Каманда сярэдняй школы № 21 Гомеля стала пераможцай фіналу I Рэспубліканскай ваеннапатрыятычнай гульні “Арляня”. Расказваем, праз якія выпрабаванні прайшлі ўдзельнікі.
Фінал гульні праходзіў на базе 120-й гвардзейскай Рагачоўскай Чырванасцяжнай, ордэнаў Суворава і Кутузава асобнай механізаванай брыгады імя Вярхоўнага Савета Беларускай ССР Паўночна-Заходняга аператыўнага камандавання Сухапутных войск з удзелам сямі каманд-пераможцаў абласнога і Мінскага гарадскога адборачных тураў гульні (96 чалавек).
— Вельмі важна захаваць пераемнасць пакаленняў, — гаворыць старшыня ЦС БРПА Аляксандра Ганчарова. — Калі на працягу 30 гадоў Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя праводзіла гульню “Зарніца”, то каб дзеці свае навыкі не страцілі і ў далейшым развівалі як грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, так і любоў да Радзімы, у мінулым годзе сумесна з Міністэрствам абароны, Міністэрствам адукацыі і БРСМ было прынята рашэнне правесці гульню “Арляня” для старшых школьнікаў.
Набраўшы ў выпрабаваннях 21 бал, першай на п’едэстале пашаны размясцілася каманда гомельскай сярэдняй школы № 21. На 2-м месцы — каманда Полацкага кадэцкага вучылішча, на 3-м — зборная Магілёўскага абласнога кадэцкага вучылішча імя Героя Савецкага Саюза Яўгена Нікалаенкі і Магілёўскага дзяржаўнага ліцэя № 2.
— Конкурс быў цяжкі, але наш атрад ведаў, на што ідзе, — гаворыць камандзір каманды пераможцаў Валерыя Філева. — Штодзённая падрыхтоўка доўжылася месяц адразу ж пасля перамогі на абласным этапе. Такія конкурсы, на мой погляд, проста неабходныя: яны выхоўваюць любоў да Радзімы і знаёмяць з цікавымі людзьмі. Нам вельмі пашанцавала разам з іншымі камандамі ўдзельнічаць у першым “Арляняці”. Упэўнена, што далей праект будзе набіраць абароты і здзіўляць усіх сваімі маштабамі і вынікамі.
Рэспубліканскі ваенна-патрыятычны праект “Арляня” стартаваў з адборачных тураў у лютым гэтага года. У сакавіку прайшлі раённыя і гарадскія гульні з удзелам 526 каманд, а гэта амаль 6 тысяч таленавітых навучэнцаў. У маі — абласныя і мінская гарадская гульні, дзе за шанс згуляць у фінале пазмагаліся 92 каманды: больш за 1280 чалавек.
Фіналісты гульні прынялі ўдзел у экскурсійнай адукацыйнай праграме “Гадуем патрыётаў”, конкурсах прывітання “Час моладзі”, па страявой падрыхтоўцы “Кожны з нас у страі!”, па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі седзячы з локця “Трапны стралок”, творчым “Баявы лісток”, ваенізаванай эстафеце “Час каманды” (падцягванне на перакладзіне (юнакі), падыманне тулава са становішча лежачы на спіне (дзяўчаты), перацягванне каната, крос), інтэлектуальным квіз-турніры “Памятаем пра мінулае, ганарымся сучасным, думаем пра будучыню!”, ваенна-тактычнай гульні “Дарогамі пераможцаў”. Фінальным акордам заключнай гульні “Арляняці” стала культурна-забаўляльная праграма “Сузор’е талентаў”.
— За час удзелу вы атрымалі тыя веды і навыкі, якія дапамогуць вам стаць годнымі грамадзянамі вашай краіны, — падкрэсліў першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук’янаў. — Мы ганарымся вамі!
Соф’я ЦЫКУНОВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.