Год добраўпарадкавання — магчымасць актывізаваць работу па працоўным выхаванні, лічаць педагогі Паселіцкай школы

- 10:16На пользу дела, Новости

Дырэктар Паселіцкай сярэдняй школы Хойніцкага раёна Галіна Окунева ў размове з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” падкрэсліла важнасць і неабходнасць паляпшэння і добраўпарадкавання тэрыторыі навучальнай установы.

На прышкольнай тэрыторыі туі выстраіліся ў рад, ствараючы зялёную жывую агароджу, а касачы, пасаджаныя ўздоўж дарожак, сустракаюць дзяцей і педагогаў сваім водарам. Прыемны пах травяністых раслін напаўняе школьны двор цяплом і ўтульнасцю, ствараючы атма­сферу гармоніі і прыгажосці, натхняючы ўсіх на добрыя справы.

— Гісторыя нашай установы налічвае больш за 50 гадоў, і за гэты час адбылося шмат важных падзей, змяненняў і пераўтварэнняў, — дзеліцца кіраўнік установы Галіна Окунева. — Раней тут раслі высокія елкі, але з часам дрэвы не вытрымлівалі штармавога ветру. У 2008 годзе было прынята рашэнне прыбраць елкі, якія нясуць пагрозу і могуць у любы момант упасці. Тэрыторыя апусцела, а пасаджаныя кветкі глядзеліся вельмі самотна…

Усё пачалося некалькі гадоў назад, калі з візітам у школу прыехалі выпускнікі, якія 45 гадоў назад развіталіся са школай. Яны праявілі ініцыятыву: вырашылі ўпрыгожыць школьны двор і пасадзілі тую, першае вечназялёнае дрэва. У 2015 годзе завітаў клас выпускнікоў. Яны таксама пакінулі памяць пра сябе, паса­дзіўшы дрэвы, якія сталі сімвалам доўгай гісторыі і росквіту ўстановы. Так і нарадзілася наша добрая традыцыя — зараз кожны выпуск высаджвае дрэвы, якія сімвалізуюць росквіт і сувязь пакаленняў. А паколькі ў сельскай школе штогод выпускнікоў не так шмат, то самі навучэнцы ініцыіравалі пасадку імянных туй. На іх яны вешаюць стужачку, завязваюць вузельчык і загадваюць жаданне.

Што цікава, як правіла, выпускнікі школы выбіра­юць аграрныя спецыяльнасці, паколькі гэты напрамак цесна звязаны з іх роднай зямлёй, традыцыямі і магчымасцямі для далейшага развіцця рэгіёна. Такі выбар абумоўлены не толькі цікавасцю да сельскай гаспадаркі, але і жаданнем прадоўжыць сямейныя традыцыі, унесці ўклад у развіццё мясцовай гаспадаркі і забяспечыць сабе стабільную будучыню.

— Год добраўпарадкавання — выдатная магчымасць актывізаваць работу па працоўным выхаванні, — адзначае Галіна Віктараўна. — Навучэнцы ўцягнуты ў рэальныя справы, і гэта выхоўвае ў іх у тым ліку дысцыпліну, адказнасць, гордасць за малую радзіму. Сельскія дзеці вельмі працавітыя, яны з малых гадоў ведаюць, як накарміць, напаіць курачак ці свінак. Таму і педагогам рэалізоўваць комплекс мерапрыемстваў у Год добра­ўпарадкавання лёгка і проста. У цэлым працоўнае выхаванне прахо­дзіць чырвонай ніткай праз дзейнасць сельскіх школ, фарміруючы ў вучняў павагу да працы, адказныя адносіны да навакольнага асяроддзя і развіваючы практычныя навыкі, неабходныя для жыцця і будучай прафесійнай дзейнасці.

Дарэчы, навучэнцы Пасе­ліцкай сярэдняй школы — актыўныя ўдзельнікі шматлікіх акцый.

— Разам з дзецьмі наводзім парадак на тэрыторыі вёскі, а таксама знаходзім стыхійныя звалкі і прыбіраем смецце, — працягвае дырэктар. — Кожны тыдзень праводзім чысты чацвер пад дэвізам “Школа — твой дом, будзь у ім гаспадаром”. Дзеці не толькі дапамагаюць прыбіраць прышкольную тэрыторыю, але і творча падыходзяць да навядзення чысціні і парадку. Напрыклад, наш шэры бетонны плот, які пакрываецца мохам, дзеці чысцяць і фарбуюць. Яны выкарыс­тоўваюць свае ідэі і фантазію для стварэння і афармлення кветнікаў, упрыгож­вання газонаў. Да 9 Мая клумба ў форме зоркі радавала ўсіх яркімі цюльпанамі. Зусім хутка на клумбе з’явяцца цыніі. Такі падыход садзейнічае развіццю ў дзяцей пачуцця адказнасці, гордасці за сваю школу і навакольнае асяроддзе.

Каардынацыя работ па добраўпарадкаванні і працоў­ным выхаванні кладзецца на плечы не толькі кіраўніка ўстановы, але і педагагічнага калектыву. Так, 28 гадоў матывуе навучэнцаў 1—4 класаў даглядаць расліны настаўніца пачатковых класаў Любоў Гардзейчык. Любоў Аляксанд­раўна з усіх куткоў Гомельшчыны вязе ў родную школу саджанцы, каб упрыгожыць тэрыторыю і прывіць дзецям любоў да прыроды.

Работа па добраўпарадкаванні кіпіць і за межамі школы. За ўстановай замацавана пэўная тэрыторыя, якой патрэбен пастаянны догляд. На сельскіх вуліцах Савецкай, Новай, Зялёнай трава скошана, дрэвы пабелены, дарожкі падмецены, не знайсці на дарожцы абгорткі ад цукеркі. І кожны жыхар вёскі ведае, што гэта моладзь пастаралася.

Вядзецца работа па добраўпарадкаванні школьнага саду, які калісьці цешыў багатым ураджаем яблыкаў у некалькі сотняў кілаграмаў. Зараз тут растуць і маладыя саджанцы, кожны год у рамках розных акцый высаджваюць дрэвы вішні, чарэшні, арэха. Дарэчы, да 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне кожны клас пасадзіў яблыню.

Ганарыцца дырэктар умелымі рукамі педагогаў і навучэнцаў. Напрыклад, дзеці выдатна праявілі сябе падчас арганізацыі другаснай заня­тасці.

Дзякуючы праектам, у якіх задзейнічаны школьнікі ад 14 гадоў, удалося памяняць мэблю ва ўсіх класах і пашыць некалькі камплектаў пасцельнай бялізны, абрусы ў школьную сталовую, фартухі і каўпакі для дзяжурных па сталовай.

— Мне хацелася б, каб у нас былі прыгожыя дарожкі, каб на тэрыторыі ўстановы з’явіліся ліхтары на сонечных батарэях, якія днём назапашваюць святло, а ўвечары ярка свецяць, ствараючы цёп­лую і бяспечную атмасферу. Такія змяненні зро­бяць наш школьны двор яшчэ больш прывабным, — запэў­нівае кіраўнік.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара