ХІ з’езд Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі прайшоў у сталіцы. У Палацы культуры прафсаюзаў сабраліся больш як 350 прафсаюзных лідараў, каб падвесці вынікі пройдзенай пяцігодкі і агучыць планы на будучую. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Сярод ганаровых гасцей з’езда — старшыня ФПБ Юрый Сянько, міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэй Іванец, старшыня Міжнароднага аб’яднання прафсаюзаў адукацыі і навукі Галіна Мяркулава, старшыня Рэспубліканскага савета рэктараў Вадзім Богуш.
У сталічным Палацы культуры прафсаюзаў было цёпла ад сяброўскіх усмешак і шчырых вітанняў. І гэта не выпадкова, бо Беларускі прафесійны саюз работнікаў адукацыі і навукі — сапраўдная дружная сям’я. На сёння прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі — гэта найбуйнейшая галіновая прафсаюзная арганізацыя нашай краіны з колькасцю звыш 571 тысячы чалавек. Тут добра разумеюць: галоўны рэсурс любой сістэмы і любой арганізацыі — людзі. Варта адзначыць, што па выніках справаздачна-выбарнай кампаніі, якая праходзіла з пачатку бягучага года, кадравы склад прафсаюзных лідараў абнавіўся практычна на чвэрць, у прафсаюзную работу прыйшло шмат маладых, ініцыятыўных, актыўных людзей.
Павага да чалавека працы, падтрымка яго інтарэсаў, абарона правоў, клопат пра яго жыццё, здароўе і дабрабыт — асноўныя мэты работы галіновага прафсаюза. Па словах старшыні Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяны Якубовіч, захоўваючы традыцыі, прафсаюз на пастаяннай аснове працуе па наступных напрамках: прававая і сацыяльна-эканамічная абарона работнікаў сістэмы адукацыі, нарматворчасць, удасканаленне сістэмы прымянення кантрактнай формы найму, павышэнне заработнай платы, развіццё міжнароднага супрацоўніцтва, работа ў рамках маладзёжнай палітыкі дзяржавы і рэалізацыі рэспубліканскіх праектаў і акцый.
— Сёння мы падвядзём вынікі за пяцігодку, але нязменная задача, што стаіць перад намі, — захоўваць якасны рух наперад на карысць работнікаў сістэмы адукацыі і навукі. Разам мы зможам дасягнуць яшчэ большых вышынь, пераадолець любыя перашкоды і працягнуць удасканальваць сістэму адукацыі і навукі, — адзначыла на адкрыцці з’езда Таццяна Раманаўна.
Па словах старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрыя Сянько, важна памятаць, што членамі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі з’яўляецца большасць студэнцкай і навучэнскай моладзі. Гэта асаблівая катэгорыя людзей, якая патрабуе павышанай увагі і новых падыходаў у рабоце, блізкіх моладзі.
Юрый Сянько высока ацаніў работу галіновага прафсаюза за пяцігодку ў напрамку павышэння зарплаты педагагічных работнікаў, а таксама ўдасканаленне прымянення кантрактнай формы найму. Старшыня ФПБ заклікаў прафсаюзных лідараў звяртаць увагу на сітуацыю ў працоўных калектывах, на праблемныя пытанні, якія патрабуюць неадкладнага вырашэння.
Адно з такіх пытанняў — прадастаўленне жылля маладым спецыялістам і сем’ям педагогаў. На жнівеньскай нарадзе кіраўніком дзяржавы было заяўлена аб неабходнасці мэтавай праграмы будаўніцтва жылля для работнікаў сацыяльнай сферы ва ўсіх рэгіёнах. Як паведаміла Таццяна Якубовіч, ужо сёння ёсць станоўчы вынік. У вёсцы Ляскоўка Мінскага раёна 40 сем’яў атрымалі ключы ў першым доме для настаўнікаў, у тым ліку 5 маладых педагогаў-мэтавікаў, 3 мнагадзетныя сям’і і 2 сям’і, дзе муж і жонка працуюць у адной установе адукацыі. У наступным годзе плануецца пачаць будаўніцтва такога дома для педагогаў Брэста.
За шматгадовую плённую работу, супрацоўніцтва з Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі, высокі прафесіяналізм граматай ФПБ узнагароджаны намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Руды.
“Наш з’езд праходзіць напярэдадні аднаго з найважнейшых грамадска-палітычных мерапрыемстваў — выбараў Прэзідэнта Беларусі, якія адбудуцца 26 студзеня 2025 года. Упэўнены, што сістэма адукацыі з’яўлялася, з’яўляецца і будзе з’яўляцца магутным падмуркам падтрымкі дзяржаўнасці і той палітыкі, якую праводзіць наш Прэзідэнт. Гэта вельмі важна, таму што сёння палітыка, якую праводзіць дзяржава на чале з Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам, поўнасцю адпавядае задачам, якія стаяць перад прафсаюзам, і ў цэнтры нашай увагі заўсёды знаходзіцца чалавек, — падкрэсліў, звяртаючыся да дэпутатаў з’езда, міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванец. — Сумесна з галіновым прафсаюзам Міністэрствам адукацыі праводзіцца вельмі сур’ёзная работа, каб забяспечыць прыток маладых спецыялістаў у сістэму адукацыі, станаўленне спецыялістаў, а таксама работа па заахвочванні заслужаных работнікаў, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё сістэмы адукацыі краіны. Уся наша работа накіравана на самае галоўнае — выхаванне і навучанне моладзі. Як гаварыў Прэзідэнт, адукацыя з’яўляецца фундаментам грамадства і пропускам нацыі ў яе будучыню”.
На з’ездзе дэлегаты падвялі вынікі дзейнасці па прававой абароне работнікаў сістэмы адукацыі краіны за пяцігодку, удасканаленні сістэмы прымянення кантрактнай формы найму, механізмаў павышэння заработнай платы, а таксама абмеркавалі змяненні, унесеныя ў заканадаўства, развіццё міжнароднага супрацоўніцтва і г.д. Асаблівая ўвага дэлегатаў з’езда была ўдзелена моладзі, у прыватнасці рэалізацыі маладзёжных ініцыятыў і прафесійнаму развіццю маладых спецыялістаў.
Наталля КАСТЭНКА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА