Апошнія вучэбныя дні для многіх беларускіх школьнікаў і студэнтаў атрымалі тэхнічную афарбоўку і перапляліся з найважнейшымі робападзеямі. Іх эпіцэнтрам стаў Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі, у якім нядаўні IV Мінскі адкрыты робатурнір змяніў Першы беларуска-кітайскі маладзёжны турнір па робататэхніцы. Турнір прайшоў пад патранажам Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Здружыць людзей — задача робатаў
Гэта першыя спаборніцтвы па робататэхніцы паміж беларускімі і кітайскімі студэнтамі, якія праводзяцца ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва ў галіне навукова-тэхнічных інавацый. Адкрываючы мерапрыемства, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітая ў Рэспубліцы Беларусь Цуй Цымін падкрэсліў: “Беларуска-кітайскія маладзёжныя спаборніцтвы па робататэхніцы — гэта важнае мерапрыемства для развіцця міжнародных адносін і наватарскі праект у галіне навукова-тэхнічнага інавацыйнага супрацоўніцтва паміж Кітаем і Беларуссю. Акрамя таго, гэтая падзея знакавая і ў галіне адукацыйнага, гуманітарнага і культурнага супрацоўніцтва”.
У спаборніцтвах прынялі ўдзел каманды з чатырох кітайскіх УВА — Харбінскага політэхнічнага ўніверсітэта, Паўночна-Усходняга ўніверсітэта, Шэньянскага авіякасмічнага ўніверсітэта, Шэньянскага тэхналагічнага ўніверсітэта, а таксама пяць беларускіх каманд — БНТУ, БДУІР, ПДУ, БрДТУ і Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці.
Па словах Аляксея Алдошына, арганізатара з беларускага боку і спецыяліста па знешнеэканамічнай дзейнасці Навукова-практычнага парка БНТУ “Палітэхнік”, для ўдзельнікаў сысціся на міжнароднай трасе — гэта выдатная магчымасць не толькі паспрабаваць свае сілы, але і павучыцца ў больш дасведчаных удзельнікаў: “Унікальнасць кітайскай дэлегацыі ў тым, што ў яе ліку да нас прыехаў Харбінскі політэхнічны ўніверсітэт — прызёр міжнародных турніраў па “Робагонках”. Гэта вельмі моцная і сур’ёзна падрыхтаваная каманда, якая можа прадэманстраваць нашым дзецям, дзе і што трэба дапрацаваць, куды імкнуцца”.
Раскрываючы журналістам сакрэты поспеху каманд і асаблівасці навучання ў Харбінскім універсітэце, дэкан факультэта інфарматызацыі гэтай установы і галоўны суддзя турніру Ван Біншэнг паведаміў, што, каб мець магчымасць працягнуць навучанне на яго факультэце і сумежных, студэнты пачынаючы з другога курса рыхтуюць курсавыя работы — уласных робатаў. А каб навучыцца працаваць у калектыве, робатаў ствараюць каманды студэнтаў адразу пяці спецыялізацый.
Вадзім Богуш, першы намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь, выказаў упэўненасць, што турнір не толькі ўмацуе сяброўства паміж беларускім і кітайскім народамі, але і паспрыяе развіццю самой робататэхнікі як галіны. “Стварэнне робата — комплексная задача, якая патрабуе ведаў у галіне фізікі, механікі, хіміі, праграмавання і асноў інфармацыйных тэхналогій. Удзел у гэтым турніры — першы крок да вырашэння задач, якія, як нам цяпер здаецца, немагчыма вырашыць”.
Узроставыя асаблівасці
Турнір праходзіў у дзвюх намінацыях. У спаборніцтве па кіраванні робатаў Interplanetary Exploration разумныя машыны даследавалі касмічную прастору: шукалі там мінералы ў выглядзе шарыкаў для гольфа, збіралі іх і дастаўлялі на базу. У конкурсе на дакладнасць і выверанасць рухаў удзельнічалі толькі робаты — аўтарамі яны запраграмаваны па такіх алгарытмах, якія пасля запуску машыны не прадугледжваюць удзел чалавека. Нягледзячы на ўяўную прастату мадэлей, кожная з іх можа стаць прамысловым агрэгатам і выкарыстоўвацца ў рэальным жыцці, там, дзе чалавек фізічна не справіцца, напрыклад, у лагістычных цэнтрах пры пагрузцы цяжкіх грузаў ці пры выбухованебяспечнай рабоце.
Выкладчык Шэньянскага тэхналагічнага ўніверсітэта Лью Цзындун займаецца арганізацыяй міжнародных мерапрыемстваў у галіне робататэхнікі і ўпершыню з гэтай мэтай прыехаў у Беларусь. “Я вельмі здзіўлены, што ў Беларусі робататэхнікай займаюцца падлеткі. І гэта маё галоўнае ўражанне, — адзначыў ён. — Я ўпэўнены, што, калі з такога ранняга ўзросту сур’ёзна займацца робататэхнікай, гэта абяцае высокі прафесіяналізм у будучыні. У нас у такім узросце падлеткі не ствараюць, а толькі гуляюць у робатаў, а ў тэхналогію іх стварэння амаль не ўнікаюць. Ды і ва ўніверсітэтах стаўка робіцца на практыку, на пастаянны ўд зел у такога роду спаборніцтвах з удзельнікамі іншых краін”.
Прадстаўляючы свайго робата, ён расказаў, што яго стварэннем займаліся студэнцкія каманды 5 розных спецыяльнасцей, якія зрабілі стаўку на дакладнасць рухаў робата. Убудаваны ў яго лазер сам вызначае адлегласць да перашкоды і зыходзячы з гэтага выбірае траекторыю і хуткасць. Канчатковаму варыянту папярэднічалі два больш простыя робаты, якія ўвесь час удасканальваліся.
Ад затоенага дыхання — да візгату шын
На суседняй пляцоўцы дакладнасць і выверанасць рухаў робатаў змяніла хуткасць, а затоенае дыханне балельшчыкаў і аўтараў — драйв. Тут праходзілі гонкі Roborace — пра гэта яшчэ здалёк апавяшчаў візгат шын (хоць сабе і мініяцюрных). Гэта міні-версія “Формулы-1”: такая ж траса, белыя і чорныя палосы на ёй — своеасаблівы маяк для разумных машын. Робаты па спецыяльных датчыках арыентуюцца на гоначнай трасе і вызначаюць, як хутчэй яе праехаць. Удзельнікі павінны былі праехаць некалькі кругоў на час. У залік ішла і чысціня праходжання трасы: калі робаты сутыкаліся з бартамі ці адзін з адным, пачыналі са старту.
Ёсць што пераняць прыхільнікам гоначнай трасы ў каманд Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. Кіраўнік студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі “Робататэхніка” БрДТУ галоўны суддзя гонак “Робарэйс”Андрэй Дунец расказаў: “Мы выкарыстоўваем простыя, добра адточаныя алгарытмы, якія дазваляюць вырашыць задачу максімальна проста і эфектыўна. Напрыклад, адзін з робатаў выкарыстоўвае чорную лінію, якая па рэгламенце заўсёды нанесена на трасу, а не абыходзіць перашкоды. Таму іх прадстаўляюць другакурснікі — не вельмі вопытныя студэнты, якія займаюцца робататэхнікай усяго толькі паўгода. Больш вопытныя навучэнцы пабудавалі больш складаны алгарытм для другога нашага робата, які арыентуецца на трасе, вызначаючы перашкоды, аб’язджаючы сапернікаў і абганяючы іх, і, уваходзячы ў паварот, вар’іруе сваю хуткасць у залежнасці ад таго, наколькі складаная карціна перашкод знаходзіцца перад ім у гэты момант”.
Гаворачы пра галоўныя складнікі поспеху, Андрэй Дунец зазначыў:
“Робататэхніка — гэта даволі складаная галіна дзейнасці. Без захопленасці, без самааддачы тут немагчыма, таму мы будуем наша навучанне ў тым ліку і на розных інтэрактыўных спаборніцтвах, але гонкі сярод іх — ключавыя. Наша лабараторыя займаецца гонкамі “Робарэйс” з моманту заснавання гэтага руху, калі яны толькі з’явіліся ў Беларусі ў супрацоўніцтве з украінскай асацыяцыяй робататэхнікі”.
Відавочна, такі падыход спрацоўвае. Студэнты БрДТУ прымаюць удзел ва ўсіх спаборніцтвах, якія праходзяць на тэрыторыі нашай краіны і ў суседніх. Апошнія іх перамогі былі на турнірах Брэста, ва Украіне (у Львове, Івана-Франкоўску), на IV Мінскім адкрытым турніры па робататэхніцы, у якім 21 мая прынялі ўдзел больш за 200 чалавек з усёй Беларусі і які стаў найбуйнейшым спаборніцтвам робататэхнікаў за ўсю гісторыю нашай краіны.
Для студэнта БНТУ Максіма Масальскага, якога пасля паказальных заездаў усе лічылі фаварытам, гонкі — гэта любімае спаборніцтва з дзяцінства. Юнак захапіўся нанатэхналогіямі яшчэ ў школе, калі прыйшоў у аўтамадэльны спорт, а ўжо студэнтам разам з камандай стварыў адукацыйныя наборы для школьнікаў, наладзіў іх вытворчасць, напісаў вучэбную праграму пры падтрымцы Intel і цяпер плануе ўкараняць гэты прадукт у цэнтрах тэхнічнай творчасці, школах, універсітэтах.
“У нас ёсць каманда, і мы вядзём некалькі аб’яднанняў па інтарэсах у Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі, у Цэнтры тэхнічнай творчасці “Зорка”, дзе апрабоўваем нашы наборы на практыцы, — расказвае Максім. — Праграма мае тры ўзроўні складанасці. Першы дазваляе пяцікласнікам вывучыць электроніку і праграмаванне, другі — збіраць гоначных робатаў. Каб школьнікі маглі ўдзельнічаць са сваімі робатамі ў спаборніцтвах, мы зрабілі трасу. Трэці ўзровень прадугледжвае зборку робатаў-маніпулятараў. Гэта больш прасунутыя наборы для студэнтаў, якія вывучаюць кінематыку”.
Пра паспяховасць навучання гаворыць тое, што яго выхаванцы ўжо заваявалі гучныя перамогі. Напрыклад, нядаўна на JuniorSkills каманды пад яго кіраўніцтвам прадстаўлялі робатаў-маніпулятараў і ўсе атрымалі перамогу. Акрамя таго, Максім самастойна распрацаваў яшчэ некалькі разумных машын для сябе і з імі паспяхова прымае ўдзел у міжнародных спаборніцтвах. На гэтым турніры ён прадставіў двух сваіх робатаў — вялікага колавага гоначнага робата Маклайф-роба і адукацыйнага робата Робаровер-М1. Яшчэ да конкурсных заездаў удзельнікаў дзвюх намінацый Максім прадказаў конкурсныя пазіцыі каманд: “Узровень падрыхтоўкі ў кітайскіх робататэхнікаў высокі, асабліва на зборы шарыкаў, нам тут ёсць чаму павучыцца. А што тычыцца “Робарэйса”, узровень іх падрыхтоўкі ў цэлым ніжэйшы: для іх гэта новы від спаборніцтваў, магчыма, яны не паспелі як след падрыхтавацца”.
У выніку ўпэўненая перамога ў робагонках была за Максімам Масальскім. Другое месца падзялілі Юлія Бунас з Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта і каманда з Паўночна-Усходняга ўніверсітэта (КНР). Каманда з БрДТУ заваявала месца і на трэцяй прыступцы. Разам з ёй на гэтай пазіцыі размясцілася і каманда з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі.
А вось галоўным козырам кітайскіх робататэхнікаў, як і прадказвалася, аказаліся касмічныя даследаванні. Перамогу ў гэтай намінацыі атрымала каманда з Харбінскага політэхнічнага ўніверсітэта. Другое месца зававалі студэнты Шэньянскага тэхналагічнага ўніверсітэта. Міжнародная барацьба была толькі за трэцяе месца. Яно дасталася адразу чатыром камандам: беларускім — з Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці і Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта і кітайскім — з Паўночна-Усходняга і Шэньянскага авіякасмічнага ўніверсітэтаў.
Цуй Цымін, пасол Кітая ў Беларусі, сказаў: “Нашы краіны наладжваюць супрацоўніцтва ва ўсіх галінах, у тым ліку ў навуковых, адукацыйных, культурных і дзелавых. І, канечне, наша супрацоўніцтва мае вялікі патэнцыял і перспектыву і патрабуе вялікую колькасць высакаякасных спецыялістаў. Мне думаецца, што гэтае мерапрыемства карыснае для падрыхтоўкі гэтых спецыялістаў. Хочацца, каб яны ўжо тут завязвалі партнёрскія і сяброўскія адносіны, а на наступны год мы хочам, каб яны прадоўжыліся і ў нашай краіне. Мы плануем запрасіць беларускіх студэнтаў пазнаёміцца з нашай культурай, навукай і тэхнікай”.
Па меркаванні Анатоля Сільчанкі, намесніка старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі, такая прафесійная дружба дапаможа ўзбагаціць эканоміку абедзвюх краін і дасць абедзвюм краінам старт на далейшае ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.