Гродзенская сярэдняя школа № 13 імя У.Ц.Цаба — лаўрэат прэстыжнага конкурсу

- 17:21Новости

Год якасці для сярэдняй школы № 13 імя У.Ц.Цаба Гродна стартаваў з высокай адзнакі дзейнасці ўстановы адукацыі. Школа стала лаўрэатам прэстыжнага конкурсу “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь” у намінацыі “Паслугі насельніцтву”, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— Гэта лагічны вынік дзейнасці ўсяго калектыву па шматлікіх кірунках. Тычыцца яна не толькі якасці адукацыйных паслуг, а тут нам сапраўды ёсць чым ганарыцца. На працягу шэрага гадоў сярэдні бал навучэнцаў у цэлым па школе перавышае адзнаку 8. Каля 80 працэнтаў нашых выпускнікоў кожны год становяцца студэнтамі. Такія поспехі шмат у чым тлумачацца высокім кадравым патэнцыялам, — адзначыў дырэктар школы Павел Сарока.

Улічваліся таксама магчымасці матэрыяльна-тэхнічнай базы, стварэнне бяспечных умоў для ўсіх удзельнікаў адукацыйнай прасторы і, канечне, вялікі зрэз арганізаванай у школе выхаваўчай работы.

Нельга не адзначыць, што на сённяшні дзень тут функцыя­нуюць профільныя класы мытнай і прававой накіраванасці. Іх выпускнікі штогод паступаюць на спецыяльнасці юрыдычнага і ваеннага профіляў.

— Адукацыйны працэс для вучняў профільных класаў будуецца з улікам сумесных планаў работы з прадстаўнікамі профільных ведамстваў і структур. У нас наладжана эфектыўнае ўзаема­дзеянне з Гродзенскай рэгіянальнай мытняй, упраўленнем унутранных спраў адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гродна, Акадэміяй Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, вайсковай часткай 5522 унутраных войск. Пашыраючы межы прававога сяброўства, у мінулым годзе падпісалі дамову аб супрацоўніцтве з абласной калегіяй адвакатаў і не толькі, — працягвае кіраўнік установы.

Уражвае і вынік такога адукацыйнага ўзаемадзеяння. У 2023 годзе гродзенскія школьнікі сталі прызёрамі юбілейнай алімпіяды па прававых ведах “Тэрыторыя права” сярод студэнтаў і навучэнцаў. А на працягу шэрага гадоў прымаюць удзел у рэспубліканскай прававой алімпіядзе “Феміда”, арганізаванай Акадэміяй МУС. Да таго ж вучні з’яўляюцца актыўнымі ўдзель­нікамі дзён адкрытых дзвя­рэй згаданай установы вышэйшай адукацыі.

— Прававыя класы існавалі ў нас яшчэ ў 90-я гады. Аднавілі такую практыку ў новым гучанні ў 2013 годзе. Больш за тое, на працягу пяці гадоў наша ўстанова была ўдзельнікам інавацыйнага праекта, які тычыўся прававой культуры навучэнцаў, — звяртае ўвагу Павел Сарока.

У кожнай паралелі з 8-га па 11-ы клас ёсць у тым ліку адзіныя ў вобласці мытныя класы. Іх выпускнікі з гэтага года маюць ільготы пры паступленні на адпаведныя спецыяльнасці ўніверсітэтаў. Але стымулюе актыўнасць школьнікаў не толькі гэтая магчымасць. Рэгіянальнай мытняй зацверджаны нагрудны знак “За адзнаку. Мытны клас”. Маюць такі сёння некаторыя вучні профільных класаў, а імкнуцца да атрымання ўсе без выключэння.

— Зусім нядаўна нашы вучні сталі ўдзельнікамі турніру па валейболе нароўні са зборнымі камандамі мытнага камітэта і студэнтаў ГрДУ імя Янкі Купалы. Гэта ўсяго адзін эпізод трыадзінай сувязі, якой мы ганарымся, — удакладняе кіраўнік установы адукацыі.

У мінулым годзе дзесяцікласнік Кірыл Паляшчук стаў пераможцам алімпіяды БДУ па англійскай мове сярод навучэнцаў мытных класаў з усёй краіны. У цэлым сярод значных дасягненняў школьнікаў толькі ў 2023 годзе больш за 20 дыпломаў у інтэлектуальных турнірах і канферэнцыях. На высокім узроў­ні навучэнцы праявілі сябе ў шматпрофільнай універсітэцкай алімпіядзе ГрДУ імя Янкі Купалы, абласным конкурсе даследчых работ навучэнцаў “Хрустальная Альфа” і краязнаўчай навукова-практычнай канферэнцыі, алімпіядзе па журналістыцы “Медыя і Я” і не толькі. Не менш актыўнымі ў мінулым годзе школьнікі былі ў творчым плане: скарбонку ўзнагарод папоўнілі 19 новымі.

Вяртаючыся да профільнага навучання, старшакласнікі прававога і мытнага профіляў школы штогод з цікавасцю удзельнічаюць у ваенна-патрыятычным турніры да Дня абаронцаў Айчыны “Ёсць такая прафесія Радзіму абараняць” на базе воінскай часці. Акрамя таго, кожнае лета яны становяцца адпачывальнікамі 9-дзённага кругласутачнага ваен­на-патрыятычнага лагера “Патрыёт” зноў жа на тэрыторыі часці.

— Нашы навучэнцы разам з тым актыўна займаюцца валанцёрскай дзейнасцю. Гэта ўдзел у даб­рачынных акцыях, аказанне дапамогі пажылым людзям мікрараёна і пастаянная ўвага да ветэранаў педагагічнай працы і не толькі, — дадала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Наталля Зарыхта.

Даведка

З 17 верасня 2022 года сярэдняя школа № 13 Гродна носіць імя свайго першага дырэктара ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Ула­дзіміра Ціханавіча Цаба.

Кіраваў установай адукацыі ён з 1957 па 1968 год. У школьным музеі сёння захоўваецца напісаны пяром ліст-пасланне першага кіраўніка будучым вучням. Можна ўбачыць тут у тым ліку перададзенае дачкой Уладзіміра Ціханавіча пасведчанне заслужанага настаўніка БССР.

Закладзеныя першым дырэктарам традыцыі, пачуццё гонару за сваю малую радзіму, імкненне быць лепшымі і ісці да поспеху — усё гэта застаецца актуальнымі напрамкамі дзейнасці і сёння.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара