“Героі свайго часу — прыклад для сучаснай моладзі”

- 12:06Краязнаўства

Віртуальная прастора настолькі актыўна напаўняецца разнастайным кантэнтам, што мы не заўсёды паспяваем заўважаць, як мяняюцца зацікаўленні нашай моладзі, яе куміры. Ці могуць быць героямі для сучасных дзяцей і падлеткаў іх землякі, якія жылі ў даінтэрнэтаўскую эпоху і глядзяць на нас не з гаджэтаў і манітораў, а з чорна-белых фотаздымкаў музейных стэндаў? Адказ знойдзем разам з дырэктарам Каткаўскага дзіцячага сада — базавай школы Глускага раёна кіраўніком музея народнай славы Сяргеем Мікалаевічам КІПЕЛЕМ.

Нашы землякі — наша гордасць. Падобныя раздзелы экспазіцый ёсць у многіх краязнаўчых музеях, бо з ведання біяграфій славутых землякоў можна эфектыўна фарміраваць у вучняў любоў да малой радзімы. Аднак тут ёсць нюансы. Не так ужо і проста зацікавіць дзяцей, якія ў вольны час любяць глядзець у га­джэтах яркія дынамічныя відэасюжэты, аповедам пра землякоў, якія засяроджана глядзяць з чорна-белых музейных фотапартрэтаў. Тут патрэбны асаблівы краязнаўчы падыход. “Гэта калісьці можна было прывесці дзяцей да стэнда, паказаць указкай на партрэт земляка і расказваць пра біяграфію чалавека, яго заслугі, дасягненні. І вучні ўважліва слухалі. Сёння такі падыход не будзе эфектыўным. Нават арыгінальна аформленая экспазіцыя, эмацыянальны аповед экскурсавода і цікавыя факты з біяграфіі земляка не заўсёды зацікавяць сучаснага школьніка”, — дзеліцца Сяргей Мікалаевіч. Пра тое, як выклікаць жывыя эмоцыі ў экскурсантаў, даведаемся крыху пазней. А пакуль што азнаёмімся з лёсамі людзей, партрэты якіх упрыгожваюць стэнды каткаўскага музея народнай славы.

Пра гэтых людзей Сяргей Мікалаевіч можа расказваць гадзінамі. І справа не толькі ў тым, што педагог быў асабіста знаёмы з героямі сваіх экскурсій. Гэтыя людзі, сапраўды, вартыя ўвагі, самых узвышаных слоў. Па-першае, усе яны ардэнаносцы. Прычым узнагароды атрымалі не толькі на франтах Вялікай Айчыннай вайны, але і ў мірны час, на працоўным фронце. “Напрыклад, Вольга Ніканаўна Касько працавала даяркай. А ў яе ж дома вялікая сям’я, гаспадарка, але жанчына хварэла душой за агульную справу, уся цалкам аддавалася калектыўнай працы, імкнулася быць перадавіком. Хаця гаварыць “імкнулася”, напэўна, няправільна. Яна проста сумленна працавала. Такое раней было выхаванне. Тое ж можна сказаць пра трактарыста Паўла Антонавіча Любанца. Любую справу, якую яму даручалі, выконваў якасна, у тэрмін, не лічыўся з часам. Генадзь Дзмітрыевіч Зянькоўскі працаваў вадзіцелем на аўтамабілі ГАЗ-53. Ён імкнуўся быць толькі першым: першым прыехаць да камбайна на загрузку збожжа, першым зрабіць рэйс — і так кожны дзень.

“Гэта калісьці можна было прывесці дзяцей да стэнда, паказаць указкай на партрэт земляка і расказваць пра біяграфію чалавека, яго заслугі, дасягненні. І вучні ўважліва слухалі. Сёння такі падыход не будзе эфектыўным”.

Яўген Фёдаравіч Муравейка доўгі час быў брыгадзірам. Я памятаю, як ён прыехаў працаваць у калгас пасля тэхнікума, потым завочна скончыў сельгасакадэмію. Яго асноўным абуткам былі гумавыя боты. Доўгі час у яго не было ні матацыкла, ні каня. Ён усе палі абыходзіў пехатой, ведаў кожны лапік зямлі. Ён ардэнаносец, а галоўны яго абутак — гумавыя боты! Да таго ж гэта быў сціплы чалавек. Калі ствараўся музей, то напісалі ў тым ліку і яго партрэт. Аднак Яўген Фёдаравіч адмовіўся пакідаць партрэт у музеі, забраў сабе дадому. Такімі людзьмі трэба ганарыцца. І мы імі ганарымся”, — паведаміў кіраўнік музея.

Росквіт мясцовага калгаса “Зара” быў пры Дзмітрыі Кірылавічы Гаўрыленку. Калі яго прызначылі старшынёй, ён значную ўвагу ўдзяліў сацыяльнаму развіццю. Шматпавярховыя дамы ў цэнтры Каткі, Дом культуры, дзіцячы сад, калгасная кантора — усё гэта пабудавана дзякуючы яго намаганням. Калгас быў вядомы ў краіне, выстаўляўся на ВДНГ. З такімі лю­дзьмі, ардэнаносцамі, можна было вырашаць любыя задачы, ім усё было па плячы. Па словах Сяргея Мікалаевіча, сённяшнія людзі крыху па-іншаму адносяцца да працы. Прыйшла магутная тэхніка, ужо не трэба прыкладаць вялікіх намаганняў для дасягнення неабходных вынікаў.

“Вольга Ніканаўна Касько працавала даяркай. А ў яе ж дома вялікая сям’я, гаспадарка, але жанчына хварэла душой за агульную справу, уся цалкам аддавалася калектыўнай працы, імкнулася быць перадавіком. Хаця гаварыць “імкнулася”, напэўна, няправільна. Яна проста сумленна працавала”.

Экскурсанты па-рознаму рэагуюць на аповед педагога. Прадстаўнікі старэйшага пакалення захапляюцца землякамі Сяргея Мікалаевіча. А вось школьнікі… Тут сітуацыя неадназначная. Калі вучням пачатковых класаў яшчэ цікава слухаць такія звесткі, то вось з сярэднім звяном, падлеткамі, усё па-іншаму. “Сучасныя дзеці не разумеюць, навошта прачынацца на работу ў 5 гадзін раніцы, калі працоўны дзень пачынаецца з 8 га­дзін, — падзяліўся педагог. — Вось фотаздымак Антона Іванавіча Цыкара (ён, на жаль, маладым загінуў у аўтамабільнай катастрофе), які працаваў на комплексе Е-281. У 25 гадоў Антон Іванавіч Цыкар атрымаў ордэн “Знак Пашаны”. Ён адзі­н за сезон нарыхтаваў 15 тысяч тон зялёнай масы! Каб растлума­чыць дзецям значнасць такога по­дзвігу, прапаную рашыць некалькі матэматычных задач. Гавару ім: “Калі машына бярэ 4 тоны, то давайце падлічым, колькі ж гэта трэба зрабіць рэйсаў. Колькі машын трэба, каб перавезці 10 тон, 15?” І так паступова даходзім да разумення лічбы 15 тысяч тон. Дзеці гавораць: “Гэта ж так многа, гэта ж так доўга нарыхтоўваць і перавозіць!” Тады кажу: “А лю­дзі ж стараліся, каб нам было добра жыць, каб і малако было, і хлеб, і мяса”. Вось тады яны пачына­юць задумвацца. І такія героі свайго часу — прыклад для сучаснай моладзі”.

“Добра, калі паміж землякамі, пра якіх ідзе аповед, і юнымі экскурсантамі ёсць роднасныя сувязі. Пра родзічаў і сваякоў дзеці больш уважліва слухаюць”.

Вось так, праз рашэнне цікавых матэматычных задач, і адбываецца паглыбленне дзяцей у мінулыя эпохі, калі жылі і працавалі іх знакамітыя землякі. Так адбываецца і працоўнае выхаванне. Падобны падыход дапаможа растлумачыць юным экскурсантам і трагізм Вялікай Айчыннай вайны, значнасць подзвігу народа і Перамогі. “Проста агучаная колькасць людзей, якія загінулі падчас вайны, вучням мала пра што гаво­рыць. Лічба 26 мільёнаў не заўсёды выклікае ў іх эмацыянальныя ўражанні. Тады прапаную ім уявіць, што калі па кожным загінуўшым аб’явіць мінуту маўчання, то маўчаць давя­дзецца амаль 50 гадоў. Пытаюся ў вучняў: “Колькі табе гадоў?” Адказваюць: 10, 12. “А ўяўляеш, што ты б яшчэ пяць разоў па столькі, колькі пражыў, маўчаў”. Тады пачынаюць усведамляць. Або яшчэ такі прыклад: калі за вайну, якая доўжылася 1418 дзён, загінула больш за 26 мільёнаў савецкіх грамадзян, то кожныя суткі ў сярэднім гінула больш за 18 тысяч чалавек. А калі перавесці ў гадзіны, то 760 чалавек за гадзіну, а калі ў мінуты, то 13 чалавек штомінуту. Мы з вамі знаходзімся ў музеі толькі 10 мінут, а за гэты час падчас вайны ўжо былі забіты 130 чалавек. Агучаныя лічбы і такія параўнанні прыводзяць дзяцей літаральна ў шокавы стан. Тады яны разуме­юць і значэнне подзвігу сваіх землякоў, пра якіх расказваецца падчас экскурсіі. Добра, калі паміж землякамі, пра якіх ідзе аповед, і юнымі экскурсантамі ёсць роднасныя сувязі. Пра родзічаў і сваякоў дзеці больш уважліва слухаюць”, — паведаміў Сяргей Мікалаевіч.

Многае з таго, што прадстаўлена ў экспазіцыі, збіраў былы дырэктар школы, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, заслужаны настаўнік БССР Цярэнцій Савіч Яльчык. Цікавы факт: каткаўскі музей з’яўляецца адным з першых школьных музеяў краіны і быў створаны ў 1961 годзе. Мяняліся эпохі, пакаленні, а экспазіцыя, як і амаль 60 гадоў назад, расказвае пра людзей, якія сваёй працай праслаўлялі гэты цудоўны куточак Глушчыны. Ужо ў першай зале музея наведвальнікаў сустракае галерэя партрэтаў перадавікоў-ардэнаносцаў. Усяго экспазіцыя займае чатыры залы. У другой зале — і археалагічныя, і этнаграфічныя матэрыялы, і звесткі пра лёс землякоў у Першую сусветную вайну. Падчас экскурсіі па трэцяй зале цэнтральным з’яўляецца аповед пра камандзіра легендарнай разведроты, ураджэнца гэтага краю, капітана Аляксандра Якаўлевіча Юневіча, які тройчы выклікаў агонь на сябе. У сакавіку 1943 года атрад Юневіча быў акружаны на паўвостраве Рыбачы фельд’егерскім нямецкім палком. Калі скончыліся боепрыпасы, байцы ўзялі аўтаматы ППШ і з пустымі магазінамі пайшлі ў атаку на нямецкія кулямёты. Зразумець такі вар’яцкі, як можа сёння падацца, учынак якраз і дапамагаюць арыгінальныя падыходы Сяргея Мікалаевіча Кіпеля ў правя­дзенні экскурсій.

“У 25 гадоў Антон Іванавіч Цыкар атрымаў ордэн “Знак Пашаны”. Ён адзін за сезон нарыхтаваў 15 тысяч тон зялёнай масы! Каб растлумачыць дзецям значнасць такога подзвігу, прапаную рашыць некалькі матэматычных задач”.

Матэрыял больш чым пра 200 землякоў сабраны ў музеі народнай славы. І гэта не толькі франтавікі, перадавікі-ардэнаносцы. Аматарам літаратурнай спадчыны таксама будзе цікава даведацца, што, напрыклад, дзед нашага славутага паэта Максіма Багдановіча Ягор Лук’янавіч Багдановіч родам з суседняй з Каткай вёскі Касарычы. І падобных прыкладаў мноства. Нядзіўна, што экскурсію Сяргей Мікалаевіч можа праводзіць гадзіны напралёт. Як і экскурсанты: яны гатовы бясконца слухаць цікавы аповед педагога. Галоўнае для краязнаўца — гэта знайсці падыход да кожнага наведвальніка.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.