Гімназіі Фаніпаля прысвоена імя Героя Савецкага Саюза А.І. Гурына

- 9:00Главная, Новости

У гімназіі Фаніпаля прайшоў урачысты мітынг, прысвечаны прысваенню ўстанове імя контр-адмірала Антона Іосіфавіча Гурына. У гонар Героя Савецкага Саюза ўстаноўлена мемарыяльная дошка, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

…Пунсовыя гваздзікі, ганаровая варта, якая замерла па стойцы смірна, белыя шары ў небе — сімвал неўміручасці — такім запомніцца для прысутных гэты знамянальны дзень, які адкрыў новую старонку ў гісторыі гімназіі.

Пасведчанне аб прысваенні імя гімназіі дырэктару ўручыў дэпутат Мінскага абласнога савета дэпутатаў Алег Навіцкі

— Вучні і педагогі правялі вялікую пошукавую работу: былі адпраўлены запыты ў архіў, музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, ваенкамат, сабраны багаты біяграфічны матэрыял пра славутага земляка і аформлены стэнд пра яго, у бібліятэцы падрыхтаваны экспазіцыі, дзе можна азнаёміцца з жыццём і баявымі заслугамі Антона Іосіфавіча. У перспектыве плануецца адкрыць музей, — расказала дырэктар установы Галіна Майсейчык. — Наша гімназія першай у раёне ўдастоена высокага гонару прысваення імя героя. Упэўнена, гэта яшчэ больш аб’яднае дзяцей і настаўнікаў, надасць новы імпульс у рабоце па патрыятычным выхаванні. Дарэчы, у нас дзейнічае ваенна-патрыятычны клуб «Патрыёт».

Антон Іосіфавіч Гурын нарадзіўся 15 верасня 1910 г. у вёсцы Шпількі Дзяржынскага раёна. Рос у шматдзетнай сялянскай сям’і і з дзяцінства марыў стаць мараком. Яшчэ хлопчыкам у прамым сэнсе слова пайшоў за сваёй марай. Пад падушкай пакінуў родным кароткую запіску: «Не хвалюйцеся, не шукайце мяне, я сышоў да мора, хачу стаць мараком. Антон». Ён ведаў, што дзесьці на паўночным захадзе, зусім недалёка, як яму здавалася, ёсць Балтыйскае мора. Дабрацца да яго можна праз Ленінград — туды і адправіўся. Жыццё ў Ленінградзе было нялёгкім, юнак шмат разоў наймаўся ў работнікі, каб не галадаць, пакуль не сустрэў чалавека, які даў лёсавызначальную параду: «Кінуць падарожжы, вярнуцца дадому і заняцца вучобай — маўляў, у вучылішчы прымаюць толькі з сямігадовай адукацыяй». Антон вярнуўся дамоў і сеў за падручнікі. Юнак скончыў сямігадовую школу ў Койданаве, экстэрнам паспяхова здаў экзамены за два гады і ўжо ў 1928-м быў прыняты ў Вышэйшае ваенна-марское вучылішча імя Фрунзе ў Ленінградзе. Так спраўдзілася мара хлопчыка з глухога хутара. З таго моманту і да апошняга дня жыццё Гурына было звязана з Ваенна-Марскім Флотам, дзе ён прайшоў шлях ад курсанта да контр-адмірала, Героя Савецкага Саюза.

У 28 гадоў Антон Гурын прызначаецца камандзірам найноўшага мінаносца «Грымячы», які стаў пазней легендарным, увайшоў у склад Паўночнага флоту. Свой першы бой у 1941-м «Грымячы» прыняў у Кольскім заліве. У 1942-м Антона Гурына прызначылі камандзірам дывізіёна эскадронных мінаносцаў Паўночнага флоту, які складаўся з «Грымячага», «Грознага» і «Гучнага». У суровых умовах Запаляр’я ў шматлікіх баях з падводнымі і надводнымі рэйдарамі і авіяцыяй праціўніка «Грымячы» і іншыя эсмінцы пад камандаваннем А.І.  Гурына адканваіравалі больш за тысячу адзінак транспарту, забяспечыўшы іх бяспеку ад шматлікіх нападаў праціўніка.

За час вайны Антон Іосіфавіч здзейсніў звыш 100 баявых паходаў, прайшоў 80 тыс. поўных небяспек і баёў міль. «Грымячы» выяўляў, атакаваў і тапіў варожыя падводныя лодкі, якія спрабавалі прарвацца да транспарту.

З 1951 па 1955 гг. Антон Іосіфавіч быў камандзірам буйных карабельных злучэнняў на Паўночным і Чырванасцяжным Балтыйскім флатах, камандуючым эскадрай Паўночнага флоту. Яго адвагу і працавітасць цудоўна апісвае камандуючы флотам адмірал Галаўко: «Нездарма кажуць пра Гурына, што няма такой «вузкасці», праз якую не здолеў бы ён правесці свой карабель пры любым шторме. Няма такога шторму, які заспеў бы яго знянацку. Гэтыя якасці здабыты ў паходах мірнага часу, у доўгай і ўпартай працы марака».

Антон Іосіфавіч удастоены «Залатой Зоркі» Героя Савецкага Саюза, двух ордэнаў Леніна, чатырох — Чырвонага Сцяга, ордэна Чырвонай Зоркі і інш. У 1943-м атрымаў Ваенна-марскі крыж ЗША, які заслужыў за суправаджэнне нашых і саюзных палярных канвояў. Дарэчы, такая ўзнагарода ўручаецца замежным грамадзянам толькі ў выключных выпадках.

Педагогі гімназіі адшукалі і падтрымліваюць сувязь з дачкой героя Наталляй Антонаўнай, якая жыве ў Санкт-Пецярбургу. Яна захоўвае ўсе матэрыялы, што ўдаецца знайсці пра бацьку, яго продкаў, аднаўляе радавод. Наталля Антонаўна збольшага звязала сваё жыццё з морам — стала суднабудаўніком. Апошні раз на радзіме бацькі была ў далёкім 1982 г. Збіраецца прыехаць у Беларусь у верасні гэтага года да дня яго нараджэння. А да знамянальнай падзеі ў гімназію даслала ліст са словамі падзякі за захаванне памяці пра героя і з пажаданнямі юнаму пакаленню: «Вучыцеся, хай гэта будзе не заўсёды лёгка, але дазволіць у далейшым жыцці заняць сваё месца, што б ні адбылося».

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота з архіва гімназіі