Горад Горкі, раён Горацкі, а яго галоўная адметнасць (славутая сельскагаспадарчая акадэмія, якая сёлета адзначае 175-годдзе) доўгі час называлася Горы-Горацкай. Няўжо ўстанову адукацыі нельга было назваць проста Горацкай? Горы ды яшчэ і Горацкая… Так больш прэстыжна? Ці, можа, прычына ў іншым? Можа, слова “горы” настолькі важнае, што без яго не абысціся?
Тры гары
Слова “горы” сапраўды важнае, адно з ключавых у вызначэнні адметнасцей Горацкай зямлі. Калі едзеш некалькі гадзін у камандзіровачным аўтобусе па пераважна раўніннай Магілёўшчыне і за акном раптоўна пачынаецца Горацка-Мсціслаўскае ўзвышша з яго сапраўднымі (па беларускіх мерках) гарамі, то становіцца зразумела, чаму ў старадаўнія часы жыхары гэтага краю назвалі адно са сваіх паселішчаў Горамі. Тут сапраўдныя горы, ды яшчэ якія! Канечне, у плане вышыні яны не параўнаюцца са знакамітымі Альпамі або Карпатамі, аднак у плане маляўнічасці, таямнічасці і своеасаблівай душэўнасці… Але што тут гаварыць, лепш адзін раз убачыць. І ўбачыць горацкія горы лепш за ўсё ў пару залатой восені.
Горы — не толькі галоўнае слова ў вызначэнні адметнасцей краю, але і адзін з галоўных яго геральдычных сімвалаў. У жніўні 1867 года ў спецыяльным палажэнні гаварылася: “…выявіць у гэтым гербе як галоўную эмблему горада Горкі тры гары, сярэдняя — вышэйшая за іншыя, а каб паказаць на заняцці земляробствам жыхароў горада — каласы, якія вырастаюць з гор”. Першыя пісьмовыя сведчанні пра тэрыторыю сучаснага Горацкага раёна адносяцца да ХІІ стагоддзя. Аднак відавочна, што людзі пачалі сяліцца тут значна раней. Гісторыкі дакладна не скажуць, калі ва ўрадлівую Горацкую зямлю было пасаджана першае зерне і калі на маляўнічых узгорках упершыню закаласілася збожжа, аднак дакладна вядома, што вёска Горы ўпершыню згадваецца ў летапісах у 1497 годзе. Дакладна вядома і тое, што ў пачатку XVI стагоддзя частка жыхароў Гор перасялілася ў іншае, больш зручнае, месца на скрыжаванні гандлёвых шляхоў з Оршы на Мсціслаў і з Магілёва на Смаленск. Новае паселішча пачалі называць Горы Малыя, а старое — Горы Вялікія. З цягам часу Горы Малыя разрасліся, і слова “Малыя” ўжо не адпавядала іх памерам і колькасці насельніцтва. Так з’явіўся тапонім Горкі, а Горы Вялікія засталіся проста Горамі. Вось такая своеасаблівая гістарычна-моўная крыжаванка.
Краязнаўчая крыжаванка
Гэтую крыжаванку ўжо некалькі гадоў у рамках праграмы “Я — грамадзянін горада Горкі” разгадваюць навучэнцы і педагогі сярэдняй школы № 2 Горак. Праграма была распрацавана ў 2006 годзе загадчыкам вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Горацкага райвыканкама Таццянай Уладзіміраўнай Пазняковай з мэтай развіцця краязнаўчых інтарэсаў навучэнцаў. Праграмай прадугледжана вывучэнне гісторыі горада, яго геральдыкі, тапанімікі, насельніцтва, выдатных мясцін, прадпрыемстваў, устаноў. Сабраны краязнаўчы матэрыял стаў асновай для рэалізацыі тапанімічнага праекта “Таямніцамі старых назваў”. У школе быў створаны каардынацыйны цэнтр, у які ўвайшлі дырэктар, намеснік па выхаваўчай рабоце, кіраўнік экспедыцыйнага атрада “Я — грамадзянін горада Горкi”, сакратар школьнай пярвічкі БРСМ і старшыня савета піянерскай дружыны. Удзельнікі праекта абараняюць гонар школы на краязнаўчых конкурсах, віктарынах, стварылі даведнікі “Тапонімы нашага горада”, “Іх імёнамі названыя”, “Горкі: учора і сёння”, якімі карыстаюцца навучэнцы і педагогі не толькі 2-й школы, але і іншых устаноў адукацыі раёна. Юныя краязнаўцы раскрылі шмат тапанімічных таямніц, аднак пытанні ўсё роўна застаюцца. Напрыклад, ці з’яўляецца гістарычна апраўданым наданне асобным узгоркам такіх назваў, як гара Мазепы, Пятрова горка, гара Парнас?
— Вядома, што паблізу Горак у 1708 годзе стаялі рускія войскі. Тут жа пасля разгрому шведаў пад Лясной умацаваўся Карл XII і чакаў навін ад украінскага гетмана Мазепы. Шведскі кароль сапраўды быў у Горках, але не ў нашых. У кнізе Тарле “Паўночная вайна” ёсць доказы таго, што сустрэча Карла ХІІ і ўкраінскага гетмана прайшла 28 кастрычніка 1708 года ў Горках, якія знаходзяцца на рацэ Дзясне недалёка ад Ноўгарад-Северскага. Гістарычная памылка, якая потым абрасла легендамі, была дапушчана ў пачатку ХІХ стагоддзя. У адрозненне ад гары Мазепы, назва Пятрова горка гістарычна дакладная. Падчас Паўночнай вайны Пётр І больш за месяц знаходзіўся ў нашым горадзе, а на адным з пагоркаў былі пабудаваны земляныя рэдуты, стаяў ваенны лагер. Тое ўзвышэнне і атрымала назву Пятровай горкі. Цяпер там знаходзіцца раённая паліклініка, — паведаміла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Мікалаеўна Бязносава.
Славутыя імёны
Цікавай з’яўляецца гісторыя паходжання назвы гары Парнас. Гавораць, што быццам бы на ёй у вольны ад вучобы час сядзеў студэнт Горы-Горацкага земляробчага інстытута Канстанцін Вераніцын і пісаў сваю знакамітую паэму “Тарас на Парнасе”. Сімвалічным з’яўляецца і будаўніцтва на гэтай гары акадэмічнай бібліятэкі. Калі гаварыць пра літаратурныя традыцыі ўстановы адукацыі, то варта адзначыць, што тут вучыліся і выкладалі Максім Гарэцкі, Паліна Мядзёлка, Юрка Гаўрук. Разам з Максімам Гарэцкім вучыўся і стрыечны брат знакамітага авіяканструктара Андрэй Сухі. Свае літаратурныя творы ён ствараў пад псеўданімам Мікола Мокры. Частым госцем у акадэміі быў Янка Купала. Тут і цяпер дзейнічае літаратурнае аб’яднанне студэнтаў і выкладчыкаў “Парнас”. Нягледзячы на багатыя традыцыі, літаратура ўсё ж не самы галоўны напрамак дзейнасці акадэміі. Нездарма на гербе Горак прысутнічае тры каласы. Сельская гаспадарка, земляробства, яго ўдасканальванне — вось дзеля чаго на працягу ўжо 175 гадоў плённа працавалі, працуюць і будуць працаваць сотні выкладчыкаў, сотні тысяч студэнтаў.
