Гісторыі настаўніц, якія далучыліся да клуба «28 петляў», каб вязаць адзенне і цацкі для неданошаных дзетак

- 12:39Волонтеры, Новости, Проекты

“Для звычайнага чалавека маткі нітак — гэта проста маткі. Прыгожыя, мяккія.  Для мяне ж кожны з іх — гэта жыццё дзіцяці. Гэта яго заўтра, яго будучыня, магчымасць расці і дабівацца поспеху”. Гісторыі настаўніц, якія далучыліся да клуба “28 петляў”, каб вязаць адзенне і цацкі для неданошаных дзетак, – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Настаўніц і выхавальніц сярод удзельніц клуба шмат. Жывуць і працуюць яны  ў розных гарадах Беларусі і разам з іншымі рука­дзельніцамі робяць вялікую справу — дапамагаюць ратаваць жыццё дзетак, якія з’явіліся на свет раней за належны тэрмін. А пачалося ўсё больш як 5 гадоў назад, калі мінчанка Вера Фралова, мнагадзетная маці, упершыню даведалася пра існаванне клуба “28 петляў” і вырашыла да яго далучыцца.

— Я памятаю мой званок у РНПЦ “Маці і дзіця” з прапановай пера­даць ім вязаныя рэчы, і калі праз пару га­дзін мне патэлефанавала загадчыца аддзялення і сказала, што яны з задавальненнем прымуць дапамогу, я была на сёмым небе ад шчасця! Ра­зам са сваёй мамай і калегай мы звязалі 15 пар шкарпэтак і 25 чэрвеня 2017 года падарылі іх РНПЦ. З таго моманту ўсё і закруцілася. (Усміхаецца.)  Паведамленні з пытаннямі і прапановамі сыпаліся на мяне сотнямі ў дзень. Я не паспявала ўсім адказ­ваць — столькі жадаючых было далучыцца да клуба, — расказвае Вера Фралова.

Час не астудзіў запал і жаданне дапамагаць, а толькі пераканаў у адным: каб рабіць добрую справу, не абавязкова быць вельмі багатым чалавекам. Зараз Вера — галоўны каардынатар праекта па Мінску. Яна падтрымлівае сувязь з каардынатарамі з іншых гарадоў краіны, арганізоўвае сустрэчы ўдзель­ніц і па-ранейшаму стварае адзен­не і цацкі для дзетак. І спыняцца не збіраецца!

Бясцэнны дар

Таццяна Краўчанка, настаўніца хіміі сярэдняй школы № 21 Гомеля:

Каля 3 гадоў назад на прасторах інтэрнэту я выпадкова натрапіла на відэаролік пад назвай “Чым заняцца на самаізаляцыі”. У ім дзяўчына з Расіі расказвала пра клуб “28 петляў”. Першае ўражанне — слёзы. Я расплакалася, калі ўбачыла гэтых зусім маленькіх чалавечкаў. Нават не разважаючы, скінула відэа сваёй дачцэ без якіх-небудзь каментарыяў. Не прайшло і 5 мінут, як яна даслала адказ: “Мама, у цябе ўсё атрымаецца”. Высветлілася, што ў нашай краіне на той момант ужо існавала некалькі клубаў “28 петляў”. І першай мне трапілася старонка ў сацсетках дзяўчат з Брэста. З імі я і супрацоўнічаю ўвесь гэты час. Не праходзіць і дня, каб я нешта не зрабіла для дзетак. А калі вы запытаецеся ў мяне, чаму я гэтым займаюся, то дакладна не адкажу. Проста таму, што маё сэрца так вырашыла. Што можа быць даражэйшым за жыццё чалавека? А калі гэта жыццё немаўляці? Калі ёсць магчымасць захаваць і выратаваць яго, то мы проста не маем права прайсці міма. Гэта нават не мацярынскі інстынкт. Дарэчы, мая дачка праз пару тыдняў таксама да мяне далучылася. Яна пачала вязаць цацкі для немаўлят. Яны патрэбны ім не менш, чым кашулі і шкарпэткі. Гэтыя цацкі могуць быць самыя розныя: вась­міножкі, морквачкі, медузкі, долькі апельсіна. Тут галоўнае — падклю­чыць фантазію. Але вязаць трэба абавязкова з натуральнай бавоўны і ўпрыгожваць кожны выраб спіральнымі хвосцікамі, якія нагадваюць немаўляткам мацярынскую пупавіну. Я вяжу шапачкі, кашулі, шкарпэткі і пле­дзікі. У кожнай з майстрых свае мадэлі, свае перавагі ў выбары пражы. З якімі думкамі мы ствараем гэтыя цёплыя рэчы? Толькі з добрымі! Толькі з пазітыўным настроем. Я абавязкова камбіную колеры, прыдумляю ўзоры, бо гэта самыя першыя рэчы ў жыцці дзіцяці, праз якія яно знаёміцца з навакольным светам.

Дабро павінна ісці ад сэрца, толькі тады яно прынясе карысць. Без гэтага нічога не атрымаецца.

Дзяцей, якім патрэбна наша дапамога, насамрэч шмат. І не заўсёды атрымліваецца  выратаваць усіх. Год назад у маім жыцці здарыўся пераломны момант, калі я нават на секунду падумала, што ўсё гэта дарэмна. І ў той жа пе­рыяд праз інтэрнэт мяне знайшла сям’я з Мінска і папрасіла аб дапамозе. Усё вязалася за адну ноч, памеры былі такія маленькія, што прыйшлося перарабляць мадэлі шапачак і кашуль… На вялікі  жаль, не заўсёды нашы намаганні і старанні ўрачоў прыносяць добры вынік. Цешыць тое, што такіх выпадкаў адзінкі, а малышы, якіх мы падтрымліваем, пераадольваюць усе нягоды.

Напэўна, самае вялікае жаданне кожнай феечкі — пабываць у аддзяленні для неданошаных дзетак. Але мне пакуль не давялося. Некалькі разоў на год мы з дачкой адпраўляем вялікія пасылкі з адзеннем і цацкамі дзяўчатам у Брэст, а яны ўжо самі перадаюць іх у раддамы. Часам вельмі хочацца, каб у Гомелі з’явіўся свой клуб “28 петляў”, бо нашым дзеткам у бальніцах таксама вельмі патрэбна дапамога.

Фабрыка цяпла

Таццяна Кананенка, настаўнік-дэфектолаг інтэграванага класа пачатковай школы № 2 Жлобіна:

Даведалася пра клуб выпадкова, паглядзеўшы замежны ролік пра бабуль, якія вя­жуць неданошаным дзеткам. Стала цікава, і, нягледзячы на тое, што быў позні вечар, пачала высвятляць, ці ёсць штосьці падобнае ў нашай краіне. Як кажуць, хто шукае, той знойдзе. І ўжо на наступны дзень я выйшла на каардынатара клуба ў Гродне і атрымала адказы на ўсе пытанні, якія мяне цікавілі. Далучацца ці не, сумненняў не было. Два гады назад я сама стала маці і добра ўяўляю сабе, наколькі цяжка даводзіцца бацькам немаўлят, якія нарадзіліся раней, як гэта балюча бачыць сваё дзіця, такое малюсенькае і бездапаможнае, у кювезе з вялікай колькасцю падключаных да яго правадкоў. Я накіравалася ў магазін, дзе набыла апошнія на той момант два маткі  100-працэнтнай бавоўны і пачала вязаць. Не магу спыніцца і сёння. У мяне выдатна атрымліваюцца  шкарпэткі, пледзікі, шапачкі, цацкі, а вось кофтачкі — не вельмі, што мяне засмучае. Але, што б я ні рабіла для малых, я напаўняюся пачуццём радасці і шчасця, любоўю і трапятаннем. Такая праца незаўважная для многіх людзей, але, на мой погляд, яна вельмі неабходная. Пераканана, што маленькай дапамогі не бывае. Кожная феечка нашага клуба надзяляе свае вязаныя рэчы вялікай верай у тое, што ўсё будзе добра.

Менавіта 28 петляў неабходна набраць, каб звязаць шкарпэтку для неданошанага дзіцяці. Каардынацыйныя цэнтры клуба створаны ў Гродне, Брэсце, Гомелі, Баранавічах, Магілёве, Віцебску. Нядаўна ён з’явіўся і ў Салігорску. З 2017 года феі перадалі ў раддамы краіны больш за 11 000 рэчаў для немаўлят.

Прыемна, што маё хобі прыносіць карысць. Памятаю, пасля першай адпраўкі адзення каардынатарам я яшчэ мацней загарэлася гэтай справай. Нават у школе з дазволу адміністрацыі ўдалося правесці акцыю па зборы нітак для ўдзельніц клуба. Было прыемна, што адгукнулася шмат сем’яў. За гэта ўсім вялікі дзякуй! Мы сабралі два вялікія пакеты. І з тых нітак было звязана вельмі шмат рэчаў і цацак, якія былі перададзены ў раддамы.

Спадзяюся, што дзякуючы артыкулу многія захочуць далучыцца да клуба “28 петляў”. Ведайце: мы сапраўды маленькія начныя феі, якія ствараюць цуды сваімі рукамі. Я са свайго боку заўсёды рада пазнаёміцца з новымі доб­раахвотнікамі і навучыць іх усяму неабходнаму.

Кожны год у Беларусі на свет раней за належны тэрмін з’яўляецца каля 4500 немаўлят. Вязаныя рэчы дапамагаюць дзеткам з экстрэмальна нізкай вагой змагацца за жыццё. Баваўняныя валокны робяць натуральны масаж рэфлекторных зон ступняў дзіцяці, што мае не толькі сагравальны эфект, але і агульнаўмацавальны. У неданошаных дзетак могуць узнікаць спыненні дыхання, а шурпатыя рэчы прымушаюць іх больш варушыцца і не забываць рабіць удых.

Марына ЖДАНАВА