Восем гадоў у Гальшанскай сярэдняй школе Ашмянскага раёна паспяхова працуе бізнес-кампанія, якая займаецца вырошчваннем кветак. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Натхняючыся малой радзімай
Кожны раз, засяроджваючы ўвагу на кветкавай разнастайнасці школьных клумбаў, здзіўляешся бязмежнасці творчасці педагогаў.
І ўсё ж прыклад Гальшанскай школы ўнікальны. Толькі кветак віёлы сёлета вырасцілі больш за 3 тысячы штук! Гэта справа рук настаўнікаў і вучняў, якая радуе жыхароў не толькі Гальшан, але і суседніх населеных пунктаў, а таксама прадпрыемствы і арганізацыі, якія закупляюць пасадачны матэрыял для клумбаў у самай квітнеючай школе раёна.

Дырэктар школы Марына Гайдукевіч і намеснік дырэктара Зоя Гусева з навучэнцамі
— Галоўная мэта бізнес-кампаніі — прывіць школьнікам цікавасць да працы. Той працы, якая ў літаральным сэнсе радуе яркімі фарбамі, — гаворыць дырэктар школы Марына Гайдукевіч. — Удзел у бізнес-кампаніі развівае фінансавую дасведчанасць, вучыць школьнікаў паважліваму стаўленню да прыроды і беражлівасці. Напрыклад, каб прапікіраваць нашу расаду кветак, “кубачкі” з каробак ад малака ў нас збіраюць усе. І нават узбагачаны грунт мы не набываем у магазінах. У нас ёсць свае памочнікі — каліфарнійскія чарвякі, якіх прэзентавала адно з прадпрыемстваў аграгарадка.

З 3 па 11 клас у рамках гадзін грамадска карыснай працы свой уклад у важную справу робяць усе школьнікі. Тут ёсць відавочныя лідары, актывісты, якія працуюць у цесным кантакце з настаўнікам біялогіі Ігарам Каралевічам і куратарам бізнес-кампаніі намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце Зояй Гусевай.
— У нашай кампаніі да дробязей прадумана ўсё, уключаючы лагатып у выглядзе круга з уплеценымі ў яго кветкамі і галінкамі бярозы. Круг — сімвал бясконцых магчымасцей, з кветкамі ўсё зразумела, а галінкі бярозы сімвалізуюць гай на тэрыторыі школы, дзе любяць бавіць час жыхары Гальшан, — расказвае дзесяцікласніца Ульяна Петрына.
Даглядаюць зялёныя насаджэнні вучні і падчас летняга працоўнага кругласутачнага лагера, а на вясновых і восеньскіх канікулах фарміруюцца адпаведныя брыгады. У школьнікаў ёсць магчымасць адчуць і фінансавую падтрымку сваёй працы.
Бізнес-кампанія для школьнікаў — яшчэ і магчымасць развіцця лідарскіх якасцей. Кожны год вучні Гальшанскай школы — у ліку пераможцаў абласнога фестывалю-конкурсу бізнес-кампаній.
З ранніх гадоў яны ведаюць, як правільна і лагічна выбудаваць бізнес-праект, і гэтае ўменне, безумоўна, спатрэбіцца ім у дарослым жыцці.
— Кожную вясну разам з навучэнцамі мы актыўна ўдзельнічаем у азеляненні тэрыторыі каля помнікаў і месцаў пахаванняў. Так што наша кветкавае пачынанне дапамагае і ў справе патрыятычнага выхавання, — дадае Марына Гайдукевіч.
Даследаванні і падарункі

Нават даследчыя работы юных чамучак нярэдка звязаны са светам кветак. Напрыклад, у 2 класе выхаванцы Вольгі Валянцінаўны Рагінскай вывучалі, якія ўмовы неабходна выканаць, каб у невялікім кашпо да 8 Сакавіка вырасціць цюльпан. Вынікамі даследавання сталі не толькі сфармуляваныя высновы, але і цюльпаны, якія распусціліся і былі ўручаны мамам дзяцей на свята.
— Рэалізаваны даследчы праект падказаў нам яшчэ адну ідэю, — працягвае дырэктар. — Да вясенняга свята рэалізуем кветкі для грунту ў індывідуальных падарункавых упакоўках. Кошт сімвалічны, а радасць вялікая. І адказнасць школьнікаў у доглядзе зялёных насаджэнняў пры такім падыходзе павышаецца ў разы.

Пасля знаёмства з установай адукацыі кіраўнік з усмешкай заўважае, што цяпер прыйшоў час пазнаёміцца з сэрцам вялікай квітнеючай прасторы школы. Накіроўваемся да цяпліц з тысячамі фіялак, якія высадзілі, дарэчы, яшчэ восенню.

— Па календары кветкі ўжо маглі б быць высаджаны і рэалізаваны, але капрызы сёлетняй вясны дазволілі вам убачыць наш кветкавы аазіс, — адзначае дырэктар.
Буйныя адналетнікі белага, жоўтага, блакітнага і фіялетавага колераў — вынік вялікай працы ўсяго калектыву. Гэты астравок прыгажосці ўплывае на ўспрыманне вучнямі школы.

— У мінулым годзе ля ўвахода ва ўстанову высадзілі вялікую клумбу ў форме сэрца. Для яе афармлення спатрэбілася больш за 600 петуній і цынерарый. Сёлета каля клумбы-сэрца ўсталявалі флагшток, і нашы выпускнікі абавязкова зробяць тут здымак на памяць, — працягвае экскурсію Марына Гайдукевіч.
Нават тэрыторыя за школьнай агароджай падобная на парк: аўтэнтычныя лаўкі і па-гаспадарску дагледжаныя газоны, алеі з дэкаратыўных кустоў і цікавыя кампазіцыі…

Як адзначае дырэктар, ва ўстанове выхаваўчы патэнцыял рэалізуецца яшчэ да таго, як вучні пераступаюць школьны парог. З гэтай думкай цяжка спрачацца. Эстэтыка, бездакорны густ і ідэальны парадак на школьнай тэрыторыі яшчэ да пачатку заняткаў настройваюць дзяцей на адпаведны лад. Фактычна кожны вучань у Гальшанах разумее: за гэтай прыгожай карцінкай стаіць у тым ліку яго праца.
Праца круглы год

Больш за дзясятак лямпаў дзённага святла ўпершыню ўключаюцца ў спецыяльна адведзеным школьным памяшканні яшчэ ў канцы студзеня. Тут да разгару кветкавага сезона падрастаюць бягоніі і петуніі, вяргіні і пеларгоніі, сальвіі, фуксіі, лабеліі. На школьным двары кожны год расце вялікая колькасць саджанцаў кустоў хрызантэм, спірэй, туй, самшыта, лаванды… Зразумела, вырошчваюць у школе і перцы, таматы, капусту, якія ідуць на патанненне харчавання школьнікаў. І ўсё ж ключавы акцэнт — віёлы, пра якія ва ўстанове адукацыі ведаюць усё і нават больш.
— Актывісты нашай бізнес-кампаніі — не проста памочнікі. З веданнем справы яны ўжо раздаюць парады па доглядзе аднагадовых і шматгадовых раслін сваім блізкім, — заўважае Марына Гайдукевіч.
Гэта можна лічыць адным з галоўных вынікаў арганізаванай работы. Разам з тым нельга не ўлічваць эканамічны эфект. Кожны год даход ад рэалізацыі расады складае каля 20 тысяч рублёў, і гэтыя сродкі працуюць у інтарэсах школьнікаў. У мінулым годзе, дарэчы, набылі тэлевізар і камп’ютар для аднаго з вучэбных класаў, правялі касметычны рамонт.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара





