За плячыма дырэктара гімназіі № 1 Бабруйска Ганны Шаціла звыш 10 гадоў кіраўніцкага вопыту. Яна пераканана: сапраўдны лідар павінен умець праяўляць ініцыятыву, весці за сабой, вызначаць вектары развіцця, натхняць на здзяйсненні. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Ганна Мікалаеўна, якія мэты сёння ставіце перад педагагічным калектывам?
— Установы адукацыі зараз сутыкаюцца з мноствам выклікаў. Галоўнай задачай становіцца падрыхтоўка вучняў да жыцця ў хутка зменлівых рэаліях, выхаванне іх паспяховымі грамадзянамі сваёй краіны. Дасягнуць гэтага немагчыма без усебаковага супрацоўніцтва настаўнікаў, вучняў і бацькоў.
Функцыянаванне гімназіі арганізуем на ідэях адзінства і згуртаванасці. Сумесна шукаем індывідуальны падыход да кожнага дзіцяці. Імкнёмся ўлічваць асаблівасці і патрэбы навучэнцаў. Для гэтага арганізуем дзейнасць разнастайных факультатываў і аб’яднанняў па інтарэсах, даследчага і літаратурнага таварыстваў, стварылі тры музеі, цэнтр па рабоце з таленавітымі вучнямі, арганізавалі профільныя класы інжынернай накіраванасці. Шмат увагі ўдзяляем рабоце з сем’ямі гімназістаў. Бацькі — нашы партнёры ў навучанні і выхаванні.
— На што робіце акцэнт у кіраванні? Якія прынцыпы работы для вас з’яўляюцца ключавымі?
— Быць дырэктарам нялёгка. Гэта вялікая адказнасць. Пастаянна ўзнікаюць нейкія справы і клопаты, пастаянна трэба прымаць важныя рашэнні. Але я люблю сваю работу, таму яна мне ў радасць. Штодзень прыкладаю ўсе намаганні для таго, каб дзейнасць гімназіі была эфектыўнай.
Пераканана, што дырэктар ХХІ стагоддзя — гэта натхняльнік. Мой стыль кіравання будуецца на прынцыпах агульнага ўзаемадзеяння, падтрымкі творчага патэнцыялу педагогаў і навучэнцаў. Імкнуся задаваць вектары развіцця. Але пры гэтым выкарыстоўваю коўчынгавы фармат: дэлегую паўнамоцтвы, даю матывацыю падапечным, прыслухоўваюся да парад і меркаванняў, заахвочваю ініцыятывы, накіраваныя на росквіт установы. Ужо не адзін год ажыццяўляем праект “#МыРазам”. Адносіны паміж удзельнікамі адукацыйнага працэсу пабудаваны на аснове ўзаемапавагі і добразычлівасці.
— Чым сёння адметная гімназія № 1 Бабруйска? Якімі дасягненнямі ганарыцеся?
— Гімназісты рэгулярна праяўляюць сябе ў алімпіядным руху і інтэлектуальных конкурсах. За 5 гадоў 27 вучняў узнагароджаны залатымі медалямі за выдатную вучобу. Падрыхтавана 13 пераможцаў заключнага і 89 пераможцаў трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Па выніках рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару дыпломы маюць 6 навучэнцаў.
Закладваем у вучняў не толькі трывалыя веды, але і духоўна-маральныя каштоўнасці. Дзеці растуць сапраўднымі патрыётамі. У нас створана сцяганосная група і мемарыяльны атрад. Юнакі і дзяўчаты ўдзельнічаюць у цырыманіялах і мітынгах каля абеліскаў воінскай славы, нясуць Вахту Памяці на Алеі Герояў.
Адметная рыса нашай установы — вучнёўскае самакіраванне “Школьная рэспубліка”. Крэатыўныя, амбіцыйныя, адказныя старшакласнікі дапамагаюць педагогам рабіць гімназічнае жыццё цікавым, насычаным і займальным.
— За перамогамі вучняў заўсёды стаіць настаўнік. Што можаце сказаць пра педагогаў гімназіі?
— Увесь калектыў — гэта высокакваліфікаваныя прафесіяналы. За апошні час 18 педагогаў узнагароджаны ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі, трое былі адзначаны нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”. 15 педагогаў атрымалі спецыяльную прэмію Магілёўскага аблвыканкама за падрыхтоўку пераможцаў рэспубліканскай алімпіяды. Настаўнік працоўнага навучання Аляксей Шунько з’яўляецца лаўрэатам заключнага этапу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”, удастоены звання “Настаўнік года Магілёўскай вобласці”. Наогул педагогі даволі часта перамагаюць у розных конкурсах прафесійнага майстэрства.
Разам працуем адзінай камандай, і гэта прыносіць адпаведныя вынікі. Перыядычна займаемся рэалізацыяй рэспубліканскіх інавацыйных праектаў, наладзілі шырокія міжнародныя сувязі. Ганарымся тым, што наша гімназія ўваходзіць у Асацыяцыю школ Расіі і Беларусі.
— Што ў планах на найбліжэйшую перспектыву?
— Мы з калегамі развіваемся самі і развіваем гімназію. Шмат чаго зрабілі для ўмацавання матэрыяльнай базы ўстановы, для паляпшэння якасці адукацыі. У планах — працягваць плённую працу ў гэтым кірунку.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