Колькі на тэрыторыі акадэміі зроблена навуковых сельскагаспадарчых адкрыццяў, сказаць складана, аднак назваць прыкладную колькасць можна: столькі ж, колькі ў паэме “Тарас на Парнасе” слоў. Усе гэтыя адкрыцці, дасягненні належаць знакамітым навукоўцам, выкладчыкам. Загадчык музея гісторыі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Таццяна Уладзіміраўна Лосева амаль цэлую гадзіну расказвала пра выдатных дзеячаў гэтай плеяды. Гэта і Аляксандр Васільевіч Саветаў, які першым у Расіі абараніў дысертацыю па раслінаводстве. Гэта і Іван Аляксандравіч Сцебут — заснавальнік навуковага земляробства ў Расіі, які ў 1904 годзе адкрыў першыя вышэйшыя сельскагаспадарчыя курсы для жанчын. Гэта і Міхаіл Васільевіч Рытаў, выхаванец маскоўскага ўніверсітэта, які настолькі палюбіў Горкі, іх узгорыстыя краявіды, што назаўсёды застаўся тут працаваць. Ён аўтар больш як тысячы навуковых прац і артыкулаў, нават фантастычнага рамана, рукапіс якога знаходзіцца ў акадэмічнай бібліятэцы. Свае даследаванні ён праводзіў непадалёк будынка бібліятэкі. Цяпер тое месца завецца “рытаўскімі агародамі”. Нашчадкі годна ўшаноўваюць памяць знакамітага вучонага, каля вучэбнага корпуса № 4 яму ўсталяваны помнік.
Ганарацца выкладчыкі і студэнты і такімі знакамітымі выпускнікамі, як старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР у 1971—1976 гг. Фёдар Анісімавіч Сурганаў, былы намеснік старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Герой Савецкага Саюза Уладзімір Елісеевіч Лабанок і, безумоўна, першы Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка.
Каласы гісторыі
Пачалася гісторыя акадэміі 15 жніўня 1840 года, калі ў Горках прайшло ўрачыстае адкрыццё земляробчай школы. Яна мела вышэйшы і ніжэйшы разрад. Па вышэйшым разрадзе рыхтаваліся аграномы і аканомы для казённых і прыватных маёнткаў. Па ніжэйшым разрадзе — “земляробчыя вучні”. У 1848 годзе вышэйшы разрад земляробчай школы быў ператвораны ў земляробчы інстытут з 4-гадовым тэрмінам навучання. Гэта была першая ў Расіі вышэйшая сельскагаспадарчая навучальная ўстанова з правам універсітэта. Пры ёй было створана доследнае сельскагаспадарчае поле, закладзены першы ў Расіі ганчарны дрэнаж, конны завод з першай у Беларусі ветэрынарнай клінікай. Пры інстытуце працавала механічная майстэрня, былі пабудаваны чыгуналіцейны завод, завод для вытворчасці дрэнажных труб. У бібліятэцы інстытута налічвалася звыш 7 тысяч кніг. За ўдзел студэнтаў і выкладчыкаў у паўстанні 1863 года земляробчы інстытут быў закрыты і пераведзены ў Санкт-Пецярбург. У Горках працягнулі работу земляробчае і рамеснае вучылішча, каморніцка-таксатарскія класы і вучэбная ферма.
Новая старонка ў гісторыі ўстановы пачалася ў 1925 годзе, калі ў выніку аб’яднання Мінскага і Горацкага сельскагаспадарчых інстытутаў была створана Беларуская дзяржаўная акадэмія сельскай гаспадаркі імя Кастрычніцкай Рэвалюцыі. У гады Вялікай Айчыннай вайны выкладчыкі і студэнты акадэміі са зброяй у руках падняліся на абарону Радзімы. Яны мужна змагаліся на франтах вайны і былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. У іх гонар на тэрыторыі акадэмічнага гарадка ўзведзены мемарыяльны комплекс, а да 70-годдзя Перамогі выдадзена кніга “Яны змагаліся за Радзіму”, дзе сабраны цікавыя матэрыялы пра жыццё і подзвіг герояў. Унікальныя звесткі, старыя фотаздымкі, дакументы па гісторыі акадэміі захоўваюцца ў яе музеі. Важная заслуга ў стварэнні музея належыць былому дырэктару акадэмічнай бібліятэкі заслужанаму дзеячу культуры БССР Дзям’яну Раманавічу Новікаву. Краязнаўчыя традыцыі Дзям’яна Раманавіча працягвае ганаровы прафесар акадэміі даследчык гісторыі Горацкага краю Уладзімір Майсеевіч Ліўшыц.
Сёння Беларуская дзяржаўная ордэнаў Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчая акадэмія з’яўляецца найбуйнейшай шматпрофільнай установай вышэйшай адукацыі аграпрамысловага профілю сярод краін СНД і Еўропы. Узначальвае акадэмію доктар сельскагаспадарчых навук Павел Аляксандравіч Саскевіч. Акадэмія — гэта своеасаблівы горад у горадзе. Актыўнае супрацоўніцтва акадэміі наладжана са школамі Горацкага раёна. Асноўны напрамак узаемадзеяння прафарыентацыйны. На базе акадэміі праводзяцца цэнтралізаванае тэсціраванне, алімпіяды і конкурсы па агульнаадукацыйных і спецыяльных дысцыплінах. Для школьнікаў і навучэнцаў каледжаў праводзяцца экскурсіі з мэтай іх знаёмства з вучэбнай базай, вучэбным працэсам і адметнасцямі акадэміі. Для стварэння электроннай базы патэнцыяльных абітурыентаў работнікі інфармацыйнага цэнтра акадэміі распрацавалі праграму “Школа”, у рамках якой было створана 12 тысяч анкет для апытання выпускнікоў школ.
Вялікія горы, Горы Вялікія
Горкі стаяць на ўзгорках, а вось сапраўдныя горы знаходзяцца ў ваколіцах вёскі Горы. Менавіта адсюль “пошла есть земля Горецкая…”, як напісаў бы старадаўні летапісец. Хто толькі ні ўзбіраўся на горацкія горы, якія толькі арміі ні маршыравалі па мясцовых узгорках. Былі тут і шведы, і французы, і немцы. Стаялі калісьці на высокім узвышшы і высокія сцены замка Сапегаў. Цяпер ад замка засталіся толькі ўзвышэнні абарончых валоў. А ля падножжа гэтых узвышэнняў узносяцца дрэвы ўнікальнага парку, у якім кожнае з больш чым 500 дрэў пасаджана ў гонар асобнага земляка, які загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Асабліва прыгожа парк выглядае ў час святкавання Дня Перамогі і Дня Незалежнасці, калі на дрэвы настаўнікі і вучні Горскай сярэдняй школы павязваюць невялікія паяскі-стужачкі з імёнамі людзей, у гонар якіх яны пасаджаны.
Усё мінулае Гор змясцілася ў гістарычны адрэзак працягласцю больш за пяць стагоддзяў, а таксама ў некалькіх раздзелах вялікай залы народнага кразнаўчага музея. Мінулае Горацкага краю цікавае, цікава пачынаецца і экскурсія па музеі: не са старажытных часоў, як прынята, а з аповеду пра першага рэўкама Чукоткі Міхаіла Сяргеевіча Мандрыкава, які нарадзіўся ў Горах у 1888 годзе.
— Імя Мандрыкава носіць наша піянерская дружына. Мы доўгі час падтрымлівалі адносіны з навучэнцамі і педагогамі далёкай Чукоткі. Яны прыязджалі да нас на малую радзіму свайго героя, мы таксама, у сваю чаргу, наведвалі Чукотку, пасёлак золатаздабывальнікаў імя Мандрыкава. Дзякуючы такому супрацоўніцтву, у музеі захоў-ваецца шмат незвычайных экспанатаў. Сярод іх зуб маманта, знойдзены на чукоцкіх залатых прыісках, а таксама ўнікальныя карціны, лялькі, створаныя чукоцкімі вучнямі са скуры паўночнага аленя,— паведаміла адказная за захаванне фондаў музея настаўніца гісторыі Вольга Мікалаеўна Іванова.
Арыгінальныя падарункі захоўваюцца і ў раздзеле, прысвечаным Вялікай Айчыннай вайне. Гэта, напрыклад, нагайка, падораная роднымі аднаго з казахскіх салдат, які загінуў пры вызваленні Гор. Аказваецца, спачатку магілу бацькі шукаў сын, потым — унукі. Аднак працяглыя пошукі былі беспаспяховымі, бо праводзіліся ў раёне Сталін-града і Курска. Аказалася, што герой дайшоў з баямі аж да Гор і тут, на маляўнічых узгорках, знайшоў свой спачын. Падобных цікавых гісторый, звязаных з вайной, Вольга Мікалаеўна расказала шмат. Гэта народная памяць пра вайну, памяць, пра якую не прачытаеш у падручніках.
Не гаварылася ў падручніках доўгі час і пра жыхарку Гор Марыю Рыгораўну Цыганкову, якая страціла на вайне шасцярых сыноў. Настаўнікі тлумачаць гэта тым, што пэўны час адзін з яе сыноў быў паліцаем. Ён не замараў рукі крывёй, пра яго дрэнна не гаварылі мясцовыя жыхары, проста так склаліся жыццёвыя абставіны, ды і пасля вызвалення Беларусі ён быў прызваны ў войска і загінуў падчас бою. Аднак і такой невялікай біяграфічнай пляміны было дастаткова, каб подзвіг маці-патрыёткі шырока не афішыраваўся. Гэтая несправядлівасць была вырашана 22 чэрвеня 2014 года, калі ў вясковым парку побач з мемарыяльным комплексам быў пастаўлены помнік маці-патрыётцы, помнік Марыі Рыгораўне Цыганковай, якая аддала ў гонар свабоды Радзімы шасцярых сваіх сыноў.
Вёска Горы, акрамя маляўнічых узгоркаў і сваёй багатай гісторыі, здзіўляе яшчэ і асаблівасцямі мясцовага строю народнага касцюма, які так і называецца — горы-горацкім. Яго элементы захоўваюцца ў асобным раздзеле школьнага музея. “Народны касцюм арганічна ўпісваўся ў навакольны краявід. Важнай часткай адзення была сарочка, якая насілася ў любым узросце і шылася ўручную. Сарочкі абвязваліся чырвонай стужкай або зашпільваліся на гузік. А якая прыгожая вышыўка была на сарочках! А спадніцы!.. Чым больш на спадніцы было складак і зморшчынак, тым яна лічылася прыгажэйшай. Да спадніцы абавязкова прымацоўваўся гарсэт або кабат. Спадніцы не прасаваліся, а адмысловым чынам складваліся. Вялікай увагі заслугоўваюць галаўныя ўборы. Замужнія кабеты не паказваліся на людзях з непакрытай галавой. Адсюль і вялікая колькасць і разнастайнасць галаўных убораў. Нашы бабулі насілі хусткі трох відаў (намітка, парыська і прохараўка), а таксама чапец, які шыўся з рэшткаў хусткі. Манера павязваць хустку несла пэўную інфармацыю пра статус жанчыны. Колькасць складак над ілбом сведчыла пра тое, колькі разоў жанчына была замужам. На колькі разоў пераварочваўся правы бок хусткі, столькі было сыноў, з левага боку — дачок. Жаночы касцюм нашай мясцовасці захоўваецца ў НАН Беларусі і зацверджаны як горы-горацкі строй у адзенні”, — паведамілі юныя экскурсаводы. Дарэчы, прызнаны народны касцюм вёскі Горы як асобны строй дзякуючы намаганням былога кіраўніка музея Раісы Лявонаўны Мірончыкавай.
Узгоркавы рай
Маляўнічыя ўзгоркі Горацкай зямлі з’яўляюцца сапраўдным раем для фатографаў, мастакоў, паэтаў. Каб пераканацца ў гэтым, трэба прыехаць сюды ў пару залатой восені. Спачатку можна прагуляцца па ўзгорыстых вуліцах райцэнтра, потым — завітаць на ўзгорыстую тэрыторыю акадэміі і паблукаць там па сцяжынках старога парку або Батанічнага саду, заснаванага яшчэ ў часы земляробчай школы, затым для паўнаты ўражанняў і пачуццяў адправіцца ў вела- або аўтападарожжа ў вёску Горы. Шэрая стужка асфальту будзе віцца па зялёных ад парасткаў азімых культур узгорках, а на іх вяршынях бярозы будуць сыпаць вам услед залатое лісце. Выдатныя колеры, выдатныя кантрасты! Узгоркавы рай чакае сваіх гасцей.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.