Гаспадыня ліцэя

- 12:40Адукацыйная прастора, Прафесійна-тэхнічная адукацыя

Калі праходзіш міма Брэсцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя лёгкай прамысловасці, міжволі звяртаеш увагу на яго тэрыторыю, якая вясной патанае ў квецені пладовага саду. Дагледжаныя дарожкі і клумбы, дэкаратыўныя буслікі на драўляных зрубах — усюды адчуваецца рука руплівага гаспадара. У нашым выпадку гаспадыні — Таццяны Рыгораўны КАРАБАНАВАЙ.

Выбраўшы ў школе зусім не педагагічную прафесію, гэтая жыцця­радасная, мэтанакіраваная і няўрымслівая жанчына пры­свяціла выкладчыцкай дзейнасці амаль 30 гадоў. І зусім не шкадуе пра такую дзіўную метамарфозу, якая ўрэшце стала для яе заканамернай. 

— Скончыўшы школу, паступіла ў тагачасны Кастрамскі тэхналагічны інстытут (Расія), дзе атрымала спецыяльнасць інжынера-тэхнолага тканін і трыкатажу,— расказвае Таццяна Рыгораўна. — Падабалася дызайнерская работа з тканінай, хацелася ­стаць прафесіяналам у гэтай справе. Гады вучобы пераканалі ў правільнасці выбару.

Пасля заканчэння інстытута дзяўчына па сямейных абставінах вярнулася ў родны Брэст. Знайсці работу па атрыманай спецыяльнасці ў пачатку 90-х гадоў не ўдалося. Працоўную дзейнасць Т.Р.Карабанава пачынала выхавальніцай інтэрната ў тагачасным ПТВ № 231 тэкстыльшчыкаў, а ўжо праз год выкладала там спецдысцыпліны. Прайшла перападрыхтоўку ў Рэспубліканскім інстытуце прафесійнай адукацыі па спецыяльнасці “Інжынер-педагог”. І засталася ў сістэме прафесійнай адукацыі. 

У Брэсцкім дзяржаўным прафесійным ліцэі лёгкай прамысловасці Таццяна Рыгораўна доўгі час працавала намеснікам дырэктара па вытворчай і вучэбна-вытворчай рабоце, а ў 2019 годзе ўзначаліла ўстанову. І гэта нядзіўна: кіраўніцкі патэнцыял у ёй бачылі ўсе.

— Я вельмі люблюсваю работу і калектыў, а яшчэ больш — навучэнцаў, якія для мяне — другая сям’я, — прызнаецца Т.Р.Карабанава. — Ведаю, чым жыве кожны. Лічу, што чужых дзяцей не бывае. Ганаруся іх дасягненнямі, суперажываю. Калі дзеці прыйшлі да нас, то іх бацькі могуць быць упэўнены, што ім тут рады, гатовы любіць як уласных, і цалкам жыць іх жыццём. Імкнуся зрабіць ліцэй другім домам для выхаванцаў, знайсці да кожнага з іх індывідуальны падыход, што бывае не так і проста. Гэта вельмі важна, бо, калі не любіш тое, што робіш, не паважаеш тых, з кім працуеш і каго вучыш, наўрад ці дасягнеш добрых вынікаў. 

Ліцэй быў створаны ў 1966 годзе для падрыхтоўкі рабочых Брэсцкага панчошнага камбіната. За час існавання ўстановы былі выпушчаны больш за 15 тысяч спецыя­лістаў. Сёння тут рыхтуюць швачак, краўцоў, закройшчыкаў, кантралёраў матэрыялаў, вырабаў і лякал, дэманстратараў адзення, аператараў ЭВМ і агентаў па забеспячэнні. Наладжана плённае супрацоўніц­тва з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў не толькі ў Брэсце, але і ў іншых рэгіёнах краіны.  

У ліцэі вучацца больш за 300 юнакоў і дзяўчат. Праблем з наборам абітурыентаў і працаўладкаваннем выпускнікоў няма. Першыя прафесійныя навыкі ва ўстанове атрымліваюць звыш 600 школьнікаў з Брэста і Брэсцкага раёна. Гэта выдатны прафарыентацыйны сродак. У новым навучальным годзе адкрыецца інтэграваная група для дзяцей з АПФР.

Ліцэісты актыўна і вынікова ўдзельнічаюць у гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах прафмайстэрства. Так, на нядаўнім абласным фестывалі-конкурсе сярод навучэнцаў, студэнтаў і маладых рабочых Брэстчыны ў Кобрыне прадстаўнікі ліцэя занялі 1-е месца ў кампетэнцыі “Швачка” і 2-е месца ў кампетэнцыі “Аператар ЭВМ”.

У дасягненні высокіх вынікаў прафмайстэрства навучэнцам ёсць на каго раўняцца. Т.Р.Карабанава — пераможца сёлетняга абласнога конкурсу на лепшага дырэктара ўстановы прафесійнай адукацыі. Кіраўнік уразіла калег відовішчным самапрадстаўленнем, паказаўшы выдатныя творчыя здольнасці. Ад нумара на электрасамакаце з самурайскімі мячамі ўсе былі ў захапленні.

— Сваёй перамогай абавязана калектыву, які дапамагаў у падрыхтоўцы, — гаво­рыць Таццяна Рыгораўна. — Сапернікі ў мяне былі больш вопытныя. Вельмі старалася апраўдаць высокі давер блізкіх па духу людзей. Таму мая перамога — агульная заслуга. 

Дырэктар ганарыцца не толькі дружным калектывам аднадумцаў, але і моцнай сям’ёй, якая падтрымлівае ва ўсім:

— Муж і сын — надзейная апора. Дзякуючы ім, усё атрымліваецца. Сын ажыццявіў маю дзіцячую мару — стаць аператыўным супрацоўнікам сілавых структур. Другая дзіцячая мара часткова здзейснілася падчас абласнога конкурсу: часта ўяўляла сябе на вялікай сцэне з вядомымі артыстамі, якіх замянілі калегі.

Таццяну Рыгораўну шчас­лівай робяць не толькі здаровыя родныя за агульным сталом і поспехі калектыву, але і хобі (кветкаводства і ландшафтны дызайн), якім яна натхнёна займаецца і на дачы, і ў ліцэі. Яго добраўпарадкаваная тэрыторыя— яскравае таго пацвярджэнне. 

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.