Фарбы з ягад, камбуча, экзоты, вырашчаныя без зямлі, і агародніцтва на Месяцы. Чым здзіўляў рэспубліканскі экалагічны фестываль “Адна планета — адна будучыня”, даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Слова юным вучоным
Месцам сустрэчы самых натхнёных юных эколагаў краіны — пераможцаў сёлетніх рэспубліканскіх эколага-біялагічных праектаў, іх педагогаў, а таксама прадстаўнікоў міністэрстваў, ведамстваў і арганізацый, зацікаўленых у прасоўванні экалагічнага парадку дня, стаў Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства. Знаёмячыся з дзіцячымі навуковымі даследаваннямі, дарослыя не пераставалі здзіўляцца. І не без падстаў.
Напрыклад, 11-гадовая навучэнка Цэнтра экалогіі, турызму і краязнаўства Баранавіч Аліса Кавалеўская прадставіла цэлую палітру незвычайных фарбаў і міні-галерэю карцін, імі намаляваных:
— Я са сваім педагогам Алінай Генадзьеўнай Рындзевіч раблю акварэльныя фарбы з выцяжкі раслін — чарніц, буякоў, каліны, вішні, барвенку, барбарысу, гладыёлусаў, сальвіі, ясколкі, буракоў і інш. Такія фарбы не псуюцца, хоць і натуральныя. Пры высыханні на аркушы яны не блякнуць, колеры застаюцца яркімі і насычанымі. Пры жаданні такімі натуральнымі фарбамі можна падфарбаваць і харчовыя прадукты, напрыклад, жэле ці крэм для торта.
Настасся Дзюбкіна, навучэнка Гомельскага абласнога цэнтра турызму і экалогіі, пад кіраўніцтвам педагога Дзмітрыя Кулагіна цэлы сезон праводзіла натуральны кветкавы адбор для стварэння букетаў і для кампазіцый на падаконніках. Яна вырошчвала 20 культур, з якіх адабрала 6, якія найлепшым чынам адчуваюць сябе ў кашпо, некапрызныя і выдатна глядзяцца ў кампазіцыях. Сярод іх — лабелія, кітайскі гваздзік, німезія, цэлозія. На фестывалі Настасся прадставіла пераможцаў.
Ксенія Цітова займаецца ў РЦЭіК, у аб’яднанні па інтарэсах “Генетыка і селекцыя”. Пад кіраўніцтвам педагога Івана Русскіх у спецыяльнай лабараторыі яна на гідрапоніцы вырошчвае паўднёвую расліну пепіна.
— Зімовы беларускі клімат гэтая іншаземка не перажыве, затое ў нашай лабараторыі яна адчувае сябе выдатна. Гідрапонная сістэма дазваляе вырошчваць расліны на водных пажыўных растворах. Вось сюды, у карані, падаюцца растворы солей і мінеральных угнаенняў — калійных, фосфарных і азотных. У такой устаноўкі шмат пераваг: у рэжыме нон-стоп кантралюецца склад раствору, выкарыстанне пестыцыдаў цалкам выключана, эканомяцца вада і ўласна чалавечыя сілы. У перспектыве ва ўмовах пацяплення клімату пепіна можа папоўніць прывычны для нас пералік паслёнавых культур — таматаў, бульбы і іншых, бо ўсе яны адносяцца да аднаго сямейства, — прадэманстравала сваіх зялёных гадаванцаў Ксенія і заўважыла, што разлічвае пакаштаваць першыя плады пепіна ўжо ў пачатку сакавіка.
Яшчэ адна навучэнка РЦЭіК Арына Вярыга стварыла біяўгнаенні на аснове азотфіксуючых бактэрый. Яна расказала:
— Азот — самае распаўсюджанае пажыўнае рэчыва, якое стымулюе прадукцыйнасць наземных экасістэм. Таму ў сельскай гаспадарцы актыўна выкарыстоўваюцца азотныя ўгнаенні. Аднак пры іх выкарыстанні выдзяляюцца эмісіі парніковых газаў, напрыклад, закіс азоту, які ў 300 разоў больш небяспечны за вуглякіслы газ. Таму тут і неабходны азотфіксуючыя бактэрыі, якія здольны перапрацаваць атмасферны азот і закіс азоту такім чынам, каб расліны былі здольны іх паглынаць. Дзякуючы ўгнаенням на аснове такіх бактэрый, можна знізіць той гіганцкі ўплыў, які аказвае сельская гаспадарка на змяненне клімату. Так, мы стварылі калекцыю з 41 ізалята і ў далейшым праводзілі шматлікія эксперыменты, каб адабраць з іх самыя перспектыўныя. Імі аказаліся тры — з каранёў, лісця і ігліцы. На іх аснове мы стварылі 7 розных біяўгнаенняў. Нам засталося толькі знайсці спонсараў і наладзіць выпуск такіх угнаенняў у прамысловых маштабах. Што да кошту на нашы ўгнаенні, то на апрацоўку 1 га хопіць 18 рублёў.
Цікава, што, ледзь паспела Арына прэзентаваць сваю распрацоўку, яе ўжо запрасілі на работу ў Інстытут мікрабіялогіі НАН Беларусі прысутныя на фестывалі супрацоўнікі. Праўда, у Арыны спачатку ў планах працягнуць адукацыю пасля школы.
У перспектыве папоўніць штат спецыялістаў Акадэміі навук змогуць і іншыя навучэнцы, якія выконваюць свае навуковыя даследаванні ў аб’яднаннях па інтарэсах “Батанічны клуб”, “Свет даследаванняў”, “Хімія вакол нас”, дзе на самым сучасным абсталяванні, у тым ліку з дапамогай метэастанцыі, грунтоўна вывучаюць такія кірункі, як біяразнастайнасць, абыходжанне з адходамі, водазберажэнне, якасць атмасфернага паветра і інш.
Дарэчы, у лабараторыях цэнтра пастаянна папаўняецца абсталяванне. Так, у лабараторыі па вывучэнні прыродных рэсурсаў нядаўна ў межах праекта “Зялёныя школы” было ўстаноўлена інтэрактыўнае абсталяванне па вывучэнні энергіі і яе пераўтварэння, альтэрнатыўных крыніц энергіі і абыходжання з адходамі. Тут займаюцца не толькі навучэнцы РЦЭіК, але і праводзяцца адукацыйныя майстар-класы і практыкумы для навучэнцаў з усёй краіны.
Геніі генетыкі
У эксперыментальнай лабараторыі “Генетыка і селекцыя” праходзяць заняткі па інтарэсах для школьнікаў усіх узростаў. Акрамя вывучэння экалогіі, біялогіі і геаграфіі, педагогі паглыбляюць дзяцей у свет даследаванняў і праз вывучэнне хіміі, якая дае тлумачэнне простым базавым пераўтварэнням, змяненням, эксперыментам, доследам, без чаго немагчыма далейшая даследчая і навуковая дзейнасць. Карыстаецца тут папулярнасцю і правядзенне разавых адукацыйных заняткаў і майстар-класаў рознай тэматыкі — “Забаўляльныя эксперыменты”, “Магія вады”, “Кантрольная закупка” і інш.
Адзін з навучэнцаў аб’яднання па інтарэсах Арцемій Раманішын расказаў пра сваё апошняе даследаванне — вывучэнне карысных уласцівасцей прабіятычнага напітку з чайнага грыба (больш вядомага пад назвай камбуча), які апошнім часам стаў вельмі папулярны ў прыхільнікаў здаровага харчавання ва ўсім свеце.
Педагог Іван Русскіх адзначыў:
— Наша лабараторыя, адкрытая ў канцы 2017 года, стала самай навукаёмістай. Тут праходзяць заняткі аб’яднання па інтарэсах “Генетыка і селекцыя”, а таксама дзейнічае кансультацыйная пляцоўка для педагогаў і навучэнцаў, якія займаюцца даследчай дзейнасцю ва ўстановах адукацыі ўсёй краіны. Кожны педагог ці навучэнец можа прыехаць сюды, атрымаць дапамогу з доступам да ўсёй нашай матэрыяльна-тэхнічнай базы, каб выканаць свой даследчы праект. Асабліва цеснае супрацоўніцтва ў гэтым кірунку з Віцебскай, Гродзенскай і Брэсцкай абласцямі.
Штогод у гэтай лабараторыі рэалізуецца калі 30 праектаў. Навучэнцы прымаюць удзел у рэгіянальных, рэспубліканскіх і міжнародных адукацыйных мерапрыемствах і рэгулярна атрымліваюць узнагароды і міжнароднае прызнанне. З апошніх дасягненняў — трое юных генетыкаў і селекцыянераў выступілі на конкурсе-выставе інавацыйна-даследчых праектаў у Малайзіі, і кожны з іх заваяваў залаты медаль. Так, адразу тры залатыя медалі адправіліся не толькі ў адну краіну, але і ў адну ўстанову. І гэта пры тым, што традыцыйна на такіх конкурсах журы стараецца размеркаваць вышэйшыя ўзнагароды па краінах-удзельніцах.
Што тычыцца даследчых кірункаў, Іван Русскіх расказаў:
— Самая любімая і зразумелая для дзяцей тэма — харчовая мікрабіялогія, таму ў ходзе сваіх даследаванняў яны з задавальненнем пякуць хлеб, квасяць капусту, гатуюць ёгурты і інш. Але ёсць і экзатычныя работы. Так, Арсеній Новікаў, які другі год запар кожны тыдзень прыязджае на нашы заняткі з Гродна, выбраў тэмай свайго даследавання “Адаптацыю да росту раслін на Месяцы ў месячным рэгаліце” (рэгаліт — месячны грунт. — Заўвага аўтара.). Здавалася б, даволі незвычайная работа, з поглядам у космас, з адрывам ад Зямлі, але яна адначасова і зямная.
Ад прэзентацыі — да прафарыентацыі
Падчас фестывалю свае даследаванні прэзентавалі не толькі юныя вучоныя, але і іх дарослыя калегі з НАН Беларусі, МДЭІ імя А.Д.Сахарава БДУ і інш. Па словах намесніка дырэктара РЦЭіК па вучэбна-выхаваўчай рабоце Вікторыі Пашко, такі абмен навуковым вопытам быў цікавы абодвум бакам.
— За два дні фестывалю яго ўдзельнікі змаглі і азнаёміцца з праектамі, і пагутарыць з вядучымі экспертамі, і даведацца пра тэндэнцыі развіцця ў галіне экалогіі. Навучэнцы змаглі напрамую задаць пытанні экспертам розных напрамкаў. І, што немалаважна, фестываль атрымаў прафарыентацыйны характар. Дзеці змаглі пачуць прадстаўнікоў розных прафесій у галіне экалогіі і пашырыць веды ў мэтах далейшага выбару прафесійнага шляху. Юныя эколагі наведалі і Міжнародны дзяржаўны экалагічны інстытут імя А.Д.Сахарава БДУ, што дало ім магчымасць азнаёміцца з матэрыяльна-тэхнічнай базай установы і даведацца пра перспектывы навучання менавіта ў гэтай УВА, — адзначыла В.Пашко.
Акрамя таго, на тэматычных пляцоўках удзельнікі фестывалю абмеркавалі перспектывы даследчай дзейнасці, у тым ліку і сумеснай, рэалізацыю маладзёжных экалагічных ініцыятыў, а педагогі змаглі пагаварыць пра вопыт, праблемы і перспектывы экалагічнай адукацыі ў цэлым.
Таццяна Драпакова, галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі, адзначыла:
— Клопат аб захаванні багацця прыроды — гэта ў першую чаргу клопат пра сябе, пра людзей. Гэта і ёсць наш прыярытэт. Таму Міністэрствам адукацыі праводзяцца значныя мерапрыемствы з масавым удзелам дзяцей і моладзі. І гэты фестываль — адно з іх. Наведваючы лабараторыі і слухаючы выступленні навучэнцаў, мне асабліва прыемна было чуць, што гэта — навучэнцы аб’яднанняў па інтарэсах сістэмы дадатковай адукацыі, прычым часта на бясплатнай аснове. Прыемна, што ўдаецца захаваць бясплатную дадатковую адукацыю. Мы і далей будзем старацца захаваць такую магчымасць, асабліва ў экалагічна-біялагічным кірунку.
Алена Меляшкова, начальнік упраўлення аналітычнай работы, навукі і інфармацыі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, падкрэсліла важнасць супрацоўніцтва паміж двума ведамствамі:
— Згодна з данымі нацыянальнай сістэмы маніторынгу навакольнага асяроддзя, якая функцыянуе ў нашай краіне больш за 30 гадоў, стан экалогіі ў Беларусі паляпшаецца, і гэта заслуга не толькі прафесійных эколагаў, якія працуюць у дзяржаўных органах, арганізацыях, на прадпрыемствах, але і работа ўсіх грамадзян, у тым ліку і ваша работа — настаўнікаў і навучэнцаў. Калі гараць вашы вочы, калі вы так зацікаўлены экалогіяй, даследаваннямі, мы разумеем, што ў нас ёсць надзейныя сябры.
Памочнік старшыні прэзідыума НАН Беларусі, намеснік старшыні Савета маладых вучоных НАН Беларусі, кандыдат біялагічных навук Максім Кучвальскі сказаў юным эколагам са сцэны:
— Мой шлях у навуку таксама пачынаўся тут, у гэтым цэнтры. І я вас пераконваю: шлях, які вы выбралі, шлях навукі, даследаванняў, пазнання навакольнага асяроддзя, — беспамылковы і перспектыўны.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара