. Паступова пашыраючыся, яна пераходзіць у любоў да роднай краіны, да яе гісторыі і сучаснасці.

Навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі Сярэдніх вякоў і Новага часу
Інстытута гісторыі НАН Беларусі
Павел КЕНЬКО:

“Сёлета рабоце нашай экспедыцыі традыцыйна дапамагалі настаўнікі і навучэнцы Гальшанскай сярэдняй школы. Раскопкі праводзіліся на малым гарадзішчы. У ходзе даследавання была выяўлена спаленая пабудова, якая, відаць, з’яўлялася ўязной брамай. Там мы знайшлі 24 наканечнікі стрэл 11-ці тыпаў. Самы ранні з іх — наканечнік стралы гунаў V стагоддзя (на здымку). Дарэчы, за гады раскопак у Гальшанах іх знойдзена ўжо каля 15 штук — сведчанне невядомых паходаў гунаў на нашы землі.

Астатнія знойдзеныя наканечнікі маюць шырокае датаванне (VIII—XIII стст.) — гэта, хутчэй за ўсё, сляды міжусобных войнаў. Але, напрыклад, выдзяляюцца два мангольскія наканечнікі “зразня”.

Раскопкі ў Гальшанах праводзіліся таксама каля будынкаў школы і аптэкі. Там былі знойдзены прадметы ХIV—XVII стст., у тым ліку манета Залатой Арды ХIV ст. і маленькі бронзавы абразок XVI—XVII стст.

На ўскраіне Гальшан выяўлены два новыя селішчы. У ходзе раскопак там знайшлі кераміку, манеты, пярсцёнкі, гузікі, літнікі і іншыя прадметы. Усё гэта дазваляе датаваць абодва селішчы ў межах XIII—XIX стст.

Таксама быў даследаваны курган з каменнай абкладкай. Там знайшлі мініяцюрную сякеру і ножык (як мяркуецца, Х ст.).

Усе знаходкі гэтага лета зараз знаходзяцца ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі. Тут іх даследуюць, апішуць і класіфікуюць, пасля чаго яны зоймуць сваё месца сярод іншых археалагічных артэфактаў. Частка знаходак папоўніць калекцыю музея Гальшанскай школы”.

Ігар КАРАЛЕВІЧ,
дырэктар летніка “Кентаўры”, настаўнік геаграфіі Гальшанскай сярэдняй школы Ашмянскага раёна.