Грамадскія аб’яднанні — дзецям

- 16:48Нашы дзеці

У рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” 14 снежня на Навагрудчыне быў дадзены старт добрай справе — акцыі “Грамадскія аб’яднанні — дзецям”.

У госці да дзетак, якія навучаюцца ў Цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Навагрудскага раёна, наведаліся кіраўнікі грамадскіх аб’яднанняў Навагрудскага раёна:Беларускага саюза жанчын, “Белай Русі”, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, Беларускага таварыства інвалідаў, Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, прафсаюзных арганізацый і іншыя госці.

Педагогі ўстановы сумесна з Цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі падрыхтавалі навагодні ранішнік з казачнымі героямі, Зімой, Дзедам Марозам і Снягуркай. Як і ўсе звычайныя дзеці, нашы навучэнцы з цікавасцю разглядалі падарункі пад ёлкай, удзельнічаліў конкурсах, з задавальненнем спявалі песні, танцавалі і вадзілі карагод вакол навагодняй прыгажуні разам з гасцямі.

І які ж Новы год без падарункаў! Дзед Мароз і Снягурка ўручылі дзецям доўгачаканыя падарункі ад грамадскіх аб’яднанняў Навагрудчыны.

Доўга яшчэ не хацелі разыходзіцца дзеці з чароўнай, упрыгожанай залы, дзе ў паветры адчувалася атмасфера надыходзячага свята.

Ганна МЯНЧЫЦКАЯ,
настаўнік-дэфектолаг Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Навагрудскага раёна.