Дырэктар навукова-даследчага фізіка-хімічнага інстытута ГДУ імя Ф.Скарыны, член-карэспандэнт НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь, доктар хімічных навук, прафесар Аляксандр Уладзіміравіч Рагачоў удастоены звання “Ганаровы грамадзянін правінцыі Цзянсу (Кітай)”. Высокая ўзнагарода прысвоена вучонаму за істотны ўклад у развіццё беларуска-кітайскага супрацоўніцтва ў сферы навукі і адукацыі.
Правінцыя Цзянсу — адна з найбуйнейшых у КНР з насельніцтвам каля 80 мільёнаў чалавек, ёй належыць 2-е месца ў краіне па валавым унутраным прадукце. Ганаровае званне прысвойваецца людзям, якія сваёй дзейнасцю садзейнічаюць развіццю міжнародных адносін, росту эканомікі, навуковага і прамысловага патэнцыялу Цзянсу. Сярод ганаровых грамадзян правінцыі — навукоўцы, члены ўрада, спартсмены, культурныя дзеячы з Аўстраліі, Італіі, Канады, Расіі, ЗША, Паўднёвай Карэі.
Прафесар Рагачоў ужо больш за 20 гадоў плённа супрацоўнічае з Нанкінскім універсітэтам навукі і тэхналогій (г.Нанкін, правінцыя Цзянсу). Пад яго кіраўніцтвам выпускнікі гэтага ўніверсітэта абаранілі дысертацыі на атрыманне вучонай ступені кандыдата тэхнічных навук, выканалі шэраг сумесных беларуска-кітайскіх навукова-даследчых праектаў у сферы нанатэхналогій, некалькі кантрактаў на пастаўку інавацыйнага абсталявання.
Пры непасрэдным удзеле Аляксандра Рагачова ў 2012 годзе на базе ГДУ імя Ф.Скарыны і ў Нанкінскім універсітэце навукі і тэхналогій была адкрыта міжнародная Кітайска-Беларуская навуковая лабараторыя па вакуумна-плазменных тэхналогіях. У 2018 годзе пры яго садзейнічанні там жа адкрыты Цэнтр культуры Беларусі.
На працягу трох гадоў Аляксандр Уладзіміравіч узначальвае з беларускага боку створаны пры ГДУ Інстытут Канфуцыя. І ўжо больш за дзесяць гадоў выдатнага беларускага дзеяча навукі ведае яго калега, дырэктар Інстытута Канфуцыя з кітайскага боку, прафесар Ван Лэй. Ён адзначае:
— У Кітаі ніколі не пакідаюць без увагі людзей, якія ў значнай ступені садзейнічаюць развіццю міжнароднага супрацоўніцтва. Шмат гадоў Аляксандр Рагачоў узаемадзейнічае з даследчыкамі Нанкінскага ўніверсітэта навукі і тэхналогій, і яны вельмі высока ацэньваюць навуковыя дасягненні прафесара. Вынікі даследаванняў Аляксандра Уладзіміравіча і яго вучняў рэгулярна ўкараняюцца ў вытворчасць. Такія выдатныя асобы знаходзяцца ў КНР на асобым рахунку, мы вельмі паважаем і шануем даследчыкаў сусветнага ўзроўню.
Прафесар Ван Лэй падкрэсліў, што гэта далёка не першая высокая ўзнагарода, якую атрымаў Аляксандр Рагачоў за гады супрацоўніцтва з кітайскімі калегамі. У 2016 годзе ён стаў ганаровым прафесарам Нанкінскага ўніверсітэта навукі і тэхналогій, а ў 2018 годзе абраны ганаровым прафесарам Тайюаньскага тэхналагічнага ўніверсітэта (КНР).
— У пачатку 2020 года я з вялікай удзячнасцю прыняў запрашэнне на навуковы сход з замежнымі экспертамі ў галіне навукі і тэхналогіі, якія працуюць з кітайскімі навуковымі арганізацыямі і прадпрыемствамі. Сімпозіум праходзіў у Пекіне, і ў ім прымаў удзел Прэм’ер-міністр КНР Лі Кэцян. Навуковы сход быў прысвечаны святкаванню Новага года па кітайскім месяцовым календары, і яго наведалі каля сотні экспертаў з Еўропы, Амерыкі, Аўстраліі. Для мяне гэта было вялікім гонарам, вельмі значнай падзеяй, — гаворыць Аляксандр Уладзіміравіч.
Улетку ў межах “Тыдня інавацый 2020 у горадзе Нанкін” прафесар Рагачоў разам з 15 замежнымі экспертамі атрымаў яшчэ адну ўзнагароду — Прэмію дружбы “Цзіньлін”. І вось напрыканцы года даследчык удастоены званняў “Ганаровы грамадзянін правінцыі Цзянсу” і пазней — “Чалавек года 2020” Нанкінскага ўніверсітэта навукі і тэхналогій.
Значнай падзеяй мінулага года стаў выхад з друку ў выдавецтве “Радыётэхніка” (Масква) манаграфіі “Кампазіцыйныя вугляродныя пакрыцці, асаджаныя з імпульснай катоднай плазмы” пад рэдакцыяй Аляксандра Рагачова. Склад аўтарскага калектыву сапраўды інтэрнацыянальны. Акрамя прафесара Рагачова, над манаграфіяй працавалі вучоныя ГДУ Дзмітрый Піліпцоў і Аляксандр Рудзянкоў, расійскі даследчык Пётр Лучнікаў, а таксама прадстаўнікі Нанкінскага ўніверсітэта навукі і тэхналогій — прафесар Цзян Сяо Хун і выпускнік аспірантуры Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта Чжоу Бін.
На працягу ўсяго свайго працоўнага шляху Аляксандр Рагачоў праяўляў сябе як выдатная асоба, таленавіты навуковец і педагог, добры кіраўнік і арганізатар. За гады работы спачатку ў Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту, а потым у ГДУ імя Ф.Скарыны (з 2004 года — рэктарам, а з 2016 года — дырэктарам навукова-даследчага фізіка-хімічнага інстытута), Аляксандр Уладзіміравіч падрыхтаваў 16 кандыдатаў і два дактары навук. Прафесар кафедры радыёфізікі і электронікі ГДУ Максім Ярмоленка абараніў пад кіраўніцтвам прафесара Рагачова і кандыдацкую, і доктарскую дысертацыі.
— Аляксандр Уладзіміравіч дасканала вывучае ўсе навуковыя артыкулы па тэматыцы даследаванняў, цікавіцца дасягненнямі сумежных дысцыплін. Ён абавязкова чытае рукапісы аспірантаў і рэкамендуе напрамак, у якім неабходна працаваць далей. Асабліва ўважліва вывучае дысертацыі і справаздачы аб праведзеных навуковых даследаваннях. Безумоўна, ён мае шырокі навуковы кругагляд, глыбокія веды і ўласны погляд на многія рэчы. Як кіраўнік міжнароднай Кітайска-Беларускай навуковай лабараторыі па вакуумна-плазменных тэхналогіях ён аб’ядноўвае вакол сябе многіх вучоных, і мы ўдзячны яму, — характарызуе навуковага кіраўніка Максім Анатольевіч.
Аляксандр Рагачоў — аўтар больш за 680 навуковых работ, у тым ліку 7 манаграфій і 1 вучэбнага дапаможніка з грыфам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Яго распрацоўкі маюць практычнае прымяненне і абаронены больш чым 90 аўтарскімі пасведчаннямі і патэнтамі.
Дзейнасць Аляксандра Рагачова неаднаразова атрымлівала высокую ацэнку з боку навуковай грамадскасці нашай краіны. У 2003 годзе яму прысвоена званне заслужанага дзеяча навукі Рэспублікі Беларусь. У 2009-м Аляксандр Уладзіміравіч абраны членам-карэспандэнтам НАН Беларусі, узнагароджаны ордэнам Пашаны. У 2014 годзе ён стаў ганаровым доктарам Інстытута хіміі новых матэрыялаў НАН Беларусі.
Кожны, каму пашанцавала працаваць з прафесарам Рагачовым, ведае яго выдатныя арганізатарскія здольнасці і ўменне дасягаць найлепшага выніку. Таленавіты вучоны з сусветным імем, ён і сёння працягвае самааддана працаваць на пасадзе дырэктара навукова-даследчага фізіка-хімічнага інстытута і кіраўніка Інстытута Канфуцыя пры ГДУ імя Ф.Скарыны.
Кацярына КАВАЛЕНКА.
Фота Уладзіміра ЧЫСЦІКА.






