Хочаце пачуць, як іграе ўнікальны робааркестр з чамаданчыка? Зазірніце ў 2-ю дубровенскую школу!

- 12:00Видеосюжет, Новости

Выхаванцы Вікторыі Карнеевай, якая выкладае інфарматыку ў 2-­й дубровенскай сярэдняй школе імя Юрыя Смірнова і вядзе там дадатковыя заняткі, навучылі сем робатаў разам і суладна іграць музычныя творы. У рэпертуары ўжо ёсць розныя мелодыі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Прадстаўляў праект на сустрэчы з крэатыўнай камандай Вікторыі Карнее­вай яе вучань Назар Зазыба. Ён працаваў разам са старэйшымі хлопцамі, сёння ўжо студэнтамі, калі ў аркестр гэты, вобразна кажучы, падбіралі першых музыкантаў.

Назар, каб паказаць мне, што ўсе робаты размешчаны аўтаномна, паміж сабой не злучаны ніякімі электрашнурамі, аднаго бярэ на рукі. Яму стваральнікі даверылі быць у ансамблі лыжачнікам. На відэа можна разгледзець, як робат гэты дзвюма драўлянымі лыжкамі спраўна выбівае такт — у адпаведнасці з праграмай, якая закладзена стваральнікамі.

“Гэта наш дубровенскі чамаданны аркестр, — тлума­чыць Назар Зазыба. — Робаты працуюць з музычнымі інструментамі, іграюць розныя мелодыі. Усяго іх у рэпертуары сем. Якую сыграць у чарговы раз, дае каманду робат-дырыжор. А перад гэтым ён распазнае, бо мае спецыяльны датчык, колер карткі, якую мы яму паказваем. Вось так… Бачыце: назва заказанай мелодыі выводзіцца на экран мікракантролера. Далей запускаеш працэс — і адпачываеш, слухаеш аркестр, які цалкам аўтаномны. Нічога не трэба падключаць-пераключаць, праг­рамаваць. Ужо дырыжор праз сістэму Wi-Fi перадае каманды аркестрантам: каму, калі, як сваю партыю выконваць. У аднаго, тут бачна, прымацавана трашчотка, другі — спецыя­ліст па цымбалах, трэці іграе на ксілафоне, а той — на ўдарных… Вось, усё гатова. Можна пачынаць? Засталося націснуць цэнтральную кнопку”.

Пакуль яе Назар не націснуў, спяшаюся ўдакладніць: “А калі дзіця, напрыклад, захоча па ходзе канцэрта па ксілафоне таксама пастукаць — адрэагуе дырыжор? Памахае на яго палачкай?”

“Не, гэта ў праграме не зак­ладзена, — усміхаецца Назар. — Увогуле, няма сцэнарыя, калі пойдзе нешта не так. І ў прынцыпе робаты памыляюцца менш за жывых музыкантаў. Шанс памыліцца ў сваёй партыі мінімальны. Хіба што ў праграму закралася памылка. Да таго ж нашы музыканты не стамляюцца. Батарэі могуць падсесці — тады зарадку падключаем, і пры гэтым яны прадаўжаюць іграць”.

Людзям, жартуем, складана іграць на музычных інструментах, перакусваючы. І нотную грамату робатам ведаць не трэба. Ці трэба?.. Назар тлума­чыць: “Усё ў праг­раме. Да таго ж як у класічных аркестрах, так і ў нашага ёсць два, скажам так, рэпертуарныя блокі. Можна паслухаць народныя мелодыі, а можна і новую музыку — мы так яе для зручнасці назвалі”.

 

Калі прыгледзіцеся, на відэазапісе ўбачыце побач з робатамі, якія іграюць, і постары. Яны на стол невыпадкова трапілі. Постары з’явіліся ў школе мінулым летам, калі дубровенскі робааркестрык рыхтаваліся прадставіць на фестывалі навукі ў Мінску. Тады стваральнікі аркестра праграмавалі новыя мелодыі. Зрабілі нават плэй-ліст. Заўважым, што першыя чатыры мелодыі праграмавалі старэйшыя школьнікі, ужо выпускнікі. З аранжыроўкай дапамагла настаўніца музыкі Марына Міхайлаўна Гурская. Між тым і сам Назар Зазыба трапіў невыпадкова ў гэты крэатыўны праект: ён сем гадоў вучыўся ў музычнай школе. Займаўся па класе гітары, асвойваў музычную літаратуру і сальфеджыа. Дарэчы, вучыўся паспяхова, музычную школу скончыў на адны дзявяткі — па ўсіх прадметах. Так што веды і музычны вопыт спатрэбіліся ў гэтым праекце. Калі хлопцы рыхтаваліся да фэсту, то ў іх быў куратар-­аранжыроўшчык, яго арганізатары параілі. Ён дапамагаў, а яны праграмавалі.

І вось цяпер, пасля змястоўнага канферансу ад аднаго з таленавітых стваральнікаў аркестра, давайце акунёмся ў музыку. Будзем слухаць мелодыю, стылізаваную пад народную. Гэта, можа, хто і раней чуў, робаверсія песні “Еду я дадому — у Дуброўна”. У інтэрнэце ёсць відэазапісы і пад больш кароткай назвай “Еду я дадому”. Твор Віталя Карпанава з рэпертуару вядомага гурта “Дразды”, якім ён кіруе. Песня, як казаў Назар Зазыба, “прысвячаецца нашаму роднаму гораду, бо з нашага раёна і ў Віталя радавыя карані. Таму ён і напісаў такія прыгожыя словы, прыгожую музыку”.

Патрыятычна, шаноўныя сяб­ры! Ствараючы робатаў, дбаючы пра будучыню, варта не забывацца і пра родныя карані, за іх трымацца, даніну павагі народнай культуры аддаваць. Дарэчы, сама Вікторыя Карнеева па першай адукацыі настаўніца беларускай мовы і літаратуры: спачатку з чырвоным дыпломам скончыла Горацкае педвучылішча, а потым — Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Прыемна ўсведамляць, што і ў бяздушных запраграмаваных робатаў з дубровенскага чароўнага чамаданчыка ёсць такі непаўторны нацыянальны каларыт. А зна­чыць, правільныя, разумныя праграмы закладваюць робатам юныя стваральнікі. Напэўна, і ўсе тыя, хто працуе з выхаванцамі, чуйна і адэкватна ўспрымаюць рытмы нашага часу. Таму і ёсць стваральная зладжа­насць як у вялікім педагагічным аркестры, так і ў невялічкім робааркестрыку з 2-й дубровенскай школы.

Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара