Гімназія Фаніпаля і філалагічны факультэт БДПУ наладзілі супрацоўніцтва

- 11:01Образование, Портфолио

У метадычных мерапрыемствах раённага рэсурснага цэнтра па англійскай мове гімназіі Фаніпаля часта прымаюць удзел настаўнікі-­метадысты з усіх рэгіёнаў краіны. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Майстэрства педагога пачынаецца з вопыту, які ён назапашвае, вырашаючы што­дзень мноства задач. Для таго каб гэты вопыт ператвараўся ў майстэрства, неабходна адбіраць самыя каштоўныя распрацоўкі, глядзець на праблемы з іншага ракурсу, — адзначае намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Людміла Ула­дзіміраўна Герасенка. — Сярод асноўных напрамкаў дзейнасці нашага рэсурснага цэнтра па англійскай мове інфармацыйная, кансультацыйна-метадычная дапамога педагогам, работа з адоранымі і высокаматываванымі вучнямі, назапашванне і сістэматызацыя дыдактычнага матэрыялу. Наш рэсурсны цэнтр размешчаны ў асобным кабінеце, укамплектаваны ўсімі неабходнымі тэхнічнымі сродкамі навучання з доступам да вялікай колькасці інтэрнэт-рэсурсаў: аўдыя- і відэаматэрыялаў, слоўнікаў, кніг, цікавых публікацый. Што тычыцца кадравага патэнцыялу, то гэта пераважна настаўнікі вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыі. У іх ліку магістр навук Аляксандра Аляксандраўна Лукашык, стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў Сабіна Андрэеўна Ліпніцкая, кіраўнік рэсурснага цэнтра Таццяна Юр’еўна Піваварчык.

Настаўнікі англійскай мовы прымяняюць інфармацыйна-камунікацыйныя, гульнявыя і здароўезберагальныя тэхналогіі, рознаўзроўневае і дыферэнцыраванае навучанне, навучанне ў супрацоўніцтве, праектны і інтэрактыўныя метады, творчыя прыёмы навучання, развіваюць у дзяцей крэатыўнае мысленне. На высокім метадычным узроўні вядзецца пазакласная работа, асабліва ярка праходзяць тыдні англійскай мовы — з віктарынамі, брэйн-рынгамі, тэматычнымі выставамі, квестамі, завочнымі падарожжамі, інтэрактыўнымі гульнямі, гульнёй-конкурсам “Лінгвісцяня”, відэаперапынкамі. Вынікі такой работы радуюць: вучні становяцца пераможцамі алімпіяд і конкурсаў па англійскай мове, маюць высокія балы на ЦТ.

Найбольш эфектыўнымі формамі метадычнай работы рэсурснага цэнтра гімназіі з’яўляюцца семінары, вэбінары, практыкумы, майстар-класы, адкрытыя ўрокі, пасяджэнні раённых вучэбна-метадычных аб’яднанняў настаўнікаў англійскай мовы. На пастаяннай аснове праходзіць аўтарскі семінар “Праектаванне сучаснага ўрока англійскай мовы” намесніка дырэктара гімназіі па вучэбна-метадычнай рабоце ­Л.У.Герасенка. Сярод пастаянных удзельнікаў метадычных мерапрыемстваў гімназіі — настаўнікі-метадысты па замежных мовах з усіх рэгіёнаў краіны. У іх ліку старшы выкладчык кафедры англійскай мовы БДУ, намеснік загадчыка кафедры па навуковай рабоце, фіналіст рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”, настаўнік-метадыст Вольга Валер’еўна Брыч. Для настаўнікаў раёна праводзяцца вэбінары, семінары і майстар-класы з удзелам Інесы Уладзіміраўны Зубрылінай, настаўніка-метадыста, кандыдата педагагічных навук, начальніка каардынацыйнага цэнтра “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця” БДПУ. Артыкул Л.У.Герасенка аб вопыце работы рэсурснага цэнтра быў прадстаўлены ў зборніку матэрыялаў рэспубліканскай канферэнцыі з міжнародным удзелам “Эфектыўны педагагічны вопыт: ад тэорыі да практыкі” ў лютым 2024 года.

Па ініцыятыве дырэктара гімназіі Фаніпаля Галіны Казіміраўны Майсейчык наладжана супрацоўніцтва паміж кафедрай замежных моў філалагічнага факультэта БДПУ і гімназіяй. У лютым 2023 года адбылася ўрачыстая цырымонія падпісання адпаведнага дагавора. Мэта такога ўзаемадзеяння — прафарыентацыя навучэнцаў, абмен метадычным вопытам і апрабацыя вынікаў навукова-даследчай работы. Адно з палажэнняў дагавора прадугледжвае сумесную работу з адоранымі навучэнцамі, якіх пачалі ўжо актыўна далучаць да студэнцкіх семінараў, фестываляў і іншых мала­дзёжных мерапрыемстваў.

Гульні для матывацыі

За апошні час шэсць настаўнікаў англійскай мовы гімназіі Фаніпаля павысілі сваю кваліфікацыйную катэгорыю, у тым ліку Жанна Вітольдаўна Осіпчык і Ала Іванаўна Міхайленка, якія атрымалі вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю.

Жанна Вітольдаўна выкарыстоўвае гульнявую дзей­насць для павышэння матывацыі вучняў да вывучэння англійскай мовы, а таксама для навучання іх чытанню, маўленню, успрыманню і разуменню маўлення на слых, пісьму.

— Гульні я ўключаю ў сцэнарый заняткаў або выкарыстоўваю як элемент зададзенай сітуацыі пры арганізацыі пазакласных мерапрыемстваў. Гэта граматычныя, фанетычныя, арфаграфічныя, лексічныя і творчыя гульні. Прымяняю таксама нагляднасць: апорныя, апорна-сэнсавыя схемы, карты, графы, — расказала настаўніца.

Так, для развіцця станоўчай матывацыі падыдуць крыжаванкі, загадкі, прыём “Снежны камяк” (вучань называе сказ па тэме, паўтараючы сказы папярэдніх аднакласнікаў, і дадае свае словы). Цікавы прыём “Зорка майго жыцця”. Настаўнік малюе зорку на дошцы, на канцах якой — лічбы або словы. Вучні, задаючы пытанні, спрабуюць разга­даць, што значаць гэтыя сімвалы. Да наступнага ўрока дзеці рыхтуюць зорку свайго жыцця. Прыём “Марскі бой” падыдзе для замацавання лексічнага і граматычнага матэрыялу, стымуляцыі пазнавальнай актыўнасці вучняў. Настаўнік раздае карткі са словамі актыўнай лексікі або граматыкі, а ў яго на картцы знаходзяцца караблі. Задача вучняў — знайсці і знішчыць гэтыя караблі. Дасягаючы мэты, яны складаюць сказы з перакрыжаванымі словамі. Прыём “Пантаміма” заключаецца ў тым, што вучань каля дошкі адлюстроўвае жэстамі і мімікай пэўны прадмет або дзеянне, а астатнія распытваюць у яго, што ён робіць. Пры рэалізацыі прыёму “Праўда — хлусня” навучэнцы слухаюць сказы. Калі яны адпавядаюць пройдзенаму матэрыялу — пляскаюць у далоні, калі не — тупаюць нагамі. У метадычнай скарбонцы настаўніцы ёсць і такія заданні: расставіць словы ў алфавітным парадку, размеркаваць іх па часцінах мовы, па пытаннях, па тэмах; скласці сказ з лексічных адзінак на картках; правесці інтэрв’ю; адправіцца ў кругасветнае падарожжа. На этапе рэфлексіі прымяняецца прыём “Апошні сказ”: навучэнцы па зада­дзенай тэме называюць сказы; той, хто паўтараецца ці нічога не называе, выбывае з гульні. Падыдуць і прыёмы “Знайдзі памылку”, “Працягні сказ”, ролевыя дыялогі.

Інтэрактыўныя прыёмы

Ала Іванаўна Міхайленка на сваіх уроках выкарыстоўвае інтэрактыўныя тэхналогіі.

— Станоўчых вынікаў дасягаю за кошт выкарыстання прыёмаў для развіцця дыялагічнага маўлення, — адзначае педагог. — Пачынаю ўрок з размінкі і падрыхтоўкі вучняў да актыўнай дзейнасці праз мазгавы штурм — маўленчую зарадку Warming-Up (“Разагрэў”). Задаю пытанні: What are your associations with … ? I’d like to find what words you associate with … ? Магчымы і іншы варыянт: прапанаваць вучням запісаць думкі, якія прыходзяць ім па пэўнай тэме ці праблеме.

Настаўніца любіць прыём “Карусель”. Вучні ўтвараюць два кругі — унутраны і знешні. Ва ўнутраным дзеці сядзяць нерухома, тварам да знешняга круга, а ў знешнім перамяшчаюцца па крузе праз кожныя 30 секунд. Так за некалькі мінут яны паспяваюць прагаварыць некалькі тэм і пераканаць у сваёй праўдзе суразмоўнікаў. Або прыём “Ідэйная карусель”. Кожнаму ўдзельніку мікрагрупы раздаецца ліст паперы і задаецца адно на ўсіх пытанне. Кожны запісвае спантанныя фармулёўкі адказаў. Лісты з запісамі перадаюцца па крузе па гадзіннікавай стрэл­цы суседзям па мікрагрупе. Пры атрыманні ліста з запісамі кожны робіць новы запіс, не паўтараючы існуючыя. Работа заканчваецца, калі кожнаму вернецца яго ліст. На гэтым этапе запісы не аналізуюцца і не ацэньваюцца. У мікрагрупах вучні абмяркоўваюць свае адказы, прапановы і вылучаюць у выніковы спіс самыя актуальныя. Далей групы абменьваюцца напрацоўкамі і выніковымі фармулёўкамі. Калі няма пярэчанняў у іншых груп, фармулёўка ўключаецца ў канчатковы агульны спіс.

Вучні на ўроках Алы Іванаўны выступаюць у ролі назіральнікаў, экспертаў, крытыкаў і аналітыкаў (прыём “Акварыум”). Разыгрываецца сітуацыя ў крузе, клас назірае і аналізуе яе. Так, у 9 класе па тэме What’s on TV? ладзіцца “акварыумны дыялог”, напрыклад, пра якую-небудзь праграму. Адны вучні перадаюць асаблівасці пэўнай праграмы, а іншыя — здагадваюцца, якую праграму тыя прадставілі.

Дзеці свабодна выкладаюць свае ідэі і думкі (прыём “Мікрафон”), право­дзяць ролевыя гульні. Па тэмах “Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі”, “Беларусь”, “Падарожжы па розных краінах” урокі можна будаваць у форме завочнай экскурсіі, а тэмы “Кіно”, “Музыка”, “Спорт”, “Фільмы, кнігі” вывучаць праз інтэрв’ю (guided interview, focused interview, depth interview) і прэс-канферэнцыі са знакамітымі асобамі. Прыём “Броўнаўскі рух” прадугледжвае рух вучняў па класе з мэтай збору інфармацыі па тэме. Кожны атрымлівае ліст з пералікам пытанняў-заданняў: Who has got a pet? What is your favourite dish? Прыём “Дэбаты” падыходзіць для старшакласнікаў. Тэмы для абмеркавання могуць быць самымі рознымі.

 Надзея ЦЕРАХАВА