Усё спазнаецца ў параўнанні. Аднак і пры такім падыходзе да жыццёвых з’яў павінен быць пункт адліку. То выберам такі: плюс 21—22 градусы па Цэльсіі. У гарачэнную пару, калі зноў завіхрылі тэмпературныя анамаліі, ад спякоты па свеце ўжо гінуць людзі, жахаюць з усіх бакоў прыродныя катаклізмы, — самае тое задумацца: што ж адбываецца?
О, жаданыя 21—22… Такія градусы ў наваколлі, кажуць нам спецы па здаровым ладзе жыцця, для Homo sapiens найкамфортнейшыя. Не холадна і не горача. Жыві ў радасці ды ў вус не дуй. Карацей: “хакуна матата” на мове мультфільма “Кароль Леў 3. Хакуна матата”. Вяршыня эвалюцыі?
Але ж далёка не ўсё ў жыцці вызначаецца знешнім камфортам. Больш за тое, залішні камфорт часта расслабляе. А дзе ёсць залішняе расслабленне — пачынаецца застой, рэгрэс. І немінучая дэградацыя. Фізічная, а ў людзей з пэўным складам псіхікі — маральная таксама. На гэты конт факты могуць прывесці як медыкі, так і настаўнікі біялогіі, фізікі, хіміі, а таксама гісторыі, грамадазнаўства. Калі аглянуцца, прыклады дэградацыі ад залішняга камфорту — на кожным кроку. Лішняя вага з гадамі, праблемы з сэрцам і суставамі… Помню, з Ізраіля неяк былы мінчанін завітаў у горад дзяцінства ды скардзіўся: ой, тут я мерзну, там прывык да цеплыні. Што тут скажаш: вялікая бяда і непапраўная, калі твая Радзіма ўжо цябе не грэе, нават фізічна.
І ў творах літаратуры прыкладаў таго, як залішняе расслабленне прыводзіць да разбэшчанасці, процьма. Як моцнае напалеонаўскае войска ў занятай Маскве прагуляла баявы дух, ператварылася ў марадзёрскі зброд і ўрэшце атрымала Бярэзіну, цудоўна апісаў вялікі Леў Талстой (хоць сам граф і ў камфорце жыў, аднак які быў працаўнік!) у рамане-эпапеі “Вайна і мір”. Хто ў ляноце — варта помніць: будзе і вам Бярэзіна… Як анекдот на гэты конт: кажуць, у Францыі адзін з сучасных барысаўскіх функцыянераў неяк на канферэнцыі згадаў, адкуль ён. І пры слове Be-re-zi-na і без перакладчыка нават некаторыя нашчадкі тых заваёўнікаў пабялелі, а іншыя зачырванелі-ўспацелі, як пасля добрай лазні. Адразу, відаць, расхацелася ім даваць беларусам урокі сваёй свабоды і дэмакратыі. Бо ў іх фразеалагізм C’est la bérézina моцна сядзіць у свядомасці, гэта метафара поўнага правалу і катастрофы. І, відаць, там гэтае слова проста нецэнзурнае… Дарэчы, а чаму б нам у школах не праводзіць увосень міжнародны ўрок Бярэзіны, з тэлетрансляцыяй па свеце! І тым пашыраць важныя факты з гісторыі нашых продкаў.
Рэчка Друйка на Браслаўшчыне паблізу Вусця
Так што — не будзем занадта расслабляцца і ў гарачыню, спадары беларусы з берагоў Прыпяці, Нёмана, Дзвіны і Бярэзіны, Браслаўскіх азёр. А таксама іншых дзясяткаў тысяч цудоўных, непаўторных па сваёй прыгажосці, гаючай сіле, прахалодных у любую спякоту азёр і рэчак, ручаёў, крыніц. Якія даюць нам цудоўную магчымасць нават гарачыя галовы ахалоджваць.
Некаторыя мудрыя людзі напаўжартам кажуць: у пару глабальнага пацяплення за Беларусь варта зубамі трымацца! Бо ва ўсіх вада закончыцца — і тады… Будзем у золаце, як нафтавыя каралі.
Жыць у залішнім камфорце бывае нават небяспечна: бо можна ж так абленавацца… У пару, калі так горача ў свеце і ён адчайна балансуе паміж вайной і мірам, больш каштоўна для многіх будзе перачытваць згаданы раман — і рабіць высновы. Бо правілы гульні ў свеце застаюцца ранейшымі, прытым становяцца, з улікам тэхпрагрэсу, больш жорсткімі. Як і хістанні паміж холадам і спякотай, у якіх штогод ваўтузімся… Небяспечна перагрэцца ў ілюзіях, нібыта недзе ў свеце жывецца “цяплей”, чым тут у нас (ага, пагугліце Каліфорнію са смяротнай спякотай)… Небяспечна і захаладзець — да страты адчувальнасці да чужога болю. Найлепш падтрымліваць у целе, а найперш у свядомасці, бадзёра-стабільны градус жыцця. Пры любых знешніх акалічнасцях.
Не перастаю здзіўляцца людзям, якія ўпэўнены, што ўвесь навакольны свет ствараўся Усявышнім выключна для іх камфортнага тут… адпачынку.
Яны ўголас такое не скажуць, але ж любы дыскамфорт успрымаюць як вялікую несправядліваць і гатовы наракаць на таго, хто гэты свет стварыў. Каго не бачаць, не чуюць, не разумеюць, не адчуваюць… ды і ведаць не хочуць. І ўвогуле адмаўляюць яму ў праве на існаванне. А па якім праве адмаўляюць? Ды хоць бы па класічнай формуле: “Материя есть объективная реальность, данная нам в ощущении…”. А калі яны не адчуваюць, не бачаць, то і няма для іх ніякай іншай рэальнасці.
…Рэальна ўжо гарачыню адчуваеце? А можа, калі яшчэ больш прыпячэ, то нейкі зрух у масавай свядомасці адбудзецца. Можа, гэта ўсё патрэбна для эвалюцыі? Дарэчы, знакаміты канадскі вучоны-герантолаг Ганс Селье разгледзеў на ўзроўні клетак, сфармуляваў важны прынцып эгаістычнага альтруізму. Гэта ж проста цуд зберажэння жыцця арганізма як цэлага: усе мільёны клетак, незалежна ад іх спецыялізацыі, спачатку клапоцяцца пра зберажэнне жыцця арганізма — і тым самым забяспечваюць жыццё сабе. (А памятаеце: “Прежде думай о Родине, а потом о себе”? Прынцып той жа!) Пакуль мы жывыя, то рэальныя ўмовы (гарачыня і холад, голад і хваробы…) падкідваюць для нас крытычныя ўмовы для выжывання. І вучоны адкрыў: рэзкія перапады ва ўмовах існавання дапамагаюць нам лепш да іх адаптавацца і зберагаць здароўе. Гэта, калі коратка, нам на карысць, гэта патрэбна і ў цэлым: для эвалюцыі.
“Што ні робіцца — усё нам на карысць”. Будзем аспрэчваць? А можа, павучымся ўспрымаць усё, што даецца нам у дні жыцця зямнога, як шчаслівую (і радасную!) непазбежнасць? І трымаць стабільным, нягледзячы на ўсе выпрабаванні, градус жыцця.
Фота аўтара