Гартаючы дзённік вандроўніка

- 13:22Краязнаўства

Практычна ўсе ўстановы адукацыі праводзяць для навучэнцаў экскурсіі па адукацыйных маршрутах, рэкамендаваных Міністэрствам адукацыі. 2020 год не стаў выключэннем. Аднак у сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй у арганізацыю экскурсійнай дзейнасці давялося ўнесці пэўныя карэкціроўкі. Як сёння развіваецца адукацыйны турызм? Якія яго перспектыўныя напрамкі? Які вопыт выкарыстання дзённіка вандроўніка назапашаны ў рэгіёнах? Гэтыя пытанні абмеркавалі ўдзельнікі рэспубліканскага анлайн-семінара, які прайшоў у фармаце круглага стала.

Новы напрамак

Турызм — гэта не толькі рамантыка паходаў, прыгоды, а яшчэ і багатыя традыцыі. Ужо пачынаючы з другой паловы ХІХ стагоддзя тысячы беларускіх хлопчыкаў і дзяўчынак, юнакоў і дзяўчат разам са сваімі педагогамі штогод адпраўляюцца ў падарожжы па родным краі, спазнаюць дзівосны свет турызму. Гэта турызм спартыўны, краязнаўчы. Адносна нядаўна ўзнік новы тэрмін — адукацыйны турызм. Ён ужо становіцца самастойным напрамкам, дынамічна развіваецца і дазваляе рэалізоўваць прынцыпы бесперапыннасці, даступнасці адукацыі. Галоўная мэта адукацыйнага турызму — набыццё новых ведаў, нагляднае замацаванне або пашырэнне вывучанага падчас вучэбных заняткаў матэрыялу.

“Нашу сустрэчу хацелася б пабудаваць у форме дыялогу, абмеркаваць надзённыя праблемы, якія ўзнікаюць у арганізацыі адукацыйнага турызму. І першае пытанне: “Як у сённяшніх умовах пандэміі (зразумела, не самы спрыяльны час для арганізацыі экскурсійнай дзейнасці з навучэнцамі) эфектыўна арганізаваць работу па правядзенні экскурсій, экскурсійную дзейнасць, у цэлым адукацыйны турызм? Хацела б звярнуць увагу на інфармацыйнае пісьмо, якое было падрыхтавана да пачатку навучальнага года Міністэрствам аховы здароўя і Міністэрствам адукацыі. Гэта метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстановах адукацыі ва ўмовах распаўсюджвання інфекцыі COVID-19. Тут ёсць аспекты, якія неабходна няўхільна выкон­ваць, асабліва што тычыцца арганізацыі масавых мерапрыемстваў”, — паведаміла галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Таццяна Васільеўна Драпакова.

Плённае супрацоўніцтва

Эфектыўнасць развіцця адукацыйнага турызму ў многім залежыць ад сумеснай работы ўстаноў адукацыі і ўсіх зацікаўленых дзяржаўных органаў і ведамстваў. Асабліва плённае супрацоўніцтва ў дадзеным напрамку наладжана з установамі сферы турызму. “У нас ёсць вопыт правядзення сумесных мерапрыемстваў з Нацыянальным агенцтвам па турызме як з навучэнцамі, так і з педагагічнымі работнікамі. Больш за тое, тыя інфармацыйныя даведнікі, пісьмы, якія размешчаны на сайтах Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства адукацыі, непасрэдна ў вас у рэгіёнах, гавораць пра тое, што шмат робіцца сумесна ў дадзеным напрамку”, — адзначыла Таццяна Васільеўна.

Курыраванне такой работы ажыццяўляецца міжведамасным экспертна-каардынацыйным саветам па турызме, створаным пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь. Міністэрству адукацыі даручана ўзначаліць рабочую групу па развіцці адукацыйнага турызму. Дзеля гэтага ва ўзаемадзеянні з рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, установамі адукацыі і іншымі арганізацыямі рэалізуецца план дзеянняў па эфектыўным развіцці адукацыйнага турызму на найбліжэйшую (2020—2021 год) і далёкую (да 2025 года) перспектыву.

Такое супрацоўніцтва наладжана і ў галіне павышэння кваліфікацыі педагагічных работнікаў, якія займаюцца адукацыйным турызмам. У 2019 годзе ўпершыню быў праведзены набор на спецыяльнасць перападрыхтоўкі “Экскурсійная дзейнасць ва ўстановах адукацыі”, а ўжо ў чэрвені бягучага года 25 педагагічных работнікаў атрымалі дыпломы з пры­сваеннем кваліфікацыі “Спецыяліст па экскурсійнай дзейнасці”. Перападрыхтоўка праходзіла на базе Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы. Акрамя таго, Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства запланаваны шэраг мерапрыемстваў, з якімі можна азнаёміцца на сайце ўстановы. Таксама Міністэрства спорту і турызму сумесна з Нацыянальным агенцтвам па турызме і Міністэрствам адукацыі плануе распрацаваць метадычныя рэкамендацыі для экскурсаводаў па правядзенні экскурсій з навучэнцамі розных узростаў, арганізаваць адукацыйныя лекторыі і правесці серыю майстар-класаў па выкарыстанні турыс­тычнага патэнцыялу нашай краіны для развіцця ўнутранага турызму. Гэтыя меры дазволяць экскурсаводам набыць дадатковыя веды па спецыфіцы работы з навучэнцамі і навыкі іх выкарыстання.

Палітра вопыту

Па словах намесніка дырэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Лідзіі Андрэеўны Жур, турыстычна-экскурсійная работа з навучэнцамі ажыццяўляецца ў адпаведнасці з пералікам экскурсійных аб’ектаў і турыстычных маршрутаў, якія рэкамендуюцца для наведвання навучэнцамі пры правядзенні вучэбных заняткаў і выхаваўчых мерапрыемстваў. У гэты пералік уключаны 453 экскурсійныя аб’екты і 80 турыстычных маршрутаў. Акрамя таго, ёсць пералік экскурсійных аб’ектаў і маршрутаў, якія рэкамендуюцца для наведвання кожным навучэнцам. Сюды ўваходзяць 38 турыстычных аб’ектаў, з якіх 4 — са Спіса Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, 34 аб’екты па абласцях, а таксама 12 турыстычных маршрутаў. Да­дзеныя пералікі рэгулярна папаўняюцца аб’ектамі і маршрутамі, якія з’яўляюцца найбольш актуальнымі з улікам знакавых для Бе­ларусі і канкрэтных рэгіёнаў падзей, і прадугледж­ваюць інтэграцыю экскурсій і падарожжаў у вучэбную праграму ўстаноў адукацыі.

У кастрычніку 2020 года стартаваў рэспубліканскі конкурс па распрацоўцы даведнікаў рэгіянальных экскурсійных маршрутаў адукацыйнай накіраванасці “Дарогамі ведаў”. Плануецца, што вынікам конкурсу ў сакавіку 2021 года стануць рэгіянальныя даведнікі, у якія будуць уключаны новыя экскурсійныя аб’екты і маршруты адукацыйнай накіраванасці для навучэнцаў. Лепшыя даведнікі плануецца размясціць на сайтах Міністэрства адукацыі, Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, абласных і рэгіянальных устаноў дадатковай адукацыі.

Стварэнне рэгіянальных зборнікаў адукацыйных маршрутаў — справа не новая. Ужо ў 2014 годзе такі даведнік быў створаны Брэсцкім абласным цэнтрам турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі. Па словах начальніка ўпраўлення сацыяльнай і выхаваўчай работы галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Мікалая Ксенафонтавіча Тарасюка, сёння матэрыял абноўлены і створаны новы даведнік — “Вучымся, падарожнічаючы”. Зборнік даведзены да ведама ўсіх устаноў адукацыі вобласці і актыўна выкарыстоўваецца.

У рамках развіцця адукацыйнага турызму ў рэгіёнах не толькі ствараюцца зборнікі маршрутаў, але і рэалізуюцца праекты, праграмы. Так, у Гомельскім гарадскім цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з мэтай стварэння эфектыўнай сістэмы арганізацыі экскурсійна-краязнаўчай і турыс­тычна-спартыўнай дзейнасці з навучэнцамі ў шосты школьны дзень рэалізуецца праект “Выхадныя дні з класам”. Ён уключае краязнаўчы турнір “Мой любімы Гомель”, гарадское краязнаўчае арыентаванне, гарадскі квіз “Увесь свет”, квесты “Горад старажытны над кручамі Сожа”, “А можа, не было вайны?”, “Гомельская рысь”, “Мая Навабеліца”, тэматычныя экскурсіі, спаборніцтвы, паходы, дні турызму.

“Яшчэ адзін праект — “Я павяду цябе ў музей”. Яго ўдзельнікі маюць магчымасць наве­даць больш за 20 музеяў і музейных пакояў устаноў адукацыі Гомеля. Да экскурсійнай праграмы дадаткова распрацаваны квест-заданні па дзеючых экспазіцыях музеяў. Гомель мае станоўчы вопыт распрацоўкі і рэалізацыі праектаў, накіраваных на захаванне гістарычнай памяці. Напрыклад, праект “Раскажам пра вайну разам” праводзіцца з 2012 года і ўключае такія мерапрыемствы, як фестываль школьных музеяў, канферэнцыя юных даследчыкаў роднага краю, тэматычныя экскурсійныя праграмы, міжнародныя тэлемасты і эфіры. Перспектыўным напрамкам арганізацыі адукацыйнага турызму з’яўляецца стварэнне пакета адукацыйных маршрутаў “Мой горад”, які аб’ядноўвае чатыры на­прамкі: “Культура” (15 маршрутаў), “Навука і адукацыя” (9 маршрутаў), “Пазнавальны вольны час” (7 маршрутаў), “Прафарыентацыя” (6 маршрутаў)”, — паведаміла загадчык аддзела турызму і края­знаўства Гомельскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Людміла Віктараўна Прыскока.

Пра асаблівасці развіцця адукацыйнага турызму на Віцеб­шчыне паведамілі начальнік аддзела выхаваўчай работы галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Вольга Мікалаеў­на Дарожка і метадыст Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі Алена Яўгенаўна Ягоранка. Супрацоўнікі палаца пастаянна шукаюць новыя формы рэалізацыі праектаў у сферы адукацыйнага турызму, а маладыя спецыялісты даюць новы штуршок для гэтай работы. Так, з 2013 года ў рамках “Славянскага базара ў Віцебску” праходзіць акцыя “Любімаму гораду”. У 2019 годзе супрацоўнікі палаца актыўна ўключыліся ў гэтую работу, і цяпер навучэнцы з аб’яднання па інтарэсах “Юныя экскурсаводы” праводзяць бясплатныя пешаходныя экскурсіі ў рамках фестывалю. Дарэчы, адукацыйныя маршруты распрацоўваюцца не толькі педагогамі ўстаноў дадатковай адукацыі. На Віцебшчыне працуе цэлая плеяда настаўнікаў-краязнаўцаў, якія таксама не застаюцца ўбаку ад экскурсійнай дзейнасці. Напрыклад, настаўнікам гісторыі Мёрскай сярэдняй школы № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я.А.Томкі Вітаўтам Антонавічам Ермалёнкам распрацаваны “залатое”, “сярэб­ранае” і “бронзавае” кольцы падарожжаў па Мёршчыне.

У кожным рэгіёне ёсць свае асаблівасці адукацыйных маршрутаў. Напрыклад, на Гродзеншчыне, па словах дырэктара Гродзенскага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства Аксаны Аркадзьеўны Калаур, найбольш перспектыўнымі напрамкамі развіцця адукацыйнага турызму з’яўляюцца прафарыентацыйны, арганізацыя адукацыйных тураў, накіраваных на вывучэнне замежных моў, і віртуальныя экскурсіі адукацыйнай скіраванасці. Абмен вопытам з замежнымі калегамі, моўныя школы, праграмы ўзаемавыгаднага партнёрства з замежнымі адукацыйнымі цэнтрамі, турыстычна-інфармацыйнымі цэнтрамі сталі традыцыйнай справай на Гродзеншчыне. У перыяд са студзеня па кастрычнік з навучэнцамі вобласці было праведзена 7 адукацыйных паездак, імі былі ахоплены 82 экскурсанты. Паездкі здзяйсняліся ў Літву, Польшчу, Расію. Экскурсанты прымалі ўдзел у міжнародных спаборніцтвах, выставах творчасці, навукова-адукацыйных лагерах.

Установамі адукацыі Магілёўскай вобласці падрыхтаваны спецыялізаваныя экскурсіі, турыс­тычныя маршруты, прысвечаныя гісторыі беларускіх яўрэяў, іншых этнічных груп і іх найбольш вядомых прадстаўнікоў. Усе маршруты распрацаваны ў адпаведнасці з рэкамендацыямі Міністэрства адукацыі, Нацыянальнага агенцтва па турызме, галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама, у рамках рэалізацыі мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы развіцця турызму ў Рэспубліцы Беларусь “Беларусь гасцінная”.

Электронны рэестр адукацыйных маршрутаў 23 раёнаў і Жодзіна сфарміраваны ў Мінскай вобласці. На сайтах галоўнага ўпраўлення па адукацыі, Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі створаны раздзел “Адукацыйны турызм”. У ім утрымліваецца інфармацыя па арганізацыйна-метадычным суправаджэнні, адзіны віртуальны даведнік “Экскурсійныя маршруты Міншчыны”, інтэрактыўная карта “Зорачка на карце Мінскай вобласці”, кансалідаваная інфармацыя пра конкурсы і праекты па адукацыйным турызме. Адзіны віртуальны даведнік прадстаўлены ў выглядзе электроннага каталога. Скарбонка маршрутаў кожнага раёна і Жо­дзіна пастаянна абнаўляецца. На 1 верасня 2020 года ў ёй прадстаўлена больш за 100 экскурсійных маршрутаў. Для параўнання: у 2019 годзе іх было 73.

“Адукацыйны турызм у Мінскай вобласці развіваецца пачынаючы з дашкольных устаноў. Абласны сацыяльна-педагагічны праект “Вясёлая прагулка разам”, які рэалізуецца ва ўсіх дашкольных установах вобласці, накіраваны на далучэнне дзяцей і бацькоў да прагулак выхаднога дня, але каб яны не проста гулялі па горадзе або ў парках, а пры гэтым маглі знаходзіць адказы на розныя пытанні. Бацькам прапаноўваецца паназіраць за рухам ветру, надвор’ем, птушкамі, кветкамі, насякомымі — за ўсім, што навокал, а потым разам з дзецьмі зрабіць штосьці сваімі рукамі, намаляваць убачанае і г.д. У гэтым годзе стартаваў сямейны абласны трэвел-праект “Сямейны дыліжанс”. Падвядзенне вынікаў праекта плануецца на абласным бацькоўскім сходзе, аўтары лепшых праектаў будуць узнагароджаны спецыяльнымі прызамі галоўнага ўпраўлення па адукацыі”, — паведаміла прарэктар па метадычнай рабоце Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Аксана Ула­дзіміраўна Савіцкая.

З мэтай арганізацыі прафарыентацыйнай работы Мінскім дзяржаўным турыстычна-экалагічным цэнтрам дзяцей і моладзі распрацаваны цыкл экскурсій на вытворчыя прадпрыемствы, што асабліва актуальна для навучэнцаў старшых класаў. Падчас такіх экскурсій вучні праз арганізацыю майстар-класаў, практыкумаў, прафесійных проб становяцца актыўнымі ўдзельнікамі вытворчых працэсаў. Акрамя гэтага, у мэтах азнаямлення з сучаснымі рабочымі прафесіямі і спецыяльнасцямі ў цэнтры ствараецца рэкламная афіша з пералікам прамысловых прадпрыемстваў, устаноў адукацыі і музеяў, якія прапануюць бясплатныя экскурсіі, а таксама прафарыентацыйныя мерапрыемствы. Таксама супрацоўнікамі цэнтра, як паведаміла намеснік дырэктара па метадычнай рабоце МД ТЭЦДіМ Іна Леанідаўна Казлоўская, для фарміравання і развіцця цікавасці да розных прафесій праз азнаямленне з арганізацыяй вы­творчасці, тэхнікай і тэхналогіямі быў распрацаваны праект “Мінск прамысловы”.

Зафіксаваць убачанае

З мэтай масавага далучэння навучэнцаў да турыстычна-экскурсійнай дзейнасці, накіраванай на атрыманне і сістэматызацыю ведаў пра адметнасці Беларусі, стварэнне іміджу краіны як прывабнага турыстычна-краязнаўчага рэгіёна, развіццё адукацыйнага турызму, Міністэрствам адукацыі ўкаранёны ў адукацыйны працэс дзённік вандроўніка для навучэнцаў І, ІІ, ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Гэты дзённік з’яўляецца своеасаблівым дакументам для фіксавання наведвання экскурсійных аб’ектаў Беларусі. Ён будзе дапамагаць школьнікам вывучаць Ра­дзіму. У аснову дзённіка пакладзены распрацаваны Міністэрствам адукацыі пералік экскурсійных аб’ектаў і турыстычных маршрутаў, якія рэкамендуюцца для наведвання кожным навучэнцам.

“Навучэнцы індывідуальна ў суправаджэнні прадстаўнікоў непаўналетніх або ў складзе экскурсійных груп удзельнічаюць у экскурсіях, паходах, фіксуюць у дзённіках аб’екты гістарычна-культурнай і прыроднай спадчыны нашай краіны. Установам адукацыі мы рэкамендуем па выніках года выявіць 5 найбольш актыўных удзель­нікаў экскурсій, паходаў на аснове дзённіка вандроўніка ў адпаведнасці з паказчыкамі. У снежні 2020 года будуць падведзены вынікі конкурсу “Нататкі юнага вандроўніка” ў рамках рэспубліканскай акцыі “Я гэты край Радзімаю заву”. Конкурс пакажа прамежкавыя вынікі выкарыстання дзённіка вандроўніка ў адукацыйным працэсе, дазволіць заахвоціць актыўных удзельнікаў экскурсій і паходаў, якія змаглі праявіць і свой творчы патэнцыял. Пераможцы і прызёры конкурсу, акрамя дыпломаў Міністэрства адукацыі, будуць узнагароджаны сертыфікатамі на экскурсійна-адукацыйную праграму “Мінск — сталіца Беларусі”, — паведаміла Лідзія Андрэеўна.

Прамежкавыя вынікі выкарыстання дзённіка вандроўніка падвялі і ўдзельнікі семінара, выказаўшы шмат слушных прапаноў і заўваг. Так, на думку намесніка дырэктара Абласнога цэнтра творчасці Магілёва Наталлі Мікалаеўны Стральцовай, адзін з фактараў, які стрымлівае шырокае выкарыстанне дзённіка вандроўніка, — гэта тое, што на згаданы конкурс “Нататкі юнага вандроўніка” дасылалі работы навучэнцы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, але, на жаль, гэты дзённік для іх пакуль што не прызначаны. Таму Наталля Мікалаеўна прапанавала выкарыстоўваць дзённік ва ўсіх тыпах навучальных устаноў, а не толькі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. А вось Мікалай Ксенафонтавіч Тарасюк лічыць, што дзённік вандроўніка з’яўляецца добрай формай папулярызацыі адукацыйнага турызму, аднак гэтая форма работы павінна ў значнай ступені папулярызавацца і кантралявацца на ўзроўні самой установы адукацыі.

Папулярызаваць і больш актыўна выкарыстоўваць дзённік вандроўніка навучэнцам Гродзеншчыны дапамагае абласны праект “Да суседзяў”, які з гэтага года праводзіцца ў віртуальным фармаце. На пятым этапе праекта ўдзель­нікам неабходна запоўніць і прадставіць дзённік вандроўніка ў электронным выглядзе. Аксана Аркадзьеўна Калаур лічыць, што выкарыстанне друкаванага варыянта дзённіка вандроўніка выклікае пэўныя праблемы па яго вядзенні ў вучняў малодшых класаў. Інтэрнэт сёння стаў неад’емнай часткай жыцця сучаснай моладзі, таму анлайн-фармат вядзення дзённіка будзе больш актуальным і больш мабільным у выкарыстанні. Напрыклад, падчас экскурсій вучні фатаграфуюцца на фоне славутасцей і потым дзеляцца фотаздымкамі ў сацыяльных сетках. Калі пазначыць сваю публікацыю хэштэгам з нумарам школы, класа, месцам экскурсіі і г.д., то гэта дапаможа пошукавай сістэме ўбачыць усіх, хто прыняў удзел у турыстычна-экскурсійнай дзейнасці.

Паспяхова вырашаць задачы

“Важна было азнаёміцца з вашым вопытам работы, таму што ў цяперашні час рэалізоўваць задачы па развіцці адукацыйнага турызму няпроста. Гэты год праходзіць у складанай эпідэмічнай сітуацыі, хаця некаторыя лічаць, што, наадварот, гэта добрая нагода вывозіць дзяцей на свежае паветра. Мы ўбачылі, што ёсць магчымасць больш актыўна выкарыстоўваць інтэрнэт-прастору для развіцця адукацыйнага турызму. Напрыклад, гэта пацвердзіў наш конкурс, які мы рыхтавалі разам з вамі, — “Зорачка на карце раёна” — па падрыхтоўцы маршрутаў, прысвечаных 75-годдзю Вялікай Перамогі. Развіццё інфармацыйных тэхналогій ставіць перад намі новыя задачы — больш актыўна распрацоўваць інтэрактыўныя даведнікі і карты, каб перад тым, як ехаць у іншы рэгіён, мы маглі завочна з ім азнаёміцца. Гэтыя задачы, упэўнена, бу­дуць паспяхова вырашаны, паколькі ў кожным рэгіёне назапашаны адметны, багаты вопыт па развіцці адукацыйнага турызму”, — падвяла вынікі семінара дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Алена Уладзіміраўна Ануфровіч.

Адукацыйны турызм — перспектыўны напрамак папулярызацыі турыстычнага патэнцыялу рэгіёнаў. Семінар пацвердзіў, што ён цікавы, запатрабаваны сярод навучэнцаў, педагогаў, таму ўсе праекты, як рэгіянальныя, так і рэспубліканскія, будуць працягвацца. Наша выданне будзе і далей асвятляць пытанні развіцця і папулярызацыі адукацыйнага турызму.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва ўдзельнікаў семінара.