Гонар і годнасць краіны

- 9:36Авторские колонки, Ремарка
Наталля КАСТЭНКА

Пачатак восені ў нашым грамадстве дакладна асацыіруецца са школай і настаўніцтвам. Час паміж двума, так бы мовіць, педагагічнымі святамі — Днём ведаў і Днём настаўніка — гэта магчымасць для кожнага з нас успомніць добрым словам храм навукі, дзе атрымалі пуцёўку ў жыццё, і чалавека, які нам гэтую пуцёўку забяспечыў, — любімага настаўніка.

Хаця чаму толькі самага любімага? Не толькі самага любімага педагога мы ўспамінаем на пачатку восені. Асабіста я ўспамінаю настаўнікаў, якія, магчыма, у маім школьным жыцці былі вельмі патрабавальнымі, вельмі прынцыповымі і занадта строгімі, аднак далі не проста трывалыя — жалезабетонныя веды. Навучылі гуманітарыя атрымліваць асалоду ад дакладнага і ад таго неверагоднага свету лічбаў, задач і лагарыфмаў. Паказалі, што фізіка і хімія, гісторыя і геаграфія патрабуюцца ў жыцці штодзень, а веданне законаў біялогіі дапамагае выбіраць прадукты харчавання ў магазіне і гатаваць абеды сваёй сям’і. Уменне шыць выратоўвае кожны раз, калі раніцай аказваецца, што ў дзіцяці распаролася школьная спадніца. А ў апошнія выхадныя здарылася так, што маёй дачцэ 10-класніцы проста неабходны мае ўменні і навыкі ў чарчэнні. Здавалася б, дзе я, а дзе чарчэнне…

Такім чынам, шаноўны чытач, хачу прызнацца табе: я не проста ўдзячная сваім школьным настаўнікам з Залескай сярэдняй школы, што на Смаргоншчыне, я штодня схіляю галаву перад іх вялікай працай. І заклікаю кожнага чалавека ра­біць тое ж самае. Нават калі здаецца, што настаўніцкія святы мінулі, падарункі педагогам уручаны, цёплыя словы сказаны — настаўніцкую працу неабходна шанаваць штодзень. Яна для нас як вада, што харчуе зямлю, як паветра, якім дыхаем. Адразу і не заўважаеш, а без вады глебе і без паветра чалавеку жыць немагчыма.

Асаблівай увагі заслугоўваюць ад нас ветэраны педагагічнай працы. Выдатна, калі ва ўстанове адукацыі разгорнуты валанцёрскі рух, бо асенняя пара — час, калі школьнікам варта паклапаціцца пра настаўнікаў, якія ўжо на заслужаным адпачынку. Не толькі канцэрта, паштоўкі і букета кветак яны ад нас заслугоўваюць. Ім неабходна дапамагчы прыбраць тэрыторыю і навесці парадак у кватэры, прынесці дроў і збегаць у аптэку за лекамі, а магчыма, і спячы цудоўны сезонны пірог і прыйсці да іх у госці на гарбату. Усё гэта можна зрабіць сіламі нераўнадушных падлеткаў, якія думаюць не толькі пра тое, што патрэбна ім, але і пра тое, што яны могуць даць навакольным і грамадству. Менавіта так, на канкрэтных справах мы сфарміруем у дзецях павагу да людзей старэйшага пакалення і разуменне неабходнасці клапаціцца пра чалавека, які побач. Усё гэта ў рэшце рэшт выхоўвае ў нашых дзецях любоў да суграмадзян і роднай зямлі — тыя пачуцці, якія перарастаюць у любоў да нашай агульнай Радзімы.

Яшчэ схіляю галаву перад выдатнай ініцыятывай Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. Гэтымі асеннімі днямі ў рэгіёнах нашай краіны праходзіць прэзентацыя кнігі “Імя табе — Настаўнік”. На старонках выдання сабраны звесткі пра айчынныя педагагічныя дынастыі — гонар і годнасць сістэмы адукацыі Беларусі. Гэтую кнігу падарыла Выдавецкаму дому “Педагагічная прэса” старшыня галіновага прафсаюза Таццяна Якубовіч, і гэтую кнігу атрымае кожная настаўніцкая дынастыя нашай краіны. На добрую памяць. Каб памяталі. І ведалі, што мы пра нашых педагогаў таксама памятаем кожны дзень. Нават калі пра гэта ім не гаворым.

Фота Алега ІГНАТОВІЧА