У чацвер у актавай зале Ліцэя БДУ прайшоў урачысты сход, прысвечаны 20-годдзю спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, які быў створаны Указам прэзідэнта № 19 ад 12 студзеня 1996 года для фінансавання мерапрыемстваў, накіраваных на стымуляванне інтэлектуальна-творчай дзейнасці моладзі ў галіне адукацыі і навукі.
На ўрачысты сход былі запрошаны лаўрэаты і стыпендыяты розных гадоў. Прывітальныя словы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з нагоды юбілею зачытаў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў.
“Лаўрэаты і стыпендыяты фонду — гонар краіны. Вашы перамогі на алімпіядах і конкурсах, удзел у навуковых канферэнцыях павышаюць прэстыж Беларусі на міжнароднай арэне і служаць арыенцірам для аднагодкаў. Упэўнены, інтэлектуальны патэнцыял і працавітасць, напорыстасць дазволяць вам выдатна вучыцца, добрасумленна працаваць і ўносіць прыкметны ўклад у развіццё айчыннай навукі, эканомікі і сацыяльнай сферы. Шчырай падзякі заслугоўваюць педагогі, якія дапамагаюць маладым талентам атрымаць неабходныя веды і адтачыць здольнасці”, — адзначалася ў вітальным адрасе.
“Падтрымка таленавітай моладзі ў нашай краіне заўсёды была ў прыярытэце. За 20 гадоў існавання фонду многія лаўрэаты і стыпендыяты змаглі праявіць сябе ў сваёй дзейнасці. Вельмі прыемна, што палова з іх звязала сваё жыццё з навукай. Ёсць дактары і кандыдаты навук, выдатныя спецыялісты, якія з’яўляюцца лідарамі ў сваёй галіне. Практычна палова пайшлі ў рэальную сферу эканомікі, дасягнулі вялікіх поспехаў і сталі генеральнымі дырэктарамі, кіраўнікамі буйных аб’яднанняў”, — адзначыў Міхаіл Жураўкоў.
Колькасць маладых людзей, якім аказваецца падтрымка спецфонду, штогод расце. Калі раней узнагароджвалася ўсяго некалькі соцень маладых людзей, то цяпер іх ужо тысячы. У прыватнасці, за мінулы год такім чынам было падтрымана больш за 2 тысячы чалавек. Міністр адукацыі выказаў упэўненасць, што ў далейшым цікавасць да спецфонду з боку маладых людзей будзе толькі расці.
Старшыня Савета спецыяльнага фонду прэзідэнта, рэктар БДУ, акадэмік Сяргей Абламейка адзначыў, што моладзь заахвочваецца за дасягненні па розных напрамках. Гэта могуць быць як інфармацыйныя тэхналогіі, так і медыцына. “Не менш важныя і гуманітарныя навукі. Фонд не дзеліць напрамкі на больш ці менш важныя. Калі маладыя людзі перамаглі ў гістарычнай алімпіядзе або алімпіядзе па мове і літаратуры, гэта таксама адзначаецца фондам”, — сказаў ён. Дарэчы, за гады існавання спецфонду колькасць рэспубліканскіх алімпіяд і конкурсаў узрасла з 10 да 50.
За 20 гадоў існавання фонду заахвочванні атрымалі больш за 30 тысяч навучэнцаў і студэнтаў (студэнты —13 557, навучэнцы — 16 436), 3098 заахвочванняў былі адрасаваны педагагічным і навуковым работнікам, якія ўнеслі асаблівы ўклад у развіццё здольнасцей адораных навучэнцаў і студэнтаў. 850 чалавек маюць знак лаўрэата спецыяльнага фонду.Фінансавая падтрымка фонду была аказана лепшым 112 інтэлектуальным і творчым аб’яднанням навучэнцаў і студэнтаў, якія заваявалі грамадскае прызнанне перспектыўнымі распрацоўкамі і дасягненнямі.
У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26.04.2010 № 199 “Аб некаторых пытаннях фарміравання, вядзення і выкарыстання банкаў даных адоранай і таленавітай моладзі” Міністэрства адукацыі ажыццяўляе вядзенне банка даных таленавітай моладзі. У банк даных адоранай моладзі ўключана інфармацыя практычна аб 6000 грамадзянах.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.