Харчаванне ў прышкольным лагеры: чым так смачна кормяць?

- 10:12Новости

На Гомельшчыне абмеркавалі прынцыпы арганізацыі харчавання дзяцей у аздараўленчых лагерах дзённага знаходжання, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Прышкольныя лагеры гатовы да летняга сезона. Як і ў вучэбны час, ва ўстановах адукацыі Гомельскай вобласці прыкладаюць усе намаганні для таго, каб дзеці харчаваліся правільна, збалансавана, якасна і смачна. Для іх арганізавана трохразовае харчаванне (снеданне, абед і падвячорак), меню складаецца з улікам узроставых патрэб растучых арганізмаў. Школьныя сталовыя зараз больш нагадваюць абе­дзенную залу санаторыя. Напрыклад, у сярэдняй школе № 27 Гомеля ўтульную атмасферу для дзяцей ствараюць прыветлівыя кухары, якія абавязкова пажадаюць дзецям “смачна есці!”, тут балуюць хлопчыкаў і дзяўчынак не толькі ўпадабанымі стравамі, але і прыгожай сервіроўкай стала.

— Пачалася летняя пара. Шэраг устаноў адукацыі Гомеля, Кармянскага, Чачэрскага, Акцябрскага, Веткаўскага, Буда-Кашалёўскага, Рагачоўскага, Добрушскага раёнаў трапілі пад маніторынг арганізацыі харчавання ў прышкольных лагерах і рэжыму работы, — адзначыла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Алена Кавалёва. — У самым пачатку летняй аздараўленчай кампаніі мэтазгодна абмеркаваць вынікі праверак і тыя пытанні, на якія варта звяр­нуць увагу. Дастойны ўзровень арганізацыі прышкольных лагераў можна адзна­чыць у гомельскай сярэдняй школе № 27. Кіраўнік і педагогі ўстановы адукацыі ствараюць усе ўмовы для актыўнага адпачынку дзяцей, робяць яго не толькі цікавым, бяспечным, але і па-сапраўднаму аздараўленчым. Правільнае харчаванне — залог здароўя растучага арганізма. Арганізацыя харчавання тут на асаблівым рахунку, і дзеці гэта адчуваюць, пакідаючы пасля абеду камплімент кухарам — чыстыя талеркі.

Па словах намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 27 Аксаны Зубаравай, у Школе міру ў першую змену летняй аздараўленчай кампаніі дзейнічаюць тры лагеры, таксама на базе ўстановы арганізавана харчаванне для 125 выхаванцаў спартыўнага лагера і для прышкольнага лагера гімназіі № 56 Гомеля.

— Што згатаваць, каб дзеці сапраўды елі з апетытам і атрымлівалі ўсе неабходныя рэчывы і вітаміны? Мы сур’ёзна задаліся гэтым пытаннем і прапрацавалі яго, — гаворыць Аксана Рыгораўна. — На гэтую аздараўленчую змену камбінат школьнага харчавання ўключыў фірменныя стравы і з інфармацыйнага зборніка, які знаходзіцца на сайце Міністэрства адукацыі Беларусі, з прадстаўленых 345 выбралі 17: мясныя стравы, салаты, напіткі. У меню прышкольных лагераў уключылі фірменныя стравы. А каб даведацца, ці падабаецца дзецям ежа, штодзень право­дзім анкетаванне, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі разам з бацькамі ў Googlе-форме адзначаюць, ці спадабаліся снеданне, абед, ці патрабуюцца паляпшэнні. Па выніках бачны перавагі дзяцей. Вядома, па ўзгадненні з камбінатам школьнага харчавання і цэнтрам гігіены ўносім змяненні ў меню і замяняем нелюбімыя пазіцыі на тыя, якія карыстаюцца ў школьнікаў большай папулярнасцю. У гэты летні аздараўленчы сезон право­дзім мерапрыемствы, накіраваныя на культуру і прапаганду здаровага харчавання. Дзецям спадабалася акцыя “Гатую дома любімую страву са школьнага меню”. Паступова папаўняем кнігу “Рэцэпты нашых страў” новымі здымкамі з кароткім апісаннем складу, а самых актыўных удзельнікаў узнагароджваем. Гэта садзейнічае не толькі ўмацаванню дзіцячага арганізма, але і фарміраванню ў школьнікаў усвядомленага стаўлення да здаровага харчавання.

Падчас пасяджэння метадыст Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Тамара Карніцкая звярнула ўвагу на строгае выкананне санітарных норм і правіл у аздараўленчых лагерах. Агучыла і тое, на што трэба звярнуць увагу: санітарны стан і тэхнічнае аснашчэнне харчаблокаў, выкананне патрабаванняў да выдачы страў, тэрміны іх рэалізацыі, таварнае суседства, якасць і бяспека харчовых прадуктаў, выкарыстанне тэхналагічнага абсталявання. І нагадала, што пытанні якасці і арганізацыі харчавання дзяцей, умовы выканання рэжыму дзейнасці аздараўленчых устаноў знаходзяцца на пільным кантролі спецыялістаў.

Свой ураджай

Кіраўнікі аддзелаў адукацыі Рагачоўскага і Чачэрскага райвыканкамаў па­дзяліліся вопытам арганізацыі школьнага харчавання, а таксама другаснай занятасці дзяцей на прышкольных участках.

Размах і вынік праведзенай работы, які дазваляе зрабіць таннейшым школьнае харчаванне ў навучальным годзе, сапраўды ўражвае.

— У раёне праведзена вялікая работа ў гэтым напрамку, умацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база, набыта халадзільнае і тэхналагічнае абсталяванне, выпрацаваны алгарытм давядзення да супрацоўнікаў усіх правіл, норм і прынцыпаў арганізацыі харчавання, дзеці харчуюцца смачна і разнастайна, — падкрэсліла начальнік аддзела адукацыі Рагачоўскага райвыканкама Алена Клачкова. — Напрыклад, калектыў сярэдняй школы № 4 Рагачова імя У.С.Вялічкі рэалізуе праект “Беларускія прысмакі”. Гатуюцца беларуская ватрушка, беларускія нагетсы, салат “Пралеска”, бульбяная бабка са свінінай і смятанай. Кожны чацвер ва ўстанове праводзяцца дні беларускай кухні. Нашы выхаванцы, бачачы разнастайнае меню, разумеюць, што беларуская кухня лепшая. У самай вялікай школе раёна — сярэдняй школе № 5 — арганізавана работа бацькоўскага ўніверсітэта. Мамы і таты знаёмяцца з тэхналогіяй вытворчасці страў, ведаюць, што іх дзеці ядуць у школе, дэгустуюць і выбіраюць упадабаныя. У летні перыяд харчаванне ў аздараўленчых лагерах ажыццяўляецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі, праводзіцца вытворчы і лабараторны кантроль якасці і бяспекі харчавання, у рацыён уключана 21 новая страва.

Установамі адукацыі Рагачоўскага раёна праводзіцца работа па рэалізацыі мерапрыемстваў, накіраваных на патанненне харчавання навучэнцаў. Так, выкарыстоўваецца сельскагаспадарчая прадукцыя, вырашчаная на прышкольных участках: гэта агуркі, перцы, таматы. Акрамя таго, на тэрыторыі ўстаноў растуць 762 пладовыя дрэвы і 697 ягадных кустоў.

Аналіз загатаванай сельгаспрадукцыі паказаў стабільны высокі вынік, эканомія грашовых сродкаў за кошт выкарыстання загатаванай садавінна-­агародніннай прадукцыі дазволіла зрабіць харчаванне таннейшым. Лідар у гэтым напрамку — Гарадзецкая спецыяльная школа-інтэрнат. На школьным участку плошчай 1,3 гектара абсталяваны два парнікі і дзве цяпліцы. У мінулым годзе тут удалося нарыхтаваць па 40 кг таматаў і агуркоў, 5000 кг бульбы, 1700 кг капусты, 400 кг цыбулі, 900 кг морквы, 500 кг буракоў. Багаты ўра­джай з радасцю раздзялілі з установамі адукацыі, размешчанымі на тэрыторыі сельскага населенага пункта.

У Чачэрскім раёне таксама адзначаны вопыт па вядзенні прышкольных участкаў, на якіх вырошчваюцца пладова-ягадныя культуры, зеляніна, расада агародніны і кветак. Дарэчы, Залескай сярэдняй школе няма роўных, яна славіцца не толькі на Гомельшчыне, але і ў рэспубліцы. Тут назапашаны багаты вопыт догляду пладовых і ягадных культур. Асаблівую актыўнасць на тэрыторыі школы праяўля­юць навучэнцы сельскагаспадарчых класаў. Вырашчаныя ягады, садавіну і агародніну школа выгадна рэалізуе праз уласную гандлёвую пляцоўку або на кірмашах. Заробленыя грошы ідуць на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы і на патанненне харчавання. А яшчэ ў раёне практыкуецца догляд пладова-­ягадных насаджэнняў, пасаджаны 470 саджанцаў маладых яблынь, якія неўзабаве парадуюць салодкімі пладамі. Патанненне харчавання таксама адбываецца дзякуючы праекту па вырошчванні буракоў.

— Плануем сабраць тры тоны буракоў у сельскіх школах. Вырашчаны ўраджай дазволіць забяспечыць агароднінай мясцовыя ўстановы адукацыі на ўвесь год. Правільна арганізаваная работа на прышкольным участку — гэта вопыт, фарміраванне павагі да працы, выхаванне ініцыятыўных і прадпрымальных людзей, гэта шлях да прафесій, запатрабаваных у раёне, гэта крок да адраджэння папулярнасці сельскай працы, — падсумавала начальнік аддзела адукацыі Чачэрскага райвыканкама Ала Гулевіч.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара