Гісторыя і навука: педагогі Магілёўшчыны расказалі, на чым робяць ухіл у арганізацыі лагераў

- 12:10Пресс-тур «Настаўніцкай»

Выклікаць у дзяцей цікавасць да гісторыі педагогам Хоцімскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Ветразь надзей” дапамагаюць многія формы работы, але найбольш дзейсныя з іх — пошукавая дзейнасць і музейная педагогіка.

На працягу навучальнага года ва ўстанове адукацыі працуюць 8 профіляў — аб’яднанняў па інтарэсах, сярод якіх мастацкі, турыстычна-краязнаўчы, тэхнічны, фізкультурна-спартыўны і інш. Іх кірункамі дзейнасці ахоплены 810 вучняў. Падчас летніх канікул творчаму развіццю дзяцей таксама адводзіцца дастаткова ўвагі. Менавіта на гэта накіравана дзейнасць аздараўленчага лагера “Крынічка”.

“Мы распрацавалі гульнявую ма­дэль лагернай змены “Канікулы ў Дружбаградзе”, якая дазволіла аб’яднаць прыярытэтныя кірункі работы “Ветразя надзей”, — расказвае начальнік лагера метадыст цэнтра Святлана Уласенка. — Да іх адносяцца грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, аздараўленчы і мастацка-творчы напрамкі”.

Каб выхаванцам лагера было цікава падчас змены, штодзень “Крынічка” пераўтвараецца ў краіну сяброўства, гульняў і творчасці, а яе выхаванцы падарожніча­юць па вуліцах Майстроў, Талентаў, Патрыётаў і Здароўя. У чым сэнс такога зместу выхаваўчай работы?

“Мы ўпэўнены, што калі дзеці навучацца сябраваць і цаніць паважлівыя, дружалюбныя адносіны паміж сабой, то, стаўшы дарослымі, не страцяць гэтыя навыкі, — дадае С.Уласенка. — Акрамя гэтага, яны будуць з павагай ставіцца і да сваёй Радзі­мы, ганарыцца яе дасягненнямі. А калі ўзнікнуць канфліктныя сітуацыі, то будуць старацца вырашаць іх толькі мірным шляхам. Што тычыцца сэнсу, з якім мы прыдумалі Дружбаград, то ў канцы змены вучні павінны зразумець, што пад узгаданай назвай маем на ўвазе нашу Беларусь”.

Педагогі цэнтра, арганізуючы змену, вялікую ўвагу ўдзяляюць спаборніцкаму моманту. У Дружбаградзе, як і ў кожнай сапраўднай краіне, ёсць свая валюта. Тут яна называецца дружбікамі. Напрыканцы кожнага дня таму атраду, які атрымаў больш за ўсё балаў за ўдзел у конкурсах, выплачваюцца грошы. У каго іх больш, тыя і становяцца пераможцамі. Зарабіць дружбікі вельмі складана, а вось пазбавіцца іх куды прасцей. Калі ў атрадзе здараецца спрэчка, непаразуменне, то дырэктар лагера можа ануляваць заваяваныя дружбікі.

“Наша змена праходзіць пад дэвізам, які нагадвае пра тое, што галоўнае — мір, — заўважае метадыст цэнтра. — Мы заўсёды гаворым дзецям, што перама­гаць можна не толькі ў спорце, а і ў творчасці, у шматлікіх конкурсах. Самае галоўнае — кіравацца прынцыпамі павагі, праўды і справядлівасці”.

Для больш эфектыўнай рэалізацыі плана работы ў цэнтры прымяняюць такія формы заняткаў, як экскурсіі, гульні, паходы, звычайныя размовы і інш.

“Асаблівую ўвагу ўдзяляем арганізацыі і правядзенню тых мерапрыемстваў, якія прысвечаны знакавым падзеям у гісторыі краіны і маюць асаблівае гістарычнае значэнне”, — акцэнтуе дырэктар лагера.

У “Ветразі надзей” не забываюць пра гэта і падчас навучальнага года. У прыватнасці, у аб’яднанні па інтарэсах “Жывое слова”, якім кіруе педагог дадатковай адукацыі Надзея Кавалёва, праводзіцца маштабная работа па выхаванні грама­дзянска-патрыятычных якасцей, пачуцця адказнасці за захаванне гістарычнай памяці. Так, пад кіраўніцтвам педагога дзеці сабралі і апуб­лікавалі ўнікальны матэрыял пра карны атрад Бішлера, які дзейнічаў на тэрыторыі раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Да гэтага моманту, пакуль тэмай не зацікавілася Надзея Іванаўна, гэты аспект на Хоцімшчыне ніхто не вывучаў, а ў раённым краязнаўчым і школьных музеях інфармацыі па згаданай тэме не было. Відавочна, каб знайсці факты, трэба знайсці іх сведак. Надзеі Іванаўне і яе цікаўным следапытам гэта ўдалося.

На аснове звестак ад жывых відавочцаў, а таксама паводле расказаў іх родных камандзе даследчыкаў удалося аднавіць храналогію і вызначыць характар дзеянняў атрада Бішлера, які ў 1943 годзе пакінуў свой след у Хоцімску. Даследчыя матэрыя­лы былі вывучаны і правераны ў раённым следчым камітэце і пракуратуры, пасля чаго накіраваны ў Генеральную пракуратуру як факт доказу генацыду беларускага народа.

Ужо многа гадоў педагог і навучэнцы ўдзяляюць увагу малалетнім вязням нацысцкіх лагераў.

“Жывая, непасрэдная размова з удзельнікамі і сведкамі падзей дапамагае маладому пакаленню адчуць адказнасць за захаванне памяці і перадачу яе наступным пакаленням, — упэўнена Надзея Іванаўна. — Той матэрыял, які мы сабралі, валодае вялікім выхаваўчым патэнцыялам”.

Але і гэта яшчэ не ўсё. Падчас заняткаў у “Жывым слове” навучэнцы разам з педагогам ужо сабралі і сістэматызавалі сведкі аб настаўніках і настаўніцкіх дынастыях Хоцімскага раёна, аб ветэранах Вялікай Айчыннай вайны. Са слоў Н.Кавалёвай, гэта дапамагае прыцягнуць увагу грамадскасці да неабходнасці вывучэння мінулага роднага краю. Далей — яшчэ больш. Педагог і яе выхаванцы працягнуць пошукавую работу па вывучэнні ваеннай і пасляваеннай гісторыі сваёй Радзімы, адшукаюць жывых сведак падзей мінулага.

“Менавіта гэта дапаможа захаваць гістарычную праўду і павагу да гісторыі не толькі раёна, але і краіны ў цэлым”, — падсумоўвае кіраўнік аб’яднання.

Школьная галактыка

У аснове работы школьнага лагера з дзённым знаходжаннем “Разумнікі і разумніцы”, які дзейнічае ў Касцюковіцкай раённай дзяржаўнай гімназіі, — выкарыстанне модульных праектаў.

Сёлета педагогі і 100 выхаванцаў 1—7 класаў працуюць над ініцыятывай “Галактык.by”. Лагічна, што яе ідэя — вывучэнне космасу. Але заняткі праходзяць не па падручніку, а праз дадатковы пазнавальны матэрыял: летам не да ўрокаў.

“Касмічная тэматыка школьнага аздараўленчага лагера была выбрана яшчэ ў мінулым годзе, — расказвае начальнік лагера настаўніца беларускай мовы і літаратуры Наталля Моціна. — Тады мы вывучалі планеты, сонечную сістэму. Сёлета ідэя рэалізаваць “Галактык.by” з’явілася не выпадкова. У сувязі з тым, што першая беларуска-жанчына Марына Васілеўская адправілася ў космас, мы вырашылі працягнуць яго вывучэнне”.

Школьны лагер — гэта па задумах арбіта 3D, якой ахоплены ўсе навучэнцы. Кожны дзень з арбіты вучні-падарожнікі адпраўляюцца на новую планету: Мірый, Экалогій, Адкрытэрн.

“Планета Адкрытэрн — гэта магчымасць адкрыць для сябе нешта новае, раней невядомае, — дадае настаўніца. — Калі прызямляемся на Экалогій, значыць, будзем разглядаць пытанні, звязаныя з экалогіяй і навакольным асяроддзем і г.д.”

Гімназічны лагер таксама адметны профільным атрадам “Алімп”, у якім высокаматываваныя і адораныя навучэнцы 5—7 класаў працягваюць падрыхтоўку да алімпіяднага руху. Займаюцца вучні па дадатковых праграмах па такіх прадметах, як руская мова і літаратура, англійская ці нямецкая мова, геаграфія, матэматыка.

“Усе заняткі праходзяць у творчай інтэрактыўнай форме, — тлумачыць начальнік лагера. — Дзеці праходзяць па QR-кодах, праз якія ім прадстаўлены заданні па названых дысцыплінах. За тым, ці правільна ўсё выконваецца, сочаць педагогі”.

Падрыхтоўка да алімпіяд — гэта толькі частка летняга раскладу школьнікаў. У астатні час разумнікі і разумніцы прымаюць удзел у квестах па адной з трох тэматык: “Ганаруся табою, мой родны край”, “Здорава здаровым быць” і “Справа майстра баіцца”. Усе яны праходзяць у межах тэматычнага дня, пасля завяршэння якога педагогі кампануюць праведзеныя мерапрыемствы ў вялікія модулі.

“Мы стараемся рабіць ухіл на інтэлектуальнае развіццё дзяцей, але і пра іх адпачынак таксама не забываем, — падсумоўвае педагог. — Менавіта таму распрацоўваем праграму, якая будзе спалучаць, акрамя дадатковых заняткаў, спартыўныя і творчыя кірункі”.

Героі мінулых падзей

Вучыць марыць і ствараць прыгажосць сваімі рукамі — на гэтым ва ўзаемадзеянні са школьнікамі робяць акцэнт педагогі Касцюковіцкага раённага цэнтра дзіцячай творчасці.

Дапамагае настаў­нікам у дасягненні пастаўленых задач дзённы азда­раўленчы лагер мастацкага профілю “Мара”. 

“У мінулым годзе мы атрымалі дыплом ІІ ступені за ўдзел у акцыі “Правільнае лета” ў намінацыі “Дзіцячы аўтапоезд”, — расказ­вае намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Святлана Азёмша. — У аснове дзейнасці педагогаў — прывіццё выхаванцам любові да роднага краю”.

Лагер з дзённым знаходжаннем з’яўляецца не толькі формай арганізацыі свабоднага часу дзяцей рознага ўзросту, але і прасторай для развіцця іх творчых здольнасцей. У першы летні месяц у цэнтры наладжана работа хобі-цэнтраў “Майстэрня мастака”, “Майстрыхі”, “До-мі-соль-ка”, “Чароўная шкатулка”. Наведваючы іх, выхаванцы могуць авалодаць многімі навыкамі.

Сёння “Мару” наведва­юць 40 выхаванцаў, якія любяць твор­часць і самавыяўляцца праз яе. Цікавыя магчымасці для гэтага прапануе клуб гістарычнай рэканструкцыі “Ратнік”, які ў 2011 годзе стварыў дырэктар цэнтра Аляксандр Перапечын. На працягу 15 гадоў Аляксандр Мікалаевіч займаецца аднаўленнем па­дзей ІХ—Х стагоддзя, якія адбываліся на тэрыторыі Старажытнай Русі і Скандынавіі. Згаданы гістарычны перыяд педагог выбраў па дзвюх прычынах: да яго гэты этап ніхто не вывучаў, а яшчэ яму вельмі цікавы час, калі жылі вікінгі і варагі.

“У межах дзейнасці клуба мы займаемся выхаваўчай работай, якая дапамагае дзецям азнаёміцца з гісторыяй свайго народа ў інтэрактыўнай форме, — расказвае Аляксандр Мікалаевіч. — Калі працаваў над арганізацыяй “Ратніка”, планаваў, што бу­дзем не толькі вывучаць гісторыю перыя­ду ранняга Сярэднявечча, але і самаўдасканальвацца. Што тычыцца дзяцей, то далучэнне іх да такой дзейнасці, да гісторыі дазваляе выхоўваць неабходныя кожнаму якасці — пачуццё абавязку, адказнасці, волю, вытрымку”.

У клубе створана свая іерархія, якая супадае з сістэмай таго перыяду, які аднаўляецца. А ў кожнага воіна, хто далучаецца да “Ратніка”, ёсць сваё імя. Дарэчы, самы галоўны воін — Аляксандр Перапечын — знаўца шматлікіх баявых мастацтваў, што дапамагае яму ў рэканструктарскай справе. Правільна трымаць меч, накіроўваць удар і абараняцца падчас пастановачных баёў — гэтымі навыкамі павінен вало­даць кожны воін.

Ва ўсіх рыцараў, хто наведвае клуб, ёсць касцюм, галаўныя ўборы, аксесуары, вырабленыя сваімі рукамі. Што тычыцца зброі, то яе апантаны рыцар куп­ляе на аўкцыёнах у розных краінах, — калекцыя ў педагога пастаянна папаўняецца. Здараецца і так, што ад старажытнага кап’я ці сякеры, якія выстаўлены ў прапанаваным лоце, засталіся толькі рэшткі. Міма іх Аляксандр Мікалаевіч таксама не праходзіць.

“Я купляю ўсё, што мне цікава, і калі гэта таго пат­рабуе, то рэстаўрую прыладу, аднаўляю яе, — зазначае педагог. — Мяне вельмі цікавіць кавальская справа, адраджэнне культуры, побыту Старажытнай Русі. Мы шмат чаго навучыліся ра­біць з дрэва і са скуры. Усё, чым напоўнены клуб, мае гістарычную аснову”.

Эпоха рыцараў і вікінгаў цікавіць і настаўніка англійскай мовы сярэдняй школы № 4 Касцюковіч Мікіту Салаўёва. Разам з Аляксанд­рам Перапечыным малады педагог прымае ўдзел у рыцарскіх фэстах і фестывалях гістарычных рэканструкцый.

“Калі выбіраў будучую прафесію, дакладна ведаў, што стану педагогам, — прызнаецца М.Салаўёў. — Толькі не мог вызначыцца, што выбраць, — англійскую мову ці гісторыю, бо люблю аднолькава гэтыя прадметы. У выніку аддаў перавагу англійскай, але прага да вывучэння мінулага засталася. Дзякуючы Аляксанд­ру Мікалаевічу, магу і далей вывучаць гісторыю. Што тычыцца эпохі рыцараў і вікінгаў, то яна мяне вельмі цікавіць. Тут, у “Ратніку”, ёсць унікальная магчымасць дакрануцца да той эпохі і прымераць да сябе адпаведную ролю”.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА