Гісторыю робяць людзі. Каманду выдатнікаў адукацыі папоўнілі прадстаўнікі Віцебшчыны

- 15:14Актуально, Образование

Паўночны рэгіён Беларусі ярка і запамінальна адзначыў сваё 85-годдзе, перадае карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Вялікае свята стартавала з ушанавання ветэранаў працы: 82 прадстаўнікам старэйшага пакалення, у тым ліку педагогам, былі ўручаны падзякі і ганаровыя знакі за заслугі ў развіцці вобласці.

Гэта не імгненны трыумф, а слава і вопыт, напрацаваныя гадамі, — падкрэсліў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін. — Менавіта вы закладвалі цаглінку да цаглінкі ў дабрабыт і росквіт роднай зямлі. Мы пачынаем урачыстасці менавіта з вас, каб паказаць, што вы самыя галоўныя, і сёння — ваш дзень. Гаворым чарговы раз вам дзякуй за працу.

Адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання тых, хто сёння прымнажае патэнцыял рэгіёна.

Гісторыю робяць людзі, — звярнуўся да герояў дня Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (старшыня Віцебскага аблвыканкама з 1994 па 2008 г.) Уладзімір Андрэйчанка. — Юбілей вобласці — важная падзея для ветэранаў і моладзі, для ўсіх, хто аддаў часцінку сваёй душы і сэрца нашай малой радзіме, каб яна развівалася і квітнела. Побач з намі тут знаходзяцца перадавікі рэгіёна. Велізарны дзякуй вам ад кіраўніцтва краіны за вашу працу і старанне, перадавы вопыт. Гэта аснова для росту, рэалізацыі новых праграм, праектаў і разам з тым — паказчык таго, што ў нас ёсць многа магчымасцей. А патэнцыял Віцебшчыны моцны.

Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу ўзнагароджана дырэктар Альгоўскай базавай школы Віцебскага раёна Святлана Ільюшчанка. Падзяка Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Рамана Галоўчанкі аб’яўлена заслужанаму трэнеру БССР трэнеру-выкладчыку аддзялення біятлона Віцебскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву Івану Белапухаву.

Да віншаванняў ад імя Міністэрства адукацыі і асабіста кіраўніка ведамства Андрэя Іванца далучыўся намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай:

— У гэтай зале прагучала многа добрых і справядлівых слоў. Хацеў бы дадаць такі важны момант, што на працягу ўсіх 85 гадоў вельмі значная і пільная ўвага ўдзялялася сферы навучання і выхавання маладых грамадзян Віцебшчыны. Тут працавалі і працуюць таленавітыя педагогі, выбудавана сур’ёзная сістэма прафарыентацыі, прафесійнай падрыхтоўкі на ўсіх узроўнях, пачынаючы з дашкольных устаноў да каледжаў і магутнага корпуса ўстаноў вышэйшай адукацыі. Вобласць заўсёды паспяхова рэалізоўвала ўсе маладзёжныя праекты і па рабоце з моладдзю з’яўляецца лідарам у рэспубліцы. Сёлета ў нас унікальны выпадак, калі статус маладзёжнай сталіцы краіны не пакідае межы аднаго рэгіёна: у сакавіку эстафету ў Віцебска прымае Наваполацк.

Нагрудны знак «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь» А. Кадлубай уручыў дырэктару сярэдняй школы №3 Лепеля Аляксандру Бруцкаму-Стампкоўскаму, галоўнаму спецыялісту аддзела па адукацыі Глыбоцкага райвыканкама Валянціне Ліманоўскай, настаўніку фізічнай культуры і здароўя Мазалаўскай сярэдняй школы Віцебскага раёна Івану Марчанку і загадчыцы дзіцячага сада № 88 Віцебска Алене Гірэевай.

Пяцёра з 50 лаўрэатаў ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны» працуюць у сферы адукацыі. У намінацыі «Сацыяльная сфера (сацыяльная абарона насельніцтва, культура, адукацыя, навука, спорт, ахова здароўя, моладзь» высокай узнагародай адзначаны дасягненні настаўніка матэматыкі гімназіі №2 Віцебска Аляксандра Шугаля, загадчыцы дзіцячага сада № 110 Віцебска «Зорачка» Валянціны Шамшуры, майстра вытворчага навучання Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльнага каледжа Алёны Полесавай, загадчыцы кафедрай гісторыі і турызму ПДУ імя Еўфрасінні Полацкай Алесі Корсак, настаўніка харэаграфіі дзіцячай школы мастацтваў № 1 Віцебска балетмайстра заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь узорнага ансамбля класічнага танца «Піруэт» Іны Паўленка. Сярод лаўрэатаў у названай намінацыі — расійскі бізнесмен Аляксандр Яўневіч. У мінулым годзе поўнасцю за кошт яго спонсарскіх сродкаў праведзены капітальны рамонт сярэдняй школы № 2 Бешанковіч імя М.М. Ткачэнкі, якая некалі дала будучаму чалавеку года Віцебшчыны пуцёўку ў жыццё. 

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара