Знайшлі каханне ў Дзень настаўніка, вучыліся ў Пскове, больш за чвэрць стагоддзя працуюць у Наваполацку, сёлета падрыхтавалі па стабальніку. Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыла з педагогамі Андрэем і Аленай Несцярэнка.
Алена і Андрэй Несцярэнка з вучнямі, якія атрымалі 100 балаў на цэнтралізаваных іспытах
— Муж — з Беларусі, жонка — з Расіі. Дзе з’ядналіся вашы шляхі?
Андрэй Несцярэнка. Наваполацк — мой родны горад, тут я вырас, у 1988-м скончыў сярэднюю школу № 8. Потым служыў у арміі, а пасля дэмабілізацыі — у апошні год існавання Савецкага Саюза, калі ў вялікай краіне існавала сапраўды агульная адукацыйная прастора, — паступіў у Пскоўскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя С.М.Кірава (у нашы дні ён мае статус універсітэта). Мяне з дзяцінства вабіла гісторыя. У старшых класах школы я яшчэ мацней захапіўся гэтым прадметам, чаму вельмі паспрыялі ўрокі любімай настаўніцы Галіны Герлюк. Забягаючы наперад, скажу: мы потым сталі калегамі і цяпер, калі Галіна Мікалаеўна на заслужаным адпачынку, падтрымліваем кантакт. У маладосці ж апантанасць гісторыяй прывяла мяне ў Пскоў — буйны археалагічны цэнтр, дзе пастаянна вяліся цікавыя раскопкі. Я захацеў там вучыцца.
Алена Несцярэнка. Мая малая радзіма на Пскоўшчыне — горад Невель. На момант заканчэння школы я цвёрда ведала, кім хачу працаваць. Стаць настаўніцай было марай майго жыцця, працяглы час я нацэльвалася на пачатковыя класы. Калі ж прыйшла пара падаваць дакументы ў прыёмную камісію, змяніла рашэнне і паступіла на гістарычны факультэт. Ніколі пра гэта не пашкадавала.
Андрэй Несцярэнка. Мы аднакурснікі, па спецыяльнасці настаўнікі гісторыі і сацыяльна-палітычных дысцыплін.
— Рамантычныя пачуцці ўзніклі з першага позірку?
Алена Несцярэнка. Пачуцці абудзіліся на трэці год сумеснай вучобы. Знаёмы мы былі, зразумела, але не заўважалі адно аднаго. І якраз на Дзень настаўніка нечакана заўважылі. Мы з Андрэем жылі ў адным інтэрнаце, толькі на розных паверхах. У першую кастрычніцкую нядзелю нас, студэнтаў, тады засталося трое на ўвесь будынак, астатнія раз’ехаліся. Узнікла ідэя разам адзначыць свята.
Андрэй Несцярэнка. За размовай высветлілася, што ў нас з Аленай багата агульных тэм, вельмі падобныя погляды на жыццё. Мы пачалі сустракацца часцей. Уступілі ў сямейны саюз на завяршэнне першага месяца нашага першага настаўніцкага навучальнага года — 28 верасня.
— Маладыя настаўнікі, якія толькі стварылі сям’ю… Складана было?
Алена Несцярэнка. Трэба аддаць належнае інстытуту: нам далі якасную метадычную падрыхтоўку. Падчас практык нас вучылі дасведчаныя метадысты. Ім і нашым выкладчыкам велізарны дзякуй за тое, што ў школе мы лёгка адаптаваліся, не ўзнікала праблем з падрыхтоўкай урокаў.
Андрэй Несцярэнка. Два гады мы працавалі ў Невелі. Між тым канец 90-х мінулага стагоддзя быў даволі складаным часам, што ў рэшце рэшт вымусіла нас пераехаць на маю малую радзіму. Так з 1998 года і настаўнічаем у Наваполацку. Я толькі год працаваў у 12-й школе, а затым перайшоў у 7-ю, жонка ж адразу сюды ўладкавалася.
— Алена Міхайлаўна — намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце. Хто вядзе сямейныя педсаветы?
Алена Несцярэнка. Спецыфіка настаўніцкай працы ў тым, што няма дакладнай мяжы паміж работай і асабістым часам.
Велізарная педагагічная грамадскасць рэспублікі, пакідаючы сцены ўстаноў адукацыі, дома працягвае рыхтавацца да ўрокаў, правяраць работы вучняў, думаць, як правесці тое ці іншае мерапрыемства з дзецьмі. І ў гэтым сэнсе мы нічым не адрозніваемся ад калег.
Рашэнні прымаем не на эмоцыях, а зыходзячы з абгрунтаванасці меркаванняў і агульных інтарэсаў. Такім чынам, на сямейных педсаветах у нас раўнапраўе.
Андрэй Несцярэнка. Мне імпануе выказванне геніяльнага Давіда Ойстраха. Калі да яго звярнуліся, назваўшы першым у свеце скрыпачом, ён іранічна сказаў: “Не, я другі”. “Хто тады першы?!” — “А першых многа”. На маю думку, гэта выдатны падыход і ў прафесійнай дзейнасці, і ў сямейным жыцці.
— Любіце класічную музыку?
Андрэй Несцярэнка. Так, і не толькі класічную. Захапляемся тэатральным мастацтвам, любім чытаць, глядзець добрае кіно. Калі выпадае час, прыязджаем да дачкі ў Мінск — і ў тэатр абавязкова накіроўваемся. Пры Полацкім дзяржаўным універсітэце імя Еўфрасінні Полацкай ёсць цудоўны студэнцкі тэатр “АРТ”, туды таксама ходзім.
Алена Несцярэнка. Калі гаварыць пра захапленні, то ў вольны час мы яшчэ любім падарожнічаць. Па Беларусі, да маіх сваякоў у Невель, да аднагрупнікаў, з якімі захавалі сяброўства з інстытута. І проста на прагулкі ходзім. Прывыклі заўсёды быць поруч. У нас часам пытаюцца, ці не стамляемся і працаваць, і адпачываць разам. А вось неяк не надакучвае.
— У вас аднолькавая спецыяльнасць. Як падыходзіце да размеркавання вучэбнай нагрузкі?
Алена Несцярэнка. За ўвесь час работы ў Наваполацку я ніколі не пакідала выкладанне гісторыі і грамадазнаўства. Люблю працаваць з дзецьмі, таму ў мяне заўсёды ёсць гадзіны на мае прадметы. Акрамя таго, выкладанне дазваляе трымаць руку на пульсе, лепш разумець дзяцей і настаўнікаў, іх праблемы і патрабаванні. Канечне, з пераходам на адміністрацыйную пасаду больш вучэбнай нагрузкі засталося ў Андрэя Аляксеевіча.
Андрэй Несцярэнка. Мы заўсёды думаем аб удасканаленні выкладання, таму ў мінулым годзе падзялілі прадметы. Я ўзяў на сябе ўрокі гісторыі, а Алена Міхайлаўна — пераважна грамадазнаўства.
— Наколькі вынікова вашы вучні ўдзельнічаюць у алімпіядным руху, як здаюць ЦЭ і ЦТ?
Алена Несцярэнка. Сярод нашых выхаванцаў ёсць пераможцы трэцяга і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Больш за 90 балаў у сертыфікатах цэнтралізаваных іспытаў — штогадовая практыка. Сёлета двое выпускнікоў упершыню парадавалі нас найвышэйшымі вынікамі. Віталія Дзюсава, вучаніца Андрэя Аляксеевіча, набрала 100 балаў па гісторыі Беларусі, паступіла ў БДУ на факультэт сацыякультурных камунікацый. У майго вучня Івана Краева — 100 балаў па грамадазнаўстве, сёння ён студэнт факультэта міжнародных адносін БДУ. Дарэчы, гэты факультэт два гады назад скончыла наша дачка.
Андрэй Несцярэнка. Нам лягчэй, бо мы працуем удваіх. Разам выбудавалі сістэму падрыхтоўкі да алімпіяд і цэнтралізаваных экзаменаў.
— Калі гаварыць пра складнікі паспяховасці, то што галоўнае?
Алена Несцярэнка. Па-першае, матывацыя. Абодва нашы стабальнікі вучыліся ў профільных групах. Па-другое, гэта падрыхтоўка да алімпіяд, пачынаючы з бесперапыннай школьнай, якая ў нас традыцыйна праходзіць на працягу навучальнага года. Трэці складнік — сістэматычны кантроль і карэкцыя ведаў.
— У вашага сямейнага дуэта ёсць адзінае прафесійнае крэда?
Андрэй Несцярэнка. Найбольш патрабавальна стаўся да сябе, і тады твая патрабавальнасць да дзяцей будзе апраўдана. Для настаўніка гэта найперш азначае якасную штодзённую падрыхтоўку да ўрока, які павінен быць цікавым для вучняў. Прыклады з літаратуры і фільмаў, дадатковыя звесткі пра гістарычную асобу ці сучасніка, яркая цытата, візуалізацыя матэрыялу — усё гэта здольна захапіць дзяцей. Адна з важных высноў, якую я зрабіў для сябе, — трэба ўмець гаварыць проста аб складаным. Найвышэйшым майстэрствам сапраўднага настаўніка з’яўляецца ўменне наладзіць кантакт паміж светам сваіх ведаў і светам сваіх вучняў і перадаць гэтыя веды на ўзроўні, зразумелым сучасным дзецям. Неабходна спрашчаць і адаптаваць інфармацыю, якая іншым разам палохае школьнікаў сваім аб’ёмам і адсутнасцю яснасці, думаць аб скарачэнні часу на падрыхтоўку дамашняга задання. Апорныя канспекты, табліцы і схемы дапамогуць вучням хутчэй і больш паспяхова засвоіць тэму.
Алена Несцярэнка. Важным элементам нашай работы з’яўляецца таксама праблемнасць у выкладанні новага матэрыялу. Без гэтага цяжка сфарміраваць асобу, якая будзе свядома і крытычна ставіцца да любой інфармацыі. Акрамя таго, значная роля ў арганізацыі эфектыўнай дзейнасці настаўнікаў належыць кіраўніцтву школы, якое стварае спрыяльныя ўмовы для работы.
Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара