Хіміка-біялагічны, фізіка-матэматычны класы, навучанне кітайскай мове: чым яшчэ будзе адметная новая школа ў Фаніпалі

- 10:10Новости

На Міншчыне з 1 верасня пачнуць працаваць тры новыя ўстановы адукацыі — бараўлянская сярэдняя школа № 4, фаніпальская сярэдняя школа № 2 і дзіцячы сад — пачатковая школа ў Слуцку. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Неабходнасць пабудаваць новыя ўстановы адукацыі і ў Бараўлянах, і ў Фаніпалі з’явілася даўно: у абодвух населеных пунктах школы перагружаны.

— У Дзень ведаў за школьныя парты ў бараўлянскай сярэдняй школе № 4 сядуць 1020 навучэнцаў, а ў фаніпальскай сярэдняй школе № 2 — 1050 дзяцей, — расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Мікалай Башко. — У Бараўлянах школа будуецца за кошт Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта.

Бараўлянская сярэдняя школа № 4 складаецца з чатырох зон і падзелена на некалькі блокаў. Прасторная сталовая на 350 месцаў, вітамінавы бар, сучасныя бібліятэка і фізкультурна-­аздараўленчы комплекс з гульнявой і трэнажорнай заламі — усё гэта будзе даступна для школьнікаў. Адметным ва ўстанове адукацыі атрымаўся і школьны стадыён. Ён уяўляе сабой комплекс з 10 пляцовак, сярод якіх 3 валейбольныя, 2 баскетбольныя, 2 для заняткаў на трэнажорах, стадыён, універсальная пляцоўка для хакея, футбольнае поле і бегавая дарожка.

Сярэдняя школа № 2 Фаніпаля — гэта сучасная ўстанова адукацыі, якая складаецца з трох блокаў, кожны з якіх мае сваё напаўненне. Так, на першым паверсе ў блоку А размешчана сталовая на 340 пасадачных месцаў і фітабар, музей, бібліятэка і тры вялікія кніга­сховішчы. У школе ёсць дзве чытальныя залы, ізаляваныя гуканепранікальныя кабінкі для чытання. На другім паверсе ўстановы адукацыі размясціліся дзве спартыўныя, а таксама гімнастычная, трэнажорная і харэаграфічная залы. Акрамя гэтага, у сярэдняй школе № 2 Фаніпаля ёсць цір, а гардэробы будуць працаваць па электронным доступе, які дае вучнёўская картка.

У блоку Б размяшчаецца пачатковая школа. Яе адмет­насць — зручныя памяшканні са спальнымі месцамі для групы, утульныя лакацыі з гульнявымі зонамі і месцы для фізічных актыўнасцей малышоў. Трэці блок В прызначаны для навучэнцаў сярэдняга і старшага звяна.

— Школа ў Фаніпалі аснашчана басейнам, на вуліцы знаходзяцца хакейная каробка, стадыён, — адзначыў Мікалай Мікалаевіч. — Сучасным абсталяваннем напоўнены ў тым ліку ўсе вучэбныя кабінеты. Школа валодае безбар’ерным асяроддзем, што вельмі важна, бо тут будуць вучыцца дзеці з асаб­лівасцямі развіцця. У іх бу­дзе магчы­масць перамяшчэння, створаны ўмовы для карыстання басейнам.

З новага навучальнага года ў сярэдняй школе № 2 Фаніпаля адкрыюцца профільныя хіміка-біялагічны і фізіка-матэматычны класы, пачнецца навучанне кітайскай мове.

— Акрамя гэтых школ, да 1 верасня запланаваны ўвод у эксплуатацыю дзіцячага сада — пачатковай школы на 471 месца ў Слуцку, — дадаў Мікалай Башко.

Чакаецца, што ва ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі ў новым навучальным го­дзе сядуць за парты каля 166 600 дзяцей, прыйдзе больш як 16 100 першакласнікаў. З 1 верасня на Міншчыне працягнуць работу 1006 устаноў адукацыі: 450 устаноў дашкольнай, 502 установы агульнай сярэдняй адукацыі, 24 каледжы, 30 устаноў спецыяльнай адукацыі, у тым ліку 3 установы прыватнай формы ўласнасці.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі