У 2021 годзе трэцяя школа Івацэвіч далучылася да пілотнага спартыўна-масавага праекта “Хакей ідзе да дзяцей”, які ініцыіравала Федэрацыя хакея Рэспублікі Беларусь. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Як заўважыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Аксана Кікун, вопыт удзелу ў пілотным праекце стаў асновай для фарміравання эксперыментальнай адукацыйнай прасторы: “Так, у 2022/2023 навучальным годзе наша школа ў камандзе з 11 установамі адукацыі Брэсцкай вобласці была ўключана ў праект “Апрабацыя эксперыментальнай вучэбнай праграмы па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе” з варыятыўным кампанентам “Хакей” для 1—3 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі”.
Эксперыментальная дзейнасць ажыццяўляецца на базе вучэбнай праграмы, якая прадугледжвае аб’яднанне гадзін, што адводзяцца ў 1—3 класах на правядзенне ўрокаў па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе” і заняткаў “Гадзіна здароўя і спорту” і пераразмеркаванне гадзін, якія ў вучэбнай праграме па фізічнай культуры і здароўі адводзяцца на раздзел “Уменні, навыкі і спосабы дзейнасці”.
“Заняткі на лядовай пляцоўцы ў спалучэнні з фізічнымі практыкаваннямі загартоўваюць і дабратворна ўплываюць на зніжэнне захворванняў у дзяцей, павышаюць узровень устойлівасці арганізма малодшых школьнікаў да змен надвор’я і ўзровень працаздольнасці вучняў на працягу вучэбнага тыдня. Акрамя таго, навучанне хакею дзяцей малодшага школьнага ўзросту дазваляе вырашыць дзве вельмі важныя задачы: папулярызуе спорт, павышае загружанасць лядовай арэны.
Папулярызацыя спорту прадугледжвае павелічэнне набору ў спартыўныя школы для далейшага выяўлення найбольш адораных дзяцей не толькі для заняткаў хакеем, але і іншымі відамі спорту, якія патрабуюць умення трымацца на каньках.
Заняткі на лядовай пляцоўцы загартоўваюць і дабратворна ўплываюць на зніжэнне захворванняў у дзяцей.
Рэалізацыя эксперыментальнай вучэбнай праграмы прадугледжвае правядзенне для вучняў 1—2 класаў аднаго ўрока фізкультуры ў тыдзень не на лёдзе, а ў спартыўнай зале або на школьным стадыёне. А два аб’яднаныя вучэбныя заняткі праводзяцца на лёдзе. Аб’ядноўваецца адзін урок фізкультуры і гадзіна здароўя і спорту. Базай для заняткаў на лёдзе з’яўляецца мясцовая лядовая арэна.
Заняткі ў спартыўнай зале або на стадыёне праводзяць настаўнікі фізічнай культуры і здароўя, на лёдзе — трэнеры-выкладчыкі. Арганізаваны падвоз навучэнцаў на заняткі ў лядовую арэну і назад у школу. Навучэнцы забяспечаны экіпіроўкай”, — расказала Аксана Уладзіміраўна.
Для паспяховага ажыццяўлення эксперыментальнай дзейнасці ў школе сфарміравана прафесійная каманда, якая выразна разумее актуальнасць, мэтазгоднасць і значнасць эксперыментальнага праекта. Яго рэалізацыя будуецца на актыўным узаемадзеянні ўсіх удзельнікаў. У прыватнасці, настаўнікі фізічнай культуры і здароўя ўвесь час узаемадзейнічаюць з трэнерамі-выкладчыкамі. Класныя кіраўнікі праводзяць актыўную работу з законнымі прадстаўнікамі навучэнцаў, арганізоўваюць бацькоўскія сходы, кансультацыі.
Пашырэнню эксперыментальнай адукацыйнай прасторы спрыяе правядзенне класных і інфармацыйных гадзін. Праводзяцца конкурсы малюнкаў, выставы кніг, спартыўныя гадзіны, віктарыны, экскурсіі, арганізуецца прагляд відэафільмаў, мультфільмаў.
“Акрамя таго, тэматыка хакея актуальная на вучэбных і факультатыўных занятках. На ўроках па асновах бяспекі жыццядзейнасці для паўтарэння правіл тэхнікі бяспекі арганізаваны “Хвілінкі бяспекі на лёдзе”.
Прыём “Слоўнічак хакеіста” на ўроках рускай мовы дапамагае азнаёміць дзяцей з хакейнай тэрміналогіяй, навучыцца правільна пісаць тэрміны. Урок матэматыкі не абыходзіцца без рашэння практыка-арыентаваных задач. Навучэнцы з задавальненнем рашаюць задачы пра шайбы, шлемы, пальчаткі, канькі. На ўроках літаратурнага чытання арганізаваны “Хвілінкі спорту”, на працягу якіх дзеці чытаюць тэксты аб відах спорту, спартсменах, знаёмяцца са спартыўнымі навінамі”, — адзначыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце.
Цяпер у школе ідзе збор і аналіз інфармацыі аб ходзе першага года эксперымента, але ўжо можна гаварыць пра некаторыя яго вынікі: акрамя высокай зацікаўленасці як з боку дзяцей, так і дарослых (якія, дарэчы, таксама пачалі станавіцца на канькі), намецілася тэндэнцыя павелічэння колькасці юных хакеістак.
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота з сайта pixabay.com выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі