Год навацый і стратэгічных рашэнняў

- 12:55Авторские колонки, Мнение

Вольга Дубоўская



 

 

 

 

 

У студзені 2022 года Прэзідэнт падпісаў абноўлены Кодэкс аб адукацыі. Гэты дакумент стаў вызначальным для ўсёй сістэмы. У яго ўключана 17 новых артыкулаў (цяпер іх 297), і абнаўленні тычацца як агульных пытанняў удасканалення сістэмы адукацыі і арганізацыі адукацыйнага працэсу, так і патрабаванняў да ўсіх удзельнікаў працэсу, а таксама сацыяльнай абароны і падтрымкі навучэнцаў і выпускнікоў. Дакумент уступіў у сілу з першага верасня і стаў настольнай кнігай для кіраўнікоў усіх тыпаў навучальных устаноў. 

Безумоўна, аб’яўленне 2022 года Годам гістарычнай памяці знайшло сваё адлюстраванне ў дзейнасці кожнай установы адукацыі. Было праведзена шмат тэматычных мерапрыемстваў і конкурсаў, рэалізавана мноства лакальных і рэспубліканскіх праектаў, якія запомняцца і будуць працягвацца далей. Гэта акцыя “Я гэты край Радзімаю заву”, усебеларуская маладзёжная экспедыцыя “Маршрутамі памяці. Маршрутамі адзінства”, рэспуб­ліканскі грамадзянска-патрыятычны праект “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”. Асаблівая ўвага — міжнароднаму праекту “Цягнік Памяці”, які быў ініцыіраваны кіраўнікамі верхніх палат парламентаў Беларусі і Расіі. 

Новы імпульс развіццю сістэмы адукацыі надало назначэнне новага кіраўніка галіновага ведамства. Міністрам адукацыі стаў Андрэй Іванец. Андрэй Іванавіч стаў ініцыятарам і актыўным удзельнікам вялікай колькасці дыялогавых пляцовак. Трэба адзначыць, што ў 2022 годзе ў педагагічнай грамадскасці ішло амаль бесперапыннае абмеркаванне шырокага кола пытанняў. 

У прыватнасці, на парадку дня былі дыскусіі па змесце вучэбных дапаможнікаў. Адпаведныя дыялогавыя пляцоўкі, дзе не толькі выяўляліся недахопы сучаснай вучэбнай літаратуры, але і аказвалася дапамога педагогам, каб сарыентавацца ў метадычных і дыдактычных задумах аўтараў, прайшлі ва ўсіх рэгіёнах краіны. 

Гарачымі сталі абмеркаванні новых правіл уступнай кампаніі, асаблівасцей правядзення цэнтралізаваных экзаменаў. Дыялогавыя пляцоўкі з удзелам профільных спецыялістаў, педагогаў, бацькоў і вучняў працавалі ва ўсіх кутках краіны. У выніку была прынята схема, якая дае магчымасць рэаліза­ваць свае прафесійныя амбіцыі кожнаму выпускніку і, акрамя таго, дазволіць атрымаць статус студэнта самым здольным і таленавітым, для якіх прадугледжаны асобныя прэферэнцыі. 

З гэтага навучальнага года пачаў дзейнічаць Дзяржаўны адукацыйны стандарт, які прызваны забяспечваць эфектыўнасць адукацыйнага працэсу, бяспечныя ўмовы знаходжання навучэнцаў ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі, умацоўваць дысцыпліну і парадак, садзейнічаць дасягненню адно­сін супрацоўніцтва, узаемападтрымкі паміж усімі ўдзель­нікамі адукацыйнага працэсу. Акрамя таго, былі прыняты “10 залатых правіл педагога”, выпрацаваны адзіны падыход да школьнай формы. Пачаў рэалізоўвацца пілотны праект, згодна з якім устаноўлены адзі­ны бясплатны дзень для наведвання музеяў краіны навучэнцамі, якія атрымліваюць агульную сярэднюю, прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную адукацыю. Выдатная ініцыятыва.

Пытанне аб павышэнні заработнай платы педагагічным работнікам Міністэрства адукацыі трымала на кантролі на працягу ўсяго года. У 2022 годзе надбаўкі да заробку ўстанаўліваліся 2 разы. У краіне адкрываліся новыя школы і дзіцячыя садкі. Толькі да першага верасня ў эксплуатацыю былі ўведзены 4 новыя школы.

Беларускія школьнікі традыцыйна парадавалі перамогамі на міжнародных прадметных алімпіядах. Напрыклад, дзяўчаты заваявалі адзін залаты і тры бронзавыя медалі на 11-й Еўрапейскай дзявочай алімпіядзе па матэматыцы. На міжнароднай алімпіядзе па навуках аб Зямлі беларускія школьнікі заваявалі сем медалёў. 

Гордасць за беларускіх педагогаў адчувала ўся дэлегацыя падчас II Міжнароднага фестывалю педагагічнага майстэрства, які праводзіўся ў межах VІІ з’езда настаўнікаў і работнікаў адукацыі дзяржаў — удзельніц СНД. Два першыя і адно другое месцы засведчылі метадычную падкаванасць беларускіх удзель­нікаў, іх высокі прафесійны і міжнародны ўзровень.