У Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце для будучых абітурыентаў арганізавалі сустрэчы са студэнцкім актывам, прафесарска-выкладчыцкім складам і дэканамі факультэтаў, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Нацэленыя на паступленне ва ўніверсітэт школьнікі з цікавасцю наведалі пляцоўкі факультэтаў і кафедр, лабараторыі. Сярод іх было нямала тых, хто да адзінага дня адкрытых дзвярэй паспеў ужо азнаёміцца з названай установай вышэйшай адукацыі. Гэта, вядома, выпускнікі аграрных класаў вобласці, работа з якімі будуецца ў цесным узаемадзеянні з ГДАУ. Сёлета такіх адзінаццацікласнікаў 211.
— Згодна з дынамікай паступлення, з кожным годам да нас прыходзіць усё больш выпускнікоў аграрных класаў. У гэтым навучальным годзе паступілі 38 выпускнікоў агракласаў і груп. Сярод іх 25 чалавек скарысталіся льготай. Яны паступілі па субяседаванні на падставе заключанага дагавора аб мэтавай падрыхтоўцы, — расказаў дэкан факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі ГДАУ Віктар Паплеўка.
Сёлета ўніверсітэт упершыню рады прымаць яшчэ адну катэгорыю льготнікаў — пераможцаў універсітэцкай алімпіяды, якая праходзіла па трох вучэбных прадметах: біялогіі, хіміі і матэматыцы. Уладальнікі дыпломаў I, II і III ступені — а такіх у ГДАУ 16 чалавек — змогуць выбраць для паступлення любую з профільных спецыяльнасцей УВА.
— Удзельнікі алімпіяды па біялогіі могуць разгледзець для паступлення спецыяльнасці аграрнага профілю і “Ветэрынарную медыцыну”, па матэматыцы — эканамічныя спецыяльнасці, у тым ліку найбольш запатрабаваныя “Менеджмент” і “Фінансы і крэдыт”, конкурсы на якія ў мінулым годзе склалі адпаведна 6,5 і 4 чалавекі на месца. А тыя, хто паспяхова прайшоў алімпіяду па хіміі, могуць паступіць на інжынерна-тэхналагічны факультэт, — патлумачыў В.Паплеўка.
Сярод удзельнікаў прафарыентацыйнай сустрэчы была вучаніца гродзенскай сярэдняй школы № 35 імя М.А.Волкава Дар’я Нікіціна. Яна стала пераможцай універсітэцкай алімпіяды па біялогіі, а таму не адчувае хваляванняў напярэдадні ўступнай кампаніі. Дзяўчына разглядае для паступлення спецыяльнасць “Вытворчасць прадукцыі жывёльнага паходжання”.
— Да ўдзелу ў алімпіядзе падышла як да яшчэ адной магчымасці праверыць свае веды паралельна з рэпетыцыйным тэсціраваннем. Вельмі рада атрыманаму выніку, — падзялілася будучая студэнтка.
Сярэдні бал па выніках першых дзвюх чвэрцяў у яе, дарэчы, каля 9,5 бала. А поспехі ў любімым прадмеце “Біялогія” Дар’я лічыць не толькі сваімі.
— Вельмі ўдзячная маме, якая яшчэ ў восьмым класе парэкамендавала выдатны дапаможнік для абітурыентаў. І ўсё ж зацікавіў прадметам мяне школьны настаўнік Яўген Аляксандравіч Ільіч. Акрамя таго, дадаткова вывучаю біялогію ў абласным эколага-біялагічным цэнтры.
Актыўнымі ўдзельнікамі дня адкрытых дзвярэй сталі таксама слухачы факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі. Сёлета такіх было каля 60 чалавек. Для паступлення яны разглядаюць спецыяльнасці эканамічнага профілю, а іх геаграфія прадстаўлена ў асноўным рознымі рэгіёнамі афрыканскага кантынента.
На пляцоўцы кожнага факультэта педагогі і студэнты расказвалі пра дасягненні і поспехі іх ячэйкі альма-матар, і ў гэтых адносінах своеасаблівым трыумфатарам быў інжынерна-тэхналагічны факультэт. На мінулым тыдні трэцякурснікі гэтага факультэта Аляксандра Саленіковіч, Дзіяна Хват і Дзмітрый Васілюк сталі пераможцамі рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі” ў намінацыі “Аграпрамысловыя тэхналогіі і фермерства”. Што цікава, на суд гледачоў і журы яны прадставілі незвычайныя чыпсы са свіных шкурак.
Многія будучыя абітурыенты на дні адкрытых дзвярэй былі з бацькамі. Прычым азнаёміцца з інфраструктурай і магчымасцямі ўніверсітэта яны прыехалі не толькі з розных рэгіёнаў Прынямоння, але і з Брэсцкай вобласці, і нават Мінска.
Адно з найбольш частых пытанняў, якія гучалі на пляцоўках усіх прадстаўленых факультэтаў, тычылася магчымасці прадастаўлення інтэрната. У гэтым пытанні ў Гродзенскім аграрным універсітэце ўсё вельмі дакладна: месца прадастаўляецца ўсім іншагароднім студэнтам з першага да апошняга курса.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара