Геаграфія без межаў

- 12:12Выхаваўчая прастора

Не сакрэт, што сёння атрымаць якаснае навучанне па пэўным прадмеце можна не толькі ў профільных класах, але і ў спецыяльных дыстанцыйных школах, створаных пры вядучых універсітэтах краіны. Гэта, несумненна, зручна, бо кожны школьнік, які жыве і ў абласным цэнтры, і ў далёкай вёсцы, можа такім чынам падрыхтавацца да паступлення ва ўстанову вышэйшай адукацыі. З 22 па 24 сакавіка на геаграфічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта прайшоў вочны тур для навучэнцаў адной з такіх школ — Рэспубліканскай вочна-завочнай (дыстанцыйнай) школы дадатковай геаграфічнай адукацыі дзяцей і моладзі.

Як паведаміла намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Лідзія Андрэеўна Жур, школа была адкрыта яшчэ ў 2012 годзе РЦЭіК сумесна з геаграфічным факультэтам БДУ, выкладчыкі якога і распрацавалі праграму паглыбленага дыстанцыйнага навучання. Сёння ў гэтай школе, якая працуе штогод з лістапада па май, займаецца больш за 100 навучэнцаў 8—11 класаў з розных куткоў краіны.
Дарэчы, навучанне ў дыстанцыйнай школе цесна звязана з агульнаадукацыйнай праграмай па геаграфіі і з дысцыплінамі геаграфічнага цыкла, але гэта больш пашыранае вывучэнне школьнага прадмета праз разгляд дадатковых пытанняў, якія не ўваходзяць у школьную праграму. Навучэнцы самастойна засвойваюць матэрыял, асабіста яны ўдзельнічаюць толькі ў некаторых занятках і атэстацыі. Усё гэта робіцца, зразумела, з выкарыстаннем сучасных інфармацыйных тэхналогій — камп’ютара з выхадам у інтэрнэт. Дзеці атрымліваюць тэставыя заданні адзін раз у месяц, працуюць з друкаванымі і электроннымі адукацыйнымі рэсурсамі. Да таго ж падчас навучання праводзяцца анлайн-кансультацыі, форумы, канферэнцыі і дыстанцыйныя лекцыі. Удзельнікі, якія паспяхова выканалі заданні, запрашаюцца на вочны тур.“Мы ставім сваёй задачай развіццё ў вучняў навыкаў да самаарганізацыі, самаадукацыі, умення карыстацца тэхналогіямі дыстанцыйнага навучання і працаваць з электроннымі адукацыйнымі рэсурсамі, а таксама вучым рацыянальнаму размеркаванню рабочага часу падчас вучобы”, — заўважыла Лідзія Андрэеўна.
З удзельнікамі вочнага тура сустрэўся дэкан геаграфічнага факультэта БДУ, доктар геаграфічных навук, прафесар Дзмітрый Леанідавіч Іваноў. Ён расказаў патэнцыяльным студэнтам пра геаграфічны факультэт і спецыяльнасці, якія можна тут атрымаць, а таксама нагадаў, што пераможцы вочнага тура пры паступленні на геафак БДУ будуць мець перавагу пры роўнай колькасці балаў.
Пісьмовы тур для фіналістаў вочна-завочнай школы правёў кандыдат геаграфічных навук старшы выкладчык кафедры фізічнай геаграфіі свету і адукацыйных тэхналогій Яўген Анатольевіч Казлоў. Лепшымі ў тэсціраванні сталі навучэнцы дзіцячага сада — сярэдняй школы аграгарадка Чачкава Мінскага раёна Павел Лушчанка, Кацярына Бобер, Дзмітрый Емяльяненка, Мікіта Сокал, Аляксандр Зінкевіч і Кацярына Ярашэвіч. Сярод пераможцаў — і навучэнцы Тальмінавіцкай сярэдняй школы Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці Мікіта Лойка, Максім Варанец і Мікіта Пілецкі, навучэнцы Ліпеньскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці Арына Казлоўская і Мікалай Кірдун, а таксама Андрэй Скрыпчанка з Беняконскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці. Усе пераможцы і ўдзельнікі атрымалі сертыфікаты і пасведчанні аб дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
Акрамя пісьмовых заданняў, для школьнікаў былі запланаваны цікавыя практычныя заняткі і экскурсіі. Сярод іх — інтэрактыўныя заняткі ў музеі землязнаўства і на кафедры эканамічнай геаграфіі замежных краін “Глабальныя дэмаграфічныя праблемы”. Асаблівую зацікаўленасць у школьнікаў выклікала наведванне профільных прадпрыемстваў — РУП “Белкартаграфія” і Рэспубліканскага гідраметэаралагічнага цэнтра. Акрамя таго, для юнакоў і дзяўчат правялі пешаходную экскурсію па Мінску і экскурсію ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі.

Людміла ГУРСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.