Глядзець у будучыню

- 9:30100 гадоў з людзьмі і для людзей

Кожны сапраўдны педагог служыць будучыні народа. Адзін з такіх педагогаў — Міхаіл Іосіфавіч Мацвейчык, старшыня Ваўкавыскага райкама прафсаюза з 2004 па 2019 год.

Міхаіл Іосіфавіч Мацвейчык нарадзіўся 4 лістапада 1949 года ў вёсцы Грыбаўка Ваўкавыскага раёна ў сялянскай сям’і. Пачатковую адукацыю атрымаў у Сугацкай пачатковай школе. З цеплынёй і глыбокай удзячнасцю ён успамінае свайго першага настаўніка Аляксандра Іванавіча Лясноўскага.

Пасля Сугацкай пачатковай школы была вучоба ў Дзятлавіцкай васьмігадовай школе. Адлегласць да школы ў 4 кіламетры даводзілася пераадольваць пешшу ці на веласіпе­дзе, а ў снежную зіму бацькі па чарзе вазілі дзяцей з вёскі на санях.

Атэстат сталасці М.І.Мацвейчык атрымаў у 1967 годзе пасля заканчэння Воўпаўскай сярэдняй школы. Міхаілу з аднагодкамі адлегласць ад роднай вёскі да школы ў 10 кіламетраў даводзілася пераадольваць часцей за ўсё на веласіпедзе або маршрутным аўтобусе, але з-за надвор’я здаралася ўсякае. Калі зіма была суровай, жыў у цёткі ў Воўпе.

Пасля заканчэння школы М.І.Мац­вейчык паехаў у Ленінград, каб паступіць у мараходнае вучылішча, аднак па стане здароўя не прайшоў і на некаторы час застаўся праца­ваць у Ленрэчпорце. Юнацкая любоў да Ленінграда ў будучыні паўплывала на выбар экскурсійных паездак: не адзін раз Міхаіл прыязджаў у гэты горад з вучнямі, калегамі, сям’ёй.

У 1968 годзе ён вярнуўся на ра­дзіму і паступіў на завочнае аддзяленне Гродзенскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы на факультэт матэматыкі. Адначасова пачаў працаваць настаўнікам матэматыкі і фізікі ў Шастакоўскай васьмігадовай школе Шчучынскага раёна.

Пасля жаніцьбы лёс закінуў у Ашмянскі раён, дзе працавала жонка. Два гады настаўнічаў у Каменскай васьмігадовай школе. Міхаілу Іосіфавічу даверылі весці ўрокі матэматыкі, фізікі, геаграфіі і нават малявання!

У 1972 годзе сям’я Мацвейчык пераехала ў Мастоўскі раён. Міхаіл Іосіфавіч пачаў працаваць настаўнікам, а затым намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ў Струбніцкай васьмігадовай школе. У гэтай школе ён успамінае сябе на паса­дзе класнага кіраўніка 8 класа з напаўняльнасцю 42 вучні.

У жніўні 1974 года быў пераведзены дырэктарам Пескаўскай сярэдняй школы, а праз год прызначаны на пасаду інспектара Мастоўскага РАНА.

Але вельмі цягнула ў школу, таму з 1976 па 1983 год М.І.Мацвейчык працаваў намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце, а затым дырэктарам Рагозніцкай сярэдняй школы Мастоўскага раёна. У 1983 годзе быў прызначаны на пасаду загадчыка Ваўкавыскага гарадскога аддзела народнай адукацыі, а пасля аб’яднання раённага і гарад­скога аддзелаў працаваў начальнікам упраўлення адукацыі Ваўкавыскага райвыканкама. Гэта быў час увядзення ў строй дзіцячых садоў, будаўніцтва ў Ваўкавыску новага будынка сярэдняй школы № 1 і дзвюх новых школ — № 7 і № 8 з польскай мовай навучання, стварэння поўнага комплексу пазашкольных устаноў. Дзве гарадскія школы былі рэарганізаваны ў гімназіі. М.І.Мацвейчык аказваў актыўнае садзейнічанне ў адкрыцці будаўнічага вучылішча. За выніковую працу ў 2004 годзе Ваўкавыскае раённае ўпраўленне адукацыі ўзнагароджана Чырвоным сцягам і аўтобусам МАЗ.

30 лістапада 2004 года на канферэнцыі М.І.Мацвейчык быў выбраны старшынёй Ваўкавыскага раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. На гэтай пасадзе працаваў да 1 лютага 2019 года. Пасада была для яго больш спакойная, чым папярэдняя, але складанасць заключалася ў тым, што неабходна было ахапіць усе напрамкі работы, прычым без памочнікаў.

У скарбонцы дасягненняў ветэрана працы вялізная колькасць грамат, падзяк выканаўчых і распарадчых органаў улады, Міністэрства адукацыі, галіновага прафсаюза і Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. У 2015 годзе Міхаіл Іосіфавіч быў узнагароджаны нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”.

Некалькі разоў ён выбіраўся дэпутатам Ваўкавыскага раённага Савета дэпутатаў. На працягу многіх гадоў узначальваў Ваўкавыскую раённую арганізацыю ГА “Беларускі фонд міру”.

Сваім прафесійным ростам Міхаіл Іосіфавіч у многім абавязаны жонцы Валянціне Уладзіміраўне. Яна настаўнік-біёлаг і свае прафесійныя веды і вопыт прымяняе цяпер на прысядзібным участку, займаецца разам з мужам пчалярствам.

Экс-старшыня райкама прафсаюза ўпэўнены, што прафсаюзны лідар павінен імкнуцца аператыўна разбірацца ў сітуацыі, дапамагаць работнікам, членам іх сем’яў, ветэранам працы галіны і аб’ядноўваць каманду аднадумцаў — прафактыў, здольную ствараць і падтрымліваць спрыяльны маральна-псіхалагічны клімат у калектыве, арганізоўваць вольны час і рэалізоўваць творчыя ініцыятывы. А пачаткоўцам — старшыням — дае такую параду: быць бліжэй да людзей.

Таццяна ГАЗІЗАВА,
старшыня Ваўкавыскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.